Колькі нот непаўторных у іх галасах!
Нумар - №201-202 Рубрыка - Культура
18.10.2011

У Старасвержанскім цэнтры культуры ўрачыста адсвяткавана 85-годдзе самабытнага мастацкага калектыву нашага раёна - народнага хору "Нёман".
У многіх, пэўна ж, узнікла жаданне палічыць: калі ж зарадзіўся гэты песенны калектыў? І з яшчэ большай цікаўнасцю даведацца, хто ж стаяў ля вытокаў хору ў далёкім 1916 годзе? Захаваліся архіўныя матэрыялы, якія засвядчаюць, што ў гэтым годзе ў вёсцы Стары Свержань быў раскватараваны ІІІ Сібірскі кавалерыйскі полк. Салдаты стварылі гурток мастацкай самадзейнасці, у якім спявала і мясцовая моладзь.
У адзіны мастацкі калектыў аматараў песні сабраў у 1926 годзе стара-свержанскі селянін Міхась Гарановіч. Сам ён выдатна спяваў, цаніў беларускую культуру, добра валодаў сакавітай беларускай мовай. Пра Старасвержанскі хор таго часу ўзгадвае нават добры знаўца песеннай культуры Рыгор Шырма. Росквіт харавога калектыву прыпадае на канец 30-х гадоў пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі. Частыя былі вечары мастацкай самадзейнасці. Апошнім акордам канцэртнай праграмы абавязкова была песня "Кацюша". Дзейнасць хору перарвала Вялікая Айчынная вайна. Калектыў аднавіўся ў пасляваенны час стараннямі дырэктара мясцовай школы Уладзіміра Хмяльніцкага і камсамольскага лідара Фамы Бялькевіча. Падтрымаў калектыў старшыня калгаса Іван Балашоў. І на адкрыцці Ператоцкага клуба ў 1959 годзе хор пад кіраўніцтвам Людмілы Далідовіч выступіў з вялікай канцэртнай праграмай. Па-ранейшаму, асноўны рэпертуар яго складалі беларускія, рускія, украінскія песні.
У летапіс знакамітага мастацкага калектыву ўпісаў свой радок выкладчык Стаўбцоўскай музычнай школы Яўген Лапцеў, які ўзначаліў хор у 1962 годзе. У гэты час за ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці хор "Нёман" узнагароджаны граматай абласнога ўпраўлення культуры.
Перыяд уздыму калектыў перажыў, пачынаючы з 1967 года, калі яго ўзначаліў выкладчык Стаўбцоўскай музычнай школы Яўген Драбышэўскі. Акампаніятарам калектыву быў Анатоль Шалькевіч, выкладчык Старасвержанскай школы мастацтваў. Разам з мужам свой арганізатарскі і пеўчы талент аддавала самадзейнаму калектыву Вольга Шалькевіч.
У 1975 годзе хор "Нёман" узначаліў музычна адораны чалавек Віктар Бабачкін. У ліку кіраўнікоў мастацкага калектыву значыцца імя Іны Пугач, ад якой прыняла хор у 2009 годзе сённяшні кіраўнік Вольга Шыбко. І гэтая эстафета кіраўніцтва старадаўнім калектывам перадаецца новым кіраўнікам. Кожны з іх меў вялікую адказнасць захаваць калектыў, прыўнесці новыя ноткі творчасці, напісаць свой яркі радок у летапіс хору "Нёман". Сёння ў хоры спяваюць мясцовыя работнікі культуры на чале з дырэктарам Старасвержанскага цэнтра культуры Валерыем Пугачам, творчая інтэлігенцыя з ліку настаўнікаў мясцовай школы, працаўнікі сельскагаспадарчага таварыства "Агранёманскі", у яго складзе ёсць і стаўбчане. Акампаніятарамі хору з'яўляюцца Мікалай Булаш і Дзмітрый Слесарчык.
Прыемным момантам урачыстасці быў выхад па запрашэнні вядучай на святочную сцэну тых людзей, хто стаяў ля вытокаў калектыву, хто быў удзельнікам калектыву 10, 20, 30 гадоў назад. Арганізатары свята налічылі каля 30 чалавек. Сярод іх ёсць саліст, які спяваў у першым складзе хору. Гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Міхайлавіч Глуховіч. На памяць аб юбілейнай урачыстасці ўсім былі ўручаны падарункі і кветкі. Ад імя ветэранаў хору слова ўзяў Анатоль Шалькевіч.
Павіншаваць знакаміты мастацкі калектыў з юбілейнай урачыстасцю падымаліся на сцэну намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, дырэктар абласнога Цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяховіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама Алена Суднік, дырэктар раённага Цэнтра культуры Галіна Азановіч, начальнік РБУ Пётр Вецяневіч і галоўны бухгалтар гэтай арганізацыі Эла Гацкая, дырэктар стаўбцоўскага мясакамбіната Рамуальда Бурдукевіч, начальнік стаўбцоўскіх электрычных сетак Уладзімір Рублеўскі і старшыня прафкама Часлаў Бычынскі, старшыня ААТ "Агранёманскі" Іосіф Меляшкевіч, старшыня Залужскага сельвыканкама Анатоль Драбовіч, дырэктар Старасвержанскай сярэдняй школы Ніна Аляшкевіч, прэзідэнт нямецкага дабрачыннага фонду "Дапамога пацярпелым дзецям" доктар Ханс Вернер Мёрс і кіраўнік беларускага аддзялення гэтага фонду Зінаіда Катлашэўская, дырэктар Стаўбцоўскай школы мастацтваў Тамара Барэхава са сваім народным вакальным калектывам "Берагіня", узорны харэаграфічны ансамбль "Лявоначкі".
У знак таго, што раённы выканаўчы камітэт падтрымлівае самабытную творчасць у раёне, вітае мастацкія калектывы, якія маюць званне, пацвярджаюць яго і славяць Стаўбцоўшчыну сваімі талентамі, ад райвыканкама народны хор "Нёман" атрымаў у падарунак новыя сцэнічныя касцюмы. Мясцовае сельскагаспадарчае таварыства "Агранёманскі" падарыла мясцоваму хору новы баян. На адрас калектыву гучала шмат пажаданняў, у ліку іх і такое, каб калектыў прыняў у свой склад ветэранаў самабытнага хору, хто мае жаданне працягваць спяваць на сцэне. Пажадаем і мы народнаму хору "Нёман" новых творчых вышынь, заставацца маладым, нягледзячы на свой узрост. Менавіта ўзрост і ўпрыгожвае гэты адметны народны калектыў Стаўбцоўшчыны. Народны хор "Нёман" быў запрошаны прыняць удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі", які прайшоў нядаўна ў Маладзечне. Чакаюць самадзейных артыстаў і іншыя гастролі.
Фота А. ПЯТРОВА






