Рэзерв мужнасці
Нумар - №201-202 Рубрыка - Спорт
18.10.2011

Лесапаркавая зона вакол сталічнага алімпійскага спорткомплексу. Знаёмая траса, на якую выйшлі ўдзельнікі лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты "Мінская праўда". Толькі вось надвор'е не надта спрыяла: дождж, моцны вецер. Што ж, адзнака пераможцам і за вытрымку, спартыўную мужнасць.
Каманду Стаўбцоўшчыны на гэты раз прадстаўлялі юні-ёры, якія адкрывалі забегі. Вельмі прыемна, што пераможны тон задаў выхаванец Дзераўнянскай ДЮСШ Арцём Бурдукевіч. Займаецца ён цяпер у Плешчаніцкім вучылішчы алім-пійскага рэзерву і марыць звязаць сваё жыццё са спортам.
У напружанай барацьбе з Геворгам Аўсяпянам, які прадстаўляў Старадарожскі раён, і Уладзіславам Сычовым з Маладзечанскага раёна перамог Арцём Бурдукевіч. Яго вынік на трохкіламетровай трасе - 9 хвілін 45 секунд - асабліва значны, бо паказаны ў няпростых умовах.
- У гэтых спаборніцтвах удзельнічаю ўжо пяты раз, - сказаў лаўрэат у інтэрв'ю карэспандэнтам. - Адзін раз быў прызёрам, але ў асноўным займаў чацвёртыя месцы. Практычна ўсю дыстанцыю лідзіраваў сапернік, які ў выніку заняў другое месца, але на апошняй палове круга зразумеў, што магу выйграць, у мяне быццам адкрылася другое дыханне. У цэлым беглася добра. Дождж, вядома, перашкаджаў, але ж усе знаходзіліся ў роўных умовах.
У дзяўчат у гэтай жа ўзроставай катэгорыі 16-17-гадовых у саперніцтве з прадстаўніцамі Маладзечанскага раёна Таццянай Гулецкай і Веранікай Валковіч трэцяе месца дасталася Настассі Чарнец. Вынікі Насці, якая брала першыя ўрокі майстэрства ў настаўніцы фізкультуры Тонаўскай СШ Марыі Садоўскай, растуць. І яна таксама наша спартыўная надзея.
Заліковыя ачкі ў камандную скарбонку прынеслі Дзмітрый Казацкі, Павел Кухарчык, Дзмітрый Віндзігульскі, Настасся Шкут, Андрэй Бурдукевіч, Аксана Нягоцька, Кацярына Тарасевіч.
Рыхтаваў калектыў да спаборніцтваў дырэктар Дзераўнянскай ДЮСШ Антон Бурак.






