мобильная версия
Прамень

Апошні крок – ён цяжкі самы

Нумар - №203-205    Рубрыка - Спорт

21.10.2011

Фотография 1

Як хутка мінула лета, так і праімчаўся футбольны сезон. Дакладней, ён заканчваецца, і восень, як усюды вядзецца, падрахункоўвае здабыткі. У даным выпадку, "ураджай" з футбольных палёў. Для нашай каманды "Нёман-Агра", яе шматлікіх прыхільнікаў невядомае пакуль адно: золата ці серабро? Ці прадоўжыцца для чэмпіёнаў Мінскай вобласці 2010 года права на такі ж тытул і па выніках года 2011-га?

Адказ будзе дадзены сёння. Згодна з футбольным раскладам, на стадыёне ва Уздзе мясцовая "Беліта-Вітэкс" прыме стаўбчан. Патрэбна перамога, толькі яна гарантуе нашаму калектыву захаванне ганаровага звання.

Апошні крок будзе вельмі складаным. Можна не сумнявацца, што ўздзенцы будуць стаяць да апошняга. Перш за ўсё, яны самі пакуль не гарантавалі сабе трэцяга прызавога месца, іх сур'ёзна, так бы мовіць, падпірае і можа апярэдзіць "Жодзіна-2007". Памятаецца суседзям і нанесеная крыўда. Менавіта яны ўзначальвалі турнірную табліцу перад фінішам першага круга. Аднак у Дзераўной гасцей чакаў непрыемны сюрпрыз. Наша каманда нанесла ім разгромнае паражэнне - 5:1. Аплявуха выйшла балючай - уздзенцы пацярпелі яшчэ некалькі няўдач, і практычна выбылі з гонкі за чэмпіёнства.

І засталіся толькі два прэтэндэнты - "Іслач" і "Нёман-Агра". Каманды ідуць практычна нага ў нагу. Нашы толькі на адно ачко апярэджваюць саперніка, літаральна на адзін крок. І сінхронна плюсуюць перамогі пасля кожнага праведзенага тура першынства Міншчыны. Футбалісты з Мінскага раёна паспяваюць яшчэ ўдзельнічаць і ў кубкавым турніры, дзе таксама маюць поспех. Сапернік моцны, дастойны, тым больш важкай была б выніковая "вікторыя".

Гэта ўсё ў чаканні зыходу апошняй сустрэчы. А перадапошняй для стаўбчан была гульня з мар'інагорскай "Зоркай". Тут усё адбылося па чаканым і жаданым сцэнарыі. Сумненняў у нашай перавазе не ўзнікала. Павел Рудзянок, Анатоль Ціханчык, Аляксандр і Валерый Карніцкія падвялі рахунак матча - 4:1.

Цяпер у каманды падрыхтоўка да рашаючага паядынку, у заўзятараў - чаканне і надзея. І трывога, як перад самым адказным экзаменам. Ці зможа прыняць удзел у гульні Анатоль Ціханчык, які, па статыстыцы абласной федэрацыі футбола, мае на сваім рахунку 34 галы, праведзеныя ў матчах абласнога першынства? Як справяцца з хваляваннем маладыя члены каманды? Але ж мы чэмпіёны! І маем усе шанцы імі і застацца. Толькі трэба праявіць усю волю, характар, майстэрства!

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Ф. БАНДАРОВІЧ