Добраўпарадкаванне – справа першачарговая
Нумар - №203-205 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
21.10.2011
На сесіі Цеснаўскога сельскага Савета разгледжаны ход выканання рашэння, прынятага мясцовым органам улады ў чэрвені гэтага года "Аб рабоце сельвыканкама па захаванні зямельнага заканадаўства і добраўпарадкаванні населеных пунктаў".
Адзначаны шэраг мерапрыемстваў у гэтым накірунку. Так, па матэрыялах, прадстаўленых сельвыканкамам, рашэннем суда Стаўбцоўскага раёна прызнаны безгаспадарчымі і перададзены ў камунальную ўласнасць 8 пустых дамоў. Прыняты рашэнні аб іх зносе. Вызваленыя ўчасткі ўключаны ў пералік для новай забудовы. Грамадзянам у часовае карыстанне на тэрмін да 10 гадоў перададзена 5 участкаў, усяго 4,9 га.
Дырэкцыяй ААТ "Радзіма Дзяржынскага" ўключаны ў абарот пустыя і прыфермскія тэрыторыі ў вёсках Куль, Слабодка, Цеснавая-1.
Пры правядзенні рэйдаў выдаваліся прадпісанні па навядзенні парадку на прыдомавых тэрыторыях. Участковым інспектарам А. Новікавым складзены 4 пратаколы за парушэнні правілаў добраўпарадкавання.
За сродкі сельвыканкама ўстаноўлена 140 метраў жалезабетоннай агароджы на могілках у вёсцы Куль. Работа гэтая выконвалася тэхнікай Стаўбцоўскага дома-інтэрната. А спецыялісты Кульскога лясніцтва спілавалі аварыйныя дрэвы. Праводзяцца таксама суботнікі па навядзенні парадку на ўсіх могілках. Плануецца спілаваць старыя дрэвы на могілках у Цеснавой, а таксама ў самой вёсцы.






