мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №203-205    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

21.10.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 9 шлюбаў, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены дзевяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Арцёму Какошыну, Захару Лабіцкаму, Ільі Трацяку, Дзіяне Жыдкевіч, Мацвею Цярэшку, Ігару Шэліну, Арсенію Кутасу, Арцёму Жыбулю і Мацвею Пяткевічу.

Зямны шлях закончыўся для 15 чалавек.

У пажарнай часці згадалі чатыры вогненныя здарэнні. Адно з іх здарылася ў доме стаўбчан па вуліцы Маладзёжнай. Загаранне пайшло з веранды дома, ад неасцярожнасці пры курэнні. Гаспадароў-пенсіянераў удалося выратаваць, праўда, іх з прыкметамі атручэння даставілі ў бальніцу. У дзве гадзіны ночы пажар знішчыў дачны дом у вёсцы Кондратавічы: трое маладых людзей прыехалі з горада адпачыць і проста распалілі печку, аб супрацьпажарным стане якой ніхто да гэтага не паклапаціўся. У Налібаках вяскоўцы пазбавіліся ў адначассе хлява, які ўспыхнуў з-за няспраўнай электраправодкі. У Дзярэчынцах у дзядулі згарэла прыбудова да гаража, што выкарыстоўвалася ў якасці лазні: у ёй пячное ацяпленне зроблена з адступленнямі ад патрабаванняў і эксплуатавалася  з парушэннямі.

   Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь зафіксаваны факт незаконнага палявання каля вёскі Прудзішча ў ноч з 14 на 15 кастрычніка. Неўстаноўлены грамадзянін выследжваў дзіка на кукурузным полі, а калі заўважыў інспектараў, кінуўся ўплаў праз бабровую запруду. Пры гэтым ён кінуў на хаду заражаную незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу. Зброя здадзена ў райаддзел міліцыі. Вядзецца разбіральніцтва.

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па факце смерці жыхара вёскі Дзераўная. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па 10 крымінальных справах. Разгледжана грамадзянская справа аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У суд накіраваны тры крымінальныя справы ў адносінах да трох абвінавачваных. 

Судом асуджаны да паўтара года выпраўленчых работ 27-гадовы жыхар Мінска, які знайшоў каля ракі Нёман непадалёку ад Стоўбцаў дробнакаліберную вінтоўку і незаконна захоўваў яе дома ў сваіх бацькоў. Прыгавораны да 4,5 года пазбаўлення волі з прымусовым прыцягненнем да супрацьалкагольнага лячэння 41-гадовы жыхар вёскі Ператокі, раней ужо судзімы: пасля распіцця спіртнога ён пасварыўся са сваёй сужыцелькай так, што яна аказалася на бальнічным ложку з цяжкімі траўмамі. На два гады выпраўленчых работ асуджаны 39-гадовы жыхар Любкаўшчыны, які сеў за руль аўтамабіля ў нецвярозым стане паўторна на працягу года, не маючы вадзіцельскага пасведчання. Акрамя таго, судом гора-вадзіцель пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў. 23-гадовы стаўбчанін разабраўся з сабутэльнікам, які не выказаў жадання фінансаваць працяг п'янкі, з дапамогай пагрозаў і адкрытага крадзяжу грошай, за што і быў абмежаваны ў волі на  год. Пенсіянерка са Скамарошак захоўвала ў сябе дома 40 літраў брагі; незаконны "паўфабрыкат" канфіскаваны, а яго ўладальніца аштрафавана на 175 тысяч рублёў.  

"Хуткая" выязджала да хворых 187 разоў, у прыватнасці, чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап'яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ