мобильная версия
Прамень

Тым, хто асвятляе сваёй любоўю

Нумар - №203-205    Рубрыка - Культура

21.10.2011

Тыдзень маці ў нашым раёне завяршыўся святам, якое прайшло ў раённым Цэнтры культуры.

Павіншаваць жанчын са святамі Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Днём маці ў святочную залу прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык, старшыня раённай арганізацыі Беларускага савета жанчын Наталля Лапко. Свае віншаванні маглі адрасаваць жанчынам-маці і кіраўнікі раённых арганізацый і прадпрыемстваў у відэазапісе з экрана, і гэта было вельмі прыязна і з цікавасцю ўспрынята ўсімі.

Па традыцыі, на раённым свяце былі ўшанаванні жанчын. На сцэну падымалася працаўніца філіяла Мінскага маторнага завода Святлана Самахвал. Яна ўзнагароджана знакам "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь". Святлана Пятроўна больш чым 70 разоў здала кроў для выратавання жыцця іншых людзей.

Маленькі стаўбчанін Арсеній Бохан, які нарадзіўся 22 верасня, стаў "юбілейным" 200-м нованароджаным у нашым горадзе сёлета. Яго бацькі Аляксандр Георгіевіч і Кацярына Мікалаеўна таксама атрымалі падарунак і кветкі. Нараджэнне двойні - таксама з'ява не такая  частая. Гэта шчаслівая падзея адбылася сёлета ў маладых сем'ях Дзмітрыя і Кацярыны Варажуноў, Паўла і Надзеі Лысых, Дзяніса і Настассі Грыўнак. Сваёй маме Алене Вітальеўне дарылі музычнае віншаванне і блізняты Кірыл і Андрэй Дразды, салісты ўзорнага ансамбля песні "Жавароначкі" Стаўбцоўскай школы мастацтваў.

Урачыстую рэгістрацыю брыльянтавага вяселля Мікалая Паўлавіча і Ірыны Іосіфаўны Ярашэвічаў з вёскі Перакопаўшчына правяла ў святочнай зале загадчык аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Янкоўская. Павіншаваць прыгожых вясельных юбіляраў падняліся на сцэну іх дзеці, унукі і праўнукі.

Ужо не першы раз у час раённых свят зала раённага Цэнтра культуры перапоўнена. І гэта прыемна адзначыць, стаўбчане скарыстоўваюць магчымасць адпачыць, паслухаць выдатныя канцэртныя нумары ў выкананні салістаў і харэаграфічных дзіцячых калектываў.

Вялікую арганізацыйную работу ў правядзенні Тыдня маці правялі, у першую чаргу, райвыканкам, а таксама раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райваенкамат, раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, РА "Белая Русь". Спонсарамі тэматычнага тыдня выступілі стаўбцоўскі мясакамбінат, прыватная фірма "Аграінвест", "БелНатурПрадукт", райспажыўтаварыства. Усе разам пастараліся, каб многім жанчынам-маці падарыць святочны настрой, сагрэць іх увагай і клопатам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ