З клопатам аб Стаўбцоўшчыне
Нумар - №203-205 Рубрыка - Прамая лінія
21.10.2011

Чарговая прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Трафімавічам Місько адбылася 12 кастрычніка. На прамую лінію паступіла 20 тэлефонных званкоў. Людзей цікавілі пытанні добраўпарадкавання дарог, капітальнага рамонту, газіфікацыі, сацыяльныя пытанні.
Як паведаміў Уладзімір Трафімавіч, за дзевяць месяцаў 2011 года колькасць скаргаў у раёне скарацілася на 11% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта гаворыць аб тым, што многія праблемы вырашаюцца на месцах, у таварыствах, сельвыканкамах.
- Сёння людзі падымаюць праблемы, якія мы не можам вырашыць так хутка, як ім хацелася б. Напрыклад, асфальтаванне дарог у населеных пунктах і паміж імі. Па меры магчымасці, мы ідзём насустрач людзям, стараемся ім дапамагчы.
Што ж хвалюе жыхароў горада і раёна сёння?
Тэлефонны званок з Задвор'я. Жыхароў вул. Маладзёжнай хвалюе праблема добраўпарадкавання дарог, іх вуліцы. Ім вельмі хочацца, каб на вуліцы быў асфальт.
На гэта Уладзімір Трафімавіч паведаміў, што ў бюджэце раёна няма дадатковых фінансавых сродкаў, каб можна было заасфальтаваць усе вуліцы. У будучым плануецца злучыць вёску Задвор'е са Стоўбцамі. Гэта будзе горад. Фінансаванне стане іншым, будуць паступаць дадатковыя фінансавыя сродкі - будзем вырашаць данае пытанне.
Па пытаннях добраўпарадкавання дарог да кіраўніка раёна звярнуліся А. Мазуркевіч з Новага Свержаня, К. Дудак са Старыны, Т. Булаўская са Стоўбцаў (вул. Ф. Скарыны), жыхары вуліцы Камарова горада.
- Вуліцы будуць прагрэйдзіраваны ў самы бліжэйшы час, а асфальтавацца будуць у залежнасці ад таго, на які час яны ўнесены ў план добраўпарадкавання.
Жыхароў дома № 17 па вуліцы Цэнтральнай, дома № 81 па вуліцы Ленінскай горада непакоіла пытанне выцяжной вентыляцыі. Пахаладала, і людзі хвалююцца, што ў катлах няма цягі, не працуе выцяжка.
У тую ж хвіліну Уладзімір Трафімавіч патэлефанаваў дырэктару АКС і даў даручэнне выехаць на месцы і дапамагчы людзям вырашыць праблему.
Жыхарка Задвор'я пацікавілася ў старшыні райвыканкама, ці будзе падводзіцца газ і вада да дамоў, якія знаходзяцца побач з новабудоўлямі (паблізу чыгункі).
- У дамы, якія будуюцца і засяляюцца сёлета, падведзены газ і вада, таму што ў іх створаны кааператыў. Таму, каб падвесці газ ці ваду да вашых дамоў, вам таксама патрэбна стварыць кааператыў, а лепш за ўсё падыдзіце да мяне на прыём, і тады больш дэталёва разгледзім вашую праблему.
К. Дудак са Старыны падняў пытанне газіфікацыі іх вёскі.
- У вас ужо створаны кааператыў, але для таго, каб падвесці газ, неабходна праектна-каштарысная дакументацыя, якая каштуе каля 400 млн рублёў. 30% кошту павінны аплаціць члены кааператыва, а 70% - дзяржава. Будзе дакументацыя - пачнуцца работы па газіфікацыі.
Н. Бойка з дома № 86 па вуліцы Сацыялістычнай расказала, што ў іх доме вёўся рамонт, дах адрамантавалі, але не падшылі карніз пад дахам.
Уладзімір Трафімавіч даручыў супрацоўнікам ЖКГ выехаць на месца і ліквідаваць усе недахопы. Якасць павінна быць ва ўсім: у будоўлі, рамонце, у вырабе тавараў і т. п., - зазначыў старшыня райвыканкама. - І сорамна, што некаторыя работнікі халатна адносяцца да сваёй працы: недарабілі і кінулі. Такіх работнікаў будзем караць і рублём.
Жыхарка Стоўбцаў Ліпніцкая цікавілася, калі ж у горадзе будзе свой малочны завод?
- Гаспадары малочнага завода адкладваюць рэканструкцыі карпусоў на больш позні час. Райвыканкам звярнуўся ў аблвыканкам з просьбай, каб паспрыялі ў хутчэйшай рэканструкцыі завода.
С. Суднік з Жыгалак скардзіўся на тое, што ў іх вёсцы ваду правялі, але забыліся пра тры дамы. Час ідзе, а гэтыя дамы засталіся без вады.
- Абавязкова звярніцеся да дырэктара таварыства А. М. Карнічэнкі, а я яму таксама пра вас напомню. Думаю, што ў бліжэйшы час вашае пытанне будзе вырашана станоўча.
Я. Каралецкая з Мікалаеўшчыны пытала, ці будзе пабудавана ў іх мясцовасці лазня, расказала, што ў яе згарэў хлеў, але яшчэ сёння яна не можа атрымаць акт аб пажары.
- Наконт лазні звяртайцеся да дырэктара таварыства, ён абяцаў, што пабудуе, а наконт акта скажу, што вашую справу яшчэ разглядае пракуратура.
Было некалькі тэлефанаванняў па рабоце радзільнага аддзялення бальніцы. Жанчыны цікавіліся, чаму нованароджаных не закручваюць у бальнічныя пялёнкі і чаму маладым маці не даюць хлеба.
- Як я ведаю, цяпер згодна з пастановай № 109 Міністэрства аховы здароўя маладая маці сама можа вырашаць апранаць дзіця ў дзіцячае адзенне ці закручваць у пялёнку. Ёй дазваляецца мець з сабой халат, памперсы і адзенне для немаўляці. Пялёнкі і халаты ў радзільным аддзяленні ёсць у дастатковай колькасці. А калі хлеб не даюць, то не ўсім жанчынам, якія нарадзілі дзіця, можна ўжываць хлеб, ёсць спецыяльная дыета для парадзіх. Вам трэба непасрэдна звярнуцца да загадчыка радзільнага аддзялення і атрымаць адказ на ўсе пытанні, якія вас хвалююць.
Прамая лінія праходзіла якраз напярэдадні Дня маці, у Тыдзень маці. Напэўна, яшчэ і таму да Уладзіміра Трафімавіча звярнулася некалькі жанчын з пытаннямі сацыяльнага характару: якая сям'я лічыцца шматдзетнай, ці можна атрымаць пасведчанне шматдзетнай маці, калі ў сям'і ўжо двое дарослых дзяцей і двое непаўналетніх?
Старшыня райвыканкама вельмі падрабязна, грунтоўна пракансультаваў жанчын і, выкарыстоўваючы магчымасць, павіншаваў са святамі: Днём маці і Пакровамі Прасвятой Багародзіцы.
Былі тэлефанаванні да старшыні райвыканкама, якія насілі асабісты характар. Большасць пытанняў вырашаны ў час тэлефоннай размовы.
Падводзячы вынікі работы прамой лініі, Уладзімір Трафімавіч выказаў такую думку:
- Прамыя лініі дапамагаюць разабрацца з праблемамі не толькі жыхарам Стаўбцоўшчыны, але і кіраўніцтву раёна. Дзякуючы многім пытанням, якія падымаюцца ў час прамых ліній, ёсць магчымасць хутчэй выправіць сітуацыю, бо падказваюцца адрасы безгаспадарчасці і, нават, бюракратызму нашых чыноўнікаў. Таму я ўдзячны ўсім, хто тэлефануе, прыходзіць на прыём. Значыць, людзі не абыякавыя да праблем раёна, горада. Яны непакояцца, каб мы жылі больш камфортна, хадзілі па прыгожых, чыстых вуліцах. У раёне цяпер ідзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Як мы прымем удзел у гэтым мерапрыемстве, будзе залежаць і наш дабрабыт. Давайце ўсе разам паклапоцімся аб сваім доме, вуліцы, горадзе ці вёсцы, навядзём парадак і ў сваіх сэрцах, і на зямлі.






