мобильная версия
Прамень

Латарэя шматдзетнай мамы

Нумар - №206-207    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

25.10.2011

Фотография 1

Спецыяліст, прафсаюзны лідар, шматдзетная мама...

Усе названыя характарыстыкі адносяцца да аднаго чалавека -  Ларысы Бельскай з вёскі Зарэчча (Засульскі сельсавет). Хочацца ўдакладніць, што працуе яна спецыялістам па кадрах ААТ "Каганец" і што яна шматдзетная мама маладая, у акружэнні выключна мужчынскай кампаніі - мужа і трох сыноў. Самаму маленькаму, Антону, - 2 гады 5 месяцаў, ён ходзіць у дзіцячы садок, а яго старэйшаму брату Дзмітрыю споўнілася 18. Вось такія брацікі!

Старэйшы, напэўна, сумуе па меншым, па іншых членах сям'і. Дзмітрый - малайчына, гордасць - цяпер у Мінску. Увесь час займаўся лёгкай атлетыкай і паступіў сёлета ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Вельмі важна для сям'і -  на бюджэтную форму навучання. "Сыну выдзелілі інтэрнат, хаця адразу нічога не абяцалі", - гаворыць шчаслівая матуля.    

Сярэдні сын у мамы і таты - Максім, вучань 8 класа Засульскай школы. Па прыкладу старэйшага брата ён таксама захапляецца спортам. Наведвае секцыю па футболе, задумваецца і пра будучую прафесію. Сёння ў яго планах - паступіць пасля 9 класа ў архітэктурна-будаўнічы каледж. Фізкультура - любімы прадмет, над матэматыкай трэба працаваць. Мама разумее: у сына - пераходны ўзрост... 

- З хлопчыкамі бывае няпроста, -  дзеліцца Ларыса Уладзіміраўна. - Побач з імі сама адчуваю сябе як хлопчык. Дысцыпліна ў нас дома, усе слухаюцца безагаворачна, дапамагаюць. А калі раптам што не так, то... на гэта ёсць татава рука.

Каб пракарміць сям'ю, Бельскія дружна працуюць. На рабоце, дома ў агародзе. Ёсць тое-сёе па гаспадарцы. Фінансава дапамагае маладой шматдзетнай сям'і і Ларысіна бабуля, якая некалі гадавала ўнучку. Цяпер унучка глядзіць яе, 90-гадовую. Дарэчы, звілі сваё сямейнае гняздо Уладзімір і Ларыса Бельскія на пракаветнай бацькаўшчыне - у доме, дзе раней жылі бацькі бабулі. Абнавілі яго цаглянымі сценамі. Сёлета ўстанавілі новыя вокны і распачалі рамонт у пакоях.

Увішныя Бельскія купілі з салона і легкавы аўтамабіль. З ім, праўда, выйшла цэлая гісторыя. Для яго пакупкі ўзялі ў банку крэдыт. Усё, здаецца, было добра. Ездзіла сабе шматдзетная мама па розных справах на новенькім аўто, усюды паспявала і радавалася. Хоць і цяжка было, але пакрысе рабілі выплаты па крэдыце. Ды нечакана трапіла Ларыса ў аварыю. Сама, дзякуй Богу, засталася жывая-здаровая, а вось аўто моцна пацярпела. Страхавая фірма, у якой новы аўтамабіль быў застрахаваны па сістэме "аўтакаска", нават вырашыла не аднаўляць яго. Ды не было б шчасця, каб няшчасце не дапамагло. Страхавы поліс Ларысы акурат удзельнічаў у гульні-латарэі сярод страхавальнікаў і аказаўся выйгрышным. Выйгрыш - новы аўтамабіль "Пежо"! Ларыса з мужам доўга не маглі паверыць у такі цуд. А раптам які сумніўны розыгрыш? Тым больш, што за выйгрыш трэба было заплаціць немалы падатак.

Выйгрыш аказаўся сапраўдным, рэальным і цяпер ён паблісквае бакамі ў гаражы Бельскіх. Упэўнена, вось так шанцуе толькі шматдзетным мамам!

НА ЗДЫМКУ: Ларыса Бельская з сынамі Максімам і Антонам.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ