Святая памяць
Нумар - №206-207 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
25.10.2011
Пакуль мы жывём, з намі жыве і памяць аб нашых продках, усіх тых, хто пайшоў з жыцця. Могілкі, няхай гэта і сімвал духоўнага вечнага дому, даглядаем, кладзём кветкі, ставім у вазачкі. А агульнапрынятыя ў хрысціянскай рэлігіі, у народным календары адметныя дні памяці - Радаўніца, якая сёлета выпала на пачатак мая, і лістападаўскія Дзяды. Агеньчык свечкі як бы яднае душы памерлых з нашымі, жывымі. І малітвы святароў, нашыя малітвы даходзяць да Неба.
Так, цяпер на могілкі людзі прыходзяць часцей, наводзяць парадак. Бо і ў гэтым дзействе высвятляецца наша зямная сутнасць. Як і ў хаце, у тым доме, пад вечным крыжам, бачны акуратнасць, клопат. І нашы зямныя амбіцыі: помнік каб быў не горшы, як у людзей. А можа нават здзівіць цэлым архітэктурным збудаваннем. Мёртвым не баліць, зямная валтузня ім не дасягальная. А вось жывым пахваліцца перад суседзямі: помнікі па нашых лепшыя, чым па вашых - рупіць. Хаця не ў кожнага, тым больш цяпер, ёсць магчымасць выкладваць важкія даляры майстрам на ўстаноўку. Зайздрасць, як і ганарлівасць - грэшныя слабасці, і тут устанаўлівае маральныя нормы Святое Пісанне.
На новых гарадскіх могілках усталявана еўрапейская традыцыя: абгародкі невысокія, з мармуровых пліт ці бетону. Прыгожа, а галоўнае, не перашкаджаюць старамодныя "платы" з вострымі краямі таму ж святару падысці бліжэй да месца пахавання, каб асвяціць яго. А вось на старых… Нездарма просіць ксёндз па магчымасці ўбраць высокія агароджы. А тут яшчэ і дрэвы пышна разрасліся, цэлы лес. Можа на вясковых месцах спачыну, дзе дастаткова прасторы, зялёныя шаты дрэў яшчэ і да месца. Хаця… Карані падплятаюцца пад помнікі, рушаць іх.
Не тое, што можа быць, а ўжо бывае і значна горш. Ва ўсіх у памяці трагедыя, што адбылася сёлетняй вясной у Дзераўной. Калі ад зламанай старадрэвіны загінула дзіця. Так што лірыка лірыкай, а цярпець, каб могільнік пакрыўся суцэльным зараснікам, ніяк нельга. Таму і стараюцца ўбраць на могілках, як у саміх вёсках, старыя аварыйныя дрэвы.
На новым гарадскім могільніку, паўтаруся, лягчэй. Дрэўцаў ніхто не садзіць, хіба што дзе-нідзе зелянее невысокая туя. Пазначаны сектары, рады для пахаванняў. Устаноўлена дошка інфармацыі, дзе можна азнаёміцца з правіламі, нормамі адводу ўчасткаў. Толькі вось ці заўсёды правілы выконваюцца? Зноў звяртаюць людзі ўвагу на несіметрычнасць фактычнага выдзялення зямлі для магіл. З правага боку ад цэнтральнай дарожкі пустуе вялікая плошча, з левага - пахаванні ўжо амаль дацягнуліся да варот, але адным вострым клінам. Жаданне родных, тым больш у вялікім іх смутку, трэба выконваць. Але ж і без парадку нельга.
Клады, пагосты, могільнікі… Яны ёсць бадай што ў кожным паселішчы. І на ўсіх іх вядзецца актыўнае шчыраванне. "Убралі людзі ўраджай, успомнім і пра душы…" Вялікі клопат аб добраўпарадкаванні месцаў пахавання ў прадстаўнікоў мясцовай улады. Выдатна, калі ўсе ў адным русле - і старшыня сельвыканкама, і аўтарытэтны вясковы стараста, і свяшчэннаслужыцель - падымаюць людзей на справу. Станоўчых прыкладаў можна прывесці шмат. Усё больш рэдкай з'явай становяцца старыя, паламаныя платы, а то і зусім неабгароджаныя могільнікі. Ставяцца платы новыя, з сучасных матэрыялаў, якія, калі да месца такое азначэнне, надаюць прыгажосць.
Само сабой, вядома, нічога не робіцца. Усё патрабуе і сродкаў, і прыкладання сіл. Але здаўна па адносінах да памяці тых, каго няма сёння з намі, робяць вывад аб нашай чалавечнасці.






