мобильная версия
Прамень

Восень над возерам Кромань

Нумар - №206-207    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

25.10.2011

Фотография 1
Фотография 2

Прырода рыхтуецца да зімы. У прадчуванні выраю і шэрыя жураўлі, што пужліва ўспырхнулі над полем пад прыцэлам "стрэльбы"-фотааб'ектыва. Яны тут свае, мясцовыя, - з вясны вывеліся ва ўрочышчы Хмелішча, зусім блізка ад возера Кромань. Мясціны надзвычай прыдатныя для іх гняздоўя - побач лес і цяжкадаступныя балоты, што зацягваюць месцы ранейшых торфараспрацовак. Балоты наступаюць - значыць, жоравам добра і, самае важнае, гэта спрыяе аднаўленню прыроднай экасістэмы.

Перад дальняй дарогай птушкі кучкуюцца, збіваюцца ў стаю. Падсілкоўваюцца яны на полі, дзе расла кукуруза. З дарогі відаць, што іх тут многа - некалькі дзясяткаў жураўліных сямей. За сезон у кожнай з іх з'явілася адно птушанё, а ў некаторых, што бывае рэдка, і два.

- Усё лета яны курлыкалі, - з усмешкай расказвае ляснічы Старынскага лясніцтва Алег Лукша. - Шкада, ужо перад адлётам... Але і зімою тут цікава праехаць. Сустрэнеш шмат якога звяр'я! Зубр прыйшоў да нас з Налібацкай пушчы. Яноты, барсукі ёсць. Баброў хапае - прыплылі сюды па канавах. Гняздзяцца чорны бусел і, заўважце, "чырванакніжніца" - белая чапля. Яна ўсё больш па тых жа канавах прамышляе - рыбку сабе ловіць... Асабліва шмат гэтых рэдкіх птушак збіраецца цяпер, увосень.      

- Сёлета рабілі зімовы ўлік звяроў і заўважылі незнаёмы след, - прыгадвае ляснічы. - Для сябе я пазначыў яго, але і разгадка знайшлася хутка. Там, дзе сцежка зайца, ізноў натрапілі на такі самы. Пайшоў па ім і пад елкай убачыў відавочны след... рысі. Зрачыць, у нас завялася рысь.

З Налібацкай пушчы прыйдзе ўсё, што хочаш, - паўтараюць заўзятары прыроды. Ва ўгоддзях Старынскага лясніцтва водзяцца яшчэ кабаны, касулі, лісы, алені, ласі... У гэтым годзе шмат хто знаходзіў у лесе прыгожыя трафеі - скінутыя ласямі рогі.

Навокал возера Кромань - цішыня, кожны гук нібыта сцелецца над зямлёю і над празрыстай азёрнай вадой. Толькі ўмей слухаць прыроду, углядацца ў яе таямніцы. Нераспазнанае возера вабіць да сябе, яно цікавае ў любую пару года. І вось цяпло адышло, і на яго беразе ўжо прычалілі лодкі...

Фотаэцюд Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ