Жаночы прыгожы футбол
Нумар - №206-207 Рубрыка - Спорт
25.10.2011

Да папулярных заняткаў, якія мужчыны лічаць толькі сваімі, адносіцца футбол. Ды прыгожая палова наўрад ці змірыцца з прыярытэтам моцнай. Таму сярод відаў спорту актыўна развіваецца і жаночы футбол.
У Беларусі ён таксама на віду. Так, нацыянальная жаночая зборная выступае ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. Праведзена і першынство рэспублікі па футболе сярод жаночых камандаў. Чэмпіёнкай стала каманда "Бабруйчанка". Прадстаўлены таксама ў рэспубліканскіх спаборніцтвах калектывы з Мінска, Магілёва, Брэста, Гомеля, Віцебска і раённых цэнтраў - Маладзечна і Воранава.
З развіццём спартыўнай базы можа і нашы здольныя спартсменкі змогуць праявіць сябе ў футболе. А пакуль інтарэсы "футбольнага дамскага корпуса" абараняе стаўбчанін Рэнат Шкварчанка. Наш зямляк значыцца ў першых радках спісу суддзяў, якія праводзілі футбольныя сустрэчы жаночага чэмпіянату рэспублікі. Ён правёў пяць сустрэч, прызначыў адзін пенальці і паказаў восем жоўтых папераджальных картак за парушэнне правілаў гульні. Паралельна Шкварчанка абслугоўвае і матчы камандаў мужчын. У мінулую суботу ён выязджаў у Магілёў, дзе быў галоўным суддзёй каляндарнай сустрэчы дублюючых саставаў камандаў вышэйшай лігі нацыянальнага чэмпіянату "Днепр" - "Белшына". А інспектарам гэтага матчу з'яўляўся Алег Чыкун, таксама наш зямляк, у судзейскай біяграфіі якога ёсць і ўдзел у абслугоўванні чэмпіянату свету сярод жанчын.






