мобильная версия
Прамень

Абноўленае Старынскае лясніцтва

Нумар - №208-210    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

29.10.2011

Фотография 1
Фотография 2

Істотна абнавіўся сёлета выгляд Старынскага лясніцтва. З дарогі добра глядзіцца свежапафарбаваны адміністрацыйны будынак у атачэнні кветак, сярод забаўных сцежак-дарожак з круглякоў ясеню, абкладзеных каменем.   

- Сіламі сваіх работнікоў падчас дзяжурстваў атрымалася не толькі прыгожа, а і практычна, - падкрэслівае вынік добраўпарадкавання ляснічы Алег Лукша і скіроўвае да галоўнага: - Ад выгляду лясніцтва складваецца ўражанне і аб усёй лясной гаспадарцы.   

Каля лясніцтва ў Шашках сустракае багацце зеляніны і вялікіх кветнікаў. За імі сочыць Галіна Рамановіч, прыбіральшчыца і, адначасова, увішны кветкавод-аматар.

Адметна, што ў справе добраўпарадкавання лесаводы паказваюць прыклад і па-за тэрыторыяй лясніцтва. Пасля сябе ім нельга пакінуць абгортку ці акурак у лесе, інакш што тады чакаць ад адпачываючых?.. Вось акурат пайшоў восеньскі збор грыбоў - па лесе блукае шмат людзей з кошыкамі. На жаль, заўважана, што некаторыя стараюцца сумясціць гэты занятак з яшчэ адным - з пазбаўленнем свайго падворка ад бытавых адходаў. З лесу яны бяруць грыбы (летам - і ягады), а пакідаюць яму ўзамен... пакет са смеццем. Лесаводы вымушаны прыбіраць гэты памятны "знак", каб не ператварыць нашы лясы ў суцэльныя звалкі.

- Сёлета адзін з такіх парушальнікаў, дачнік з вёскі Астравы, быў заспеты "на месцы злачынства", - развівае надзённую тэму ляснічы. - Склалі адміністрацыйны пратакол, ён атрымаў штраф. А што са смеццем? Адразу сам і прыбраў яго. Напэўна, больш выносіць смецце ў лес наўрад ці захочацца.

На жаль, так складваецца хутчэй у адзінкавых, выключных выпадках, бо лесаводам няма калі лавіць за руку ўсіх, хто ідзе ў лес з "дабром" у пакеце. Перад імі - шмат актуальных задач па доглядзе  лясных культур, нарыхтоўках. Бадай, самае важнае - гэта прывіваць экалагічную, санітарную культуру з дзяцінства. У мясцовай Шашкоўскай школе ў першую чаргу для гэтых мэт  на працягу многіх гадоў дзейнічае школьнае лясніцтва. Супрацоўніцтва выліваецца ў тое, што рабяты пастаянна дапамагаюць лесаводам садзіць лес, агароджваюць мурашнікі і робяць кармушкі для птушак.

На пясчаных глебах, што пераважаюць у гэтых мясцінах, найбольш камфортна пачувае сябе сасна. З цягам часу яе маладнякі папаўняюць групы рослых, спелых лясоў. Вынік сваёй працы юныя лесаводы змогуць назіраць і праз дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў, калі яны набяруцца сіл, ператворацца ў дарослых людзей, гэтаксама як і пасаджаныя некалі іх рукамі кволыя дрэўцы ў вялікія.  А калі лес вакол нас дагледжаны, чысты, то ён падорыць светлы настрой і жыццёвую энергію.

НА ЗДЫМКАХ: абноўленае Старынскае лясніцтва і яго ляснічы Алег Лукша.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ