Падзеі і здарэнні
Нумар - №208-210 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
29.10.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 10 шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены пятнаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Сямёну Сямашку, Надзеі Недзінай, Паліне Курыла, Івану Маскалевічу, Мілане Барташэвіч, Цімуру Капусту, Дзіяне Ермаковіч, Аляксандры Аскальдовіч, Цімафею Уласіку, Раману Садоўскаму, Паўлу Саковічу, Валерыі Дырда, Ільі Канапельку, Даніле Залатухіну і Максіму Маеўскаму.
Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека.
У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Задвор'і. Загарэўся хлеў вяскоўца. Агонь, выкліканы кароткім замыканнем электраправодкі, знішчыў дах над пабудовай, а таксама прыбудову да яе.
Міліцыяй узбуджана 11 крымінальных спраў. На вуліцы ў Новым Свержані хуліган без прычыны ўзняў руку на грамадзяніна. У Варнавугле сварка двух вяскоўцаў закончылася для аднаго з іх цялеснымі пашкоджаннямі. У Трылесе зафіксаваны крадзеж - грамадзянін з нязнятай і непагашанай судзімасцю паквапіўся на чужы кашалёк. Невядомы выкраў дзвюх кабыл, воз і хамуты, якія належалі ААТ "Жацерава". З тэрыторыі машынна-трактарнага парку ААТ "Агранёманскі", што ў Старым Свержані, быў украдзены веласіпед. Злачынцы абрабавалі дом і хлеў новасвяржаніна, у гэтай жа вёсцы ўгналі веласіпед з аднаго падворка. Ад рук зладзеяў пацярпелі гаспадары дачнага дома ў Дудках, дома ў Ператоках і кватэры ў Стоўбцах. Крымінальнай здабычай становяцца, як правіла, прадукты харчавання, алкаголь.
Суд абмежаваў у волі на два гады 36-гадовую стаўбчанку, раней ужо судзімую за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне яе непаўналетняга дзіцяці ў дзяржаўнай установе. На гэты раз яе доўг перасягнуў трохмесячны рубеж. "Чацвёрка" хаўруснікаў выкрала з дома жыллёва-будаўнічага кааператыва "Калінка-1", які будуецца, арматуру на суму тры мільёны 812 тысяч рублёў. Трое з іх пакараны на 1,5 года выпраўленчых работ кожны, а чацвёрты - штрафам у памеры 3,5 мільёна рублёў. Жыхар Барысаўскага раёна, які адкрыта выхапіў з кішэні стаўбчаніна 40 тысяч рублёў, прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі. 38-гадовы жыхар Слабодкі асуджаны да года выпраўленчых работ за крадзеж з дома прадуктаў, агульны кошт іх -156 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 148 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - чатыры п'яныя і 8 бяспраўных вадзіцеляў, 21 недысцыплінаваны пешаход і інш. Здарылася 15 дарожных аварый. 19 кастрычніка ў 19.30 на аўтадарозе Куль - Цеснавая - Пятрылавічы 18-гадовы жыхар вёскі Куль, які рухаўся на матацыкле "Іж-Планета" без вадзіцельскага пасведчання, без асвятляльных прыбораў, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з другім матацыклам. Абодва матацыклы атрымалі механічныя пашкоджанні, а ўдзельнікі аварыі цудам абышліся без траўмаў.
"Хуткая" выязджала да хворых 192 разы, у прыватнасці шэсць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.






