мобильная версия
Прамень

Слаўнае чэмпіёнскае пастаянства

Нумар - №208-210    Рубрыка - Спорт

29.10.2011

Фотография 1

Можна ўздыхнуць з палёгкай. Фініш! Закончыўся напружаны футбольны сезон. Чэмпіянат Мінскай вобласці завяршыўся на пераможнай ноце. Стаўбцоўская каманда "Нёман-Агра", як і па выніках мінулага года, стала мацнейшай. Чэмпіёны 2010 года адстаялі сваё права на чэмпіёнства і ў 2011-ым.

Больш важкай перамогу робіць і тое, што здабыта яна ў напружанай барацьбе з моцным сапернікам. Нагадаем мінулагодні фінал. "Нёман-Агра" на два ачкі апярэдзіў "Забудову" з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна і "Іслач", якая прадстаўляе Мінскі раён. Сёлета асноўны састаў "Забудовы" базіруецца ў Маладзечне і выступае ў другой лізе чэмпіянату рэспублікі. А "Іслач" і ў сёлетнім сезоне адчайна змагалася за чэмпіёнскае званне. Можна сказаць, плячо ў плячо рухаліся нашы і футбалісты з Мінскага раёна па турнірнай трасе. Наперад вырываліся то "Нёман-Агра", то "Іслач". Паражэнне з буйным лікам 5:2, якое нанеслі сапернікі, магло падкасіць волю стаўбчан. Але, на шчасце, важкія словы трэнера вярнулі ўпэўненасць. "Іслач" прайграе ў Жодзіне, а нашы зноў лідзіруюць. Блізкая мэта, як таму экіпажу карабля, бачны бераг. І тут задача адназначная і складаная: не збіцца з курсу, не сесці на мель, не страціць ніводнага ачка.

Стаўбчане выязджаюць у Жодзіна і там даказваюць сваю перавагу. Дзяржынск, Салігорск, Слуцк, Клецк -  усе сапернікі ўмеюць гуляць у футбол, усе маюць амбіцыі, ніхто загадзя не здаецца. І нашы выйграюць дзе з разгромным лікам, а дзе і на нервах - з перавагай у адзін мяч. Па тры паўнаважкія ачкі плюсуюць пасля кожнага праведзенага на фінішы тура і "Нёман-Агра", і "Іслач". Нашы ўсяго  на ачко ўперадзе, адчуваюць гарачае дыханне саперніка, які толькі і чакае, што канкурэнт спатыкнецца. Самы няпросты бар'ер чакае абедзве каманды  ва Уздзе. Суседзі, якія летась занялі месца ў канцы турнірнай табліцы, у гэтым сезоне пад эгідай працвітаючай фірмы "Беліта-Вітэкс" таксама былі поўнымі рашучасці ўмяшацца ў спрэчку за золата. Астудзіў іх разгром у Дзераўной - 5:1. Уздзенцы саступілі з першага месца на трэцяе, якое на фінішы і адстойвалі ў вострым саперніцтве з ФК "Жодзіна-2007". "Іслач" прывозіць усё ж тры пераможныя ачкі з Узды. Нашым жа гэта прыгода прызначана ў самым фінале. Сюжэт варты самых "закручаных" футбольных інтрыг.  Злосны ад няўдачы ў першым крузе сапернік, ад якога ў выпадку паражэння выслізне і трэцяе прызавое месца. І чэмпіён, які ні за што не ўступіць сваю карону.

На стадыёне ва Уздзе выразна гучалі воклічы падтрымкі і нашых балельшчыкаў. Два аўтобусы ў мінулую суботу трымалі курс са Стоўбцаў у суседні райцэнтр. І нёманская хваля гарачых прыхільнікаў накіроўвала нашых на штурм варот сапернікаў. Два ўдары стаўбчан сталі трапнымі -  галы на рахунку Аляксея Рудзянка і Дзмітрыя Гаўрыловіча. Як ні стараліся гаспадары на чале са сваім бамбардзірам Паўлам Баршчэўскім, а прабіць  нашую абарону і варатара не змаглі. Вынік сустрэчы ў Барысаве з удзелам "Іслачы" ўжо не меў для нас асаблівага значэння. Мы чэмпіёны!

Рахунак сезона будзе яшчэ падводзіцца. Безумоўна, нашых футбалістаў чакае ўшанаванне, яны гэтага заслужылі. Сёння ж словы шчырага віншавання, якія заслужыў увесь калектыў.

Варатар у футбольных камандах звычайна выступае пад нумарам адзін. "Вартавым ты пастаўлен ля варот" - словы з папулярнай песні акрэсліваюць важнасць гэтай пагранічнай пазіцыі. Сяргей Коржык і Вадзім Уставіч не падводзілі. Іх упэўненыя дзеянні, як і надзейнасць абаронцаў Арцёма Сукалы, Аляксандра Масько, Валерыя Карніцкага, Дзмітрыя Філіпчыка цэментавалі апошні рубеж, дазвалялі больш упэўнена весці наступальныя дзеянні. Паўабарона -  рухавік каманды, ад якой залежыць і трываласць абароны, і актыўнасць нападзення. Гэтую лінію ў камандзе прадстаўлялі Аляксей Дзягель, Аляксандр Крамко, Анатоль Лапко, Аляксандр Карніцкі, Дзмітрый Гаўрыловіч, Віталь Даўнаровіч, Максім Талейка. Азарт маладых скіроўваў у патрэбнае русла самы вопытны ігрок каманды Андрэй Шпадарук.

І нарэшце пра тых, хто заўсёды на вачах, аб кім больш гавораць і пішуць. 34 галы, праведзеныя Анатолем Ціханчыкам за адзін сезон, -  абсалютны рэкорд розыгрышу першынства Міншчыны. Анатоль, які пачынаў сваю футбольную кар'еру ў Стоўбцах, выступаў затым у клубах вышэйшай лігі беларускага  футбола, вярнуўся  да нёманскіх берагоў. І зноў з трыумфам! Аляксей Рудзянок, якому па розных абставінах, у тым ліку і ў выніку атрыманай траўмы, не ўдалося паўтарыць мінулагодняе дасягненне - другое месца ў бамбардзірскай гонцы форвардаў у першынстве Міншчыны -  таксама значна паспрыяў поспеху каманды. Востра дзейнічалі ў нападзенні таксама Сяргей Ермаковіч і Дзмітрый Даўбейка. Дапамагалі калектыву заяўленыя за іншыя клубы Алег Каракін, Уладзіслаў Жук і іншыя футбалісты. Усіх іх шчыра вітаюць прыхільнікі нашай каманды.

Асаблівыя словы ўдзячнасці трэнеру. Андрэй Мікалаевіч даказвае вынікамі сваёй працы, што ён спецыяліст высокай кваліфікацыі. Футбольны клуб "Гарадзея", які ён трэніруе, летась перамог у другой лізе першынства рэспублікі, перайшоў у першую, дзе змагаецца за прызавое месца. І ў дасягненнях стаўбцоўскага "Нёмана-Агра" таксама значная заслуга Мікалаевіча. Хлопчыкі, якіх ён у якасці трэнера Стаўбцоўскай ДЮСШ зрабіў знакамітымі як пераможцаў дзіцячага рэспубліканскага турніру "Скураны мяч", узмужнелі і склалі касцяк сённяшняга мацнейшага футбольнага калектыву Стаўбцоўшчыны. Трэнерскае майстэрства, уменне згуртаваць калектыў,  нацэліць яго на вышэйшыя дасягненні - усё ўласціва гэтаму настаўніку. Не менш важныя і чыста чалавечыя якасці: падбадзёрыць маладых людзей, уважліва аднесціся да кожнага, дапамагчы ў жыццёвых сітуацыях. І яшчэ адно, выказанае Андрэем Мікалаевічам у гутарцы з ім: "Нічога ад хлопцаў не ўтойваю, усе пытанні, у тым ліку і матэрыяльныя, вырашаем адкрыта". Адкрытасць, давер -  гэта таксама натхняе і акрыляе.

Добрыя словы на адрас нашых футбалістаў яшчэ будуць сказаны. Сёння ж па свежых слядах праана-лізуем турнірную табліцу, першыя, прыемныя для нас радкі. Прыгадаем, што па выніках мінулага года на рахунку "Нёмана-Агра" было 58 здабытых ачкоў, 18 перамог, чатыры нічые і два паражэнні, суадносіны забітых і прапушчаных мячоў складалі 65-18. Як бачна, сёлета паказчыкі лепшыя. Значыць, золата самай высокай пробы!

ВЫНІКОВАЯ  ТАБЛІЦА чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе 2011 г. (першая ліга)

 

"Нёман-Агра" (Стаўбцоўскі раён)

"Іслач" (Мінскі раён)

"Жодзіна-2007"

"Беліта-Вітэкс" (Уздзенскі раён)

"Зорка" (Пухавіцкі раён)

"Забудова-2007" (Маладзечанскі раён)

"Лівадзія-Юні" (Дзяржынскі раён)

"Вілія" (Вілейскі раён)

ФК "Старыя Дарогі"

"Мясакамбінат" (Барысаўскі раён)

"Аграсэрвіс" (Слуцкі раён)

ФК "Клецк"

ФК "Любань"

"Аўтамабіліст" (Салігорскі раён)

Г

26

26

26

26

26

26

26

26

26

26

26

26

26

26

В

20

20

15

15

11

9

10

10

9

8

8

7

6

2

Н

5

4

3

3

5

9

6

2

4

4

3

5

8

4

П

1

2

8

8

10

8

10

14

13

14

15

14

12

20

М

86-25

81-24

70-36

64-28

57-54

54-41

38-50

31-56

29-57

46-83

39-50

43-67

52-62

35-85

А

65

64

48

48

38

36

36

32

31

28

27

26

26

10

 

(Заўвага: Г - колькасць праведзеных гульняў; В - выйгрышы; Н - нічые; П - паражэнні; М - колькасць забітых і прапушчаных мячоў; А - ачкі).

Фёдар БАНДАРОВІЧ