мобильная версия
Прамень

Восень і косіць, і носіць

Нумар - №208-210    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

29.10.2011

З 10 кастрычніка распараджэннем райвыканкама на Стаўбцоўшчыне аб'яўлены месячнік па навядзенні парадку. Работы ў гэтым плане хапае ў любую пару года, а вось залатая восень "падкідае" яе кожны дзень. Апалае лісце трэба зграбаць на вуліцах і ў скверах, каля сваіх дамоў. А дзе-нідзе, як паказалі вынікі рэйдавых праверак, яшчэ і пустазелле стаіць няскошаным...

Як адзначыла ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык, з пачатку месячніка санітарная служба раёна наведала Засульскі, Рубяжэвіцкі, Літвенскі, Аталезскі, Шашкоўскі і Мікалаеўшчынскі сельсаветы, а таксама абследавала 2607 домаўладанняў жыхароў райцэнтра. Выяўлены 92 парушэнні санітарнага заканадаўства стаўбчанамі, і гэта стала прычынай для выдачы 36 прадпісанняў жыхарам такіх вуліц як Сянкевіча, Казінца, Мамантава, 17 Верасня, Алега Кашавога, Камарова, Якуба Коласа, Церашковай, Сацыялістычнай, Чэхава, Камінтэрна, завулкаў Суворава і Шпітальнага.

Абследаваны таксама 58 прадпрыемстваў і ўстаноў, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Не абышлося без прадпісанняў некаторым з іх з устанаўленнем канкрэтных тэрмінаў навядзення парадку.

Так, аб'яднаннем камунальных службаў пакуль не прыбрана смецце ў кустах уздоўж пешаходнай дарожкі ад вуліцы Магістральнай да вуліцы Энгельса, не патурбаваліся скасіць пустазелле на пустых тэрыторыях  вуліц  Баравой, Касценчыка, на тэрыторыях, якія прылягаюць да прыпыначных пунктаў, па вуліцах 17 Верасня (насупраць лясгаса), Сянкевіча і Алега Кашавога з абодвух бакоў. Увагі патрабуе і тэрыторыя ў цэнтры горада, побач з домам па вуліцы Танкістаў, 30: не ачышчаны надворны туалет, яго надземная драўляная частка патрабуе замены.   

Прэтэнзіі ўзніклі і да гаражнага кааператыва "Шанс-2006". Яго тэрыторыя не абкошана, да канца не прыбрана смецце. А ў цэлым тут варта было б абсталяваць кантэйнерную пляцоўку для збору цвёрдых бытавых адходаў. Для яшчэ аднаго гаражнага кааператыва - "Васеліс" - характэрныя аналагічныя недахопы: пустазелле, смецце, якое валялася вакол кантэйнернай пляцоўкі... Каля асобных гаражоў заўважаны непарадак. Па словах старшыні кааператыва, некаторыя ўладальнікі складзіруюць такім чынам неабходныя будматэрыялы. 

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, з філіяла ДЭУ-4 прыйшоў пісьмовы адказ, што ліквідаваны парушэнні, указаныя ў прадпісанні. У прыватнасці, ачышчаны пляцоўкі адпачынку на 281-м км, у раёне кафэ ЗАТ "Новая Вёска", прыдарожныя палосы і палосы адводу на аўтадарозе М1/Е30.

Сярод тых, каму былі выдадзены прадпісанні, Рубяжэвіцкі сельскі Савет, мясцовыя сельгаспрадпрыемства і ўчастак РЭС. Энергетыкам указана, што не прыбралі каля сябе вулічны змёт. Яны аператыўна ліквідавалі гэты недахоп. У вёсцы Тонава хаваецца ў пустазеллі артсвідравіна сельгаспрадпрыемства, якая сілкуе вадою населены пункт. Яшчэ ў гэтай вёсцы, як, дарэчы, і ў Рубяжэвічах, склалася аварыйная сітуацыя на водаправодных сетках. Вёска Тонава "засвяцілася" і пустазеллем, смеццем на пустырах...

На тэрыторыі Мікалаеўшчынскага сельсавета таксама выяўлены факты безгаспадарчасці. Зрэзаныя галіны дрэў сустракаюць пры ўездзе ў агарагарадок Любкаўшчына (справа ад жылых дамоў), а ў скверы непадалёку ад помніка чамусьці прыжылося... пустазелле. Не ўсе домаўладанні абкошаны ў Мікалаеўшчыне, Пагарэлым, Грабёнаўшчыне. Мясцовае сельгаспрадпрыемства не паклапацілася абкасіць зоны санітарнай аховы артсвідравін у Любкаўшчыне, Пагарэлым, Жыгалках, Мясёнкаўшчыне, Грабёнаўшчыне. У Любкаўшчыне лазня з тыльнага боку з разламанай агароджай.  

Зарасла травою тэрыторыя ААТ "Викстари" (дырэктар І. К. Паляшчук). Нямала нараканняў узнікла да ДРБУ № 135 за тое, што адсутнічае парадак на прыпыначных пунктах у Ячонцы, Ячным, Засуллі, Рубяжэвічах, Тонаве, Дзяўгах, Запольцах, Буцькавічах, Рочавічах. Пустазелле  на прыпынках у Пагарэлым, Кнотаўшчыне, Любкаўшчыне, Жыгалках, турбазе "Высокі бераг", на вуліцы Коласаўскай у Стоўбцах.

Ёсць, на жаль, і іншыя адрасы безгаспадарчасці. Санітарнай службай за верасень і першую дэкаду кастрычніка складзены на парушальнікаў 18 адміністрацыйных пратаколаў, сума накладзеных штрафных санкцый склала амаль 2,5 мільёна рублёў. Па праблемных пытаннях інфармацыя перададзена ў аддзелы архітэктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ