Як справіцца са смеццем
Нумар - №208-210 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
29.10.2011
Падчас рэйдаў у насельніцтва, а таксама ў суб'ектаў аграэкатурызму ўзнікла нямала пытанняў, звязаных з арганізацыяй раздзельнага збору смецця, яго вывазу, мінімізацыі сеткі міні-палігонаў і ўвогуле ўтылізацыі адходаў.
Каб падысці да праблемы навядзення парадку на Стаўбцоўшчыне ўсебакова, у комплексе, мы папрасілі адказаць на ўзнятыя пытанні нашых экспертаў - прадстаўнікоў розных зацікаўленых службаў.
Людміла Муракова, інжынер-эколаг Стаўбцоўскага аб'яднання камунальных службаў:
- Штодзённа на ўборцы раёна працуюць 5-6 аўтамашын-смеццявозаў. Убіраем не толькі горад, а і тэрыторыі сельсаветаў. Для гэтага адна машына перададзена на ўчастак у Дзераўную, яна абслугоўвае населеныя пункты трох сельсаветаў: Шашкоўскага, Налібацкага і Дзераўнянскага. Яшчэ адну машыну перадалі Рубяжэвіцкаму сельскаму Савету - на ўборку вёсак Рубяжэвіцкага, Літвенскага і Засульскага сельсаветаў. Акрамя таго, абслугоўваем 47 дачных таварыстваў. Цэнтралізаваны вываз цвёрдых камунальных адходаў наладжаны раз у месяц. Камусьці хацелася б часцей, але на гэта патрэбны сродкі. Паслуга па вывазе каштуе каля 800 рублёў у месяц на аднаго чалавека пры тым, што працягласць нашага раёна складае каля 70 км. Заключылі дагаворы з нашай арганізацыяй на вываз адходаў не ўсе прыватнікі, дзесьці 90 працэнтаў.
Раздзельным зборам адходаў ахоплена толькі гарадская зона. У сельскай мясцовасці ўстаноўку кантэйнераў не практыкуем, ды і для раздзельнага збору патрэбна, каб на адной пляцоўцы было пяць кантэйнераў - асобна для шкла, пластыку, паперы і г. д. Пры жаданні можна ўстанавіць кантэйнер у прыватным парадку. Мы даём адрасы, дзе іх можна набыць. Каштуе ён прыкладна 600 тысяч рублёў. Заўважу, кантэйнер прызначаны толькі для цвёрдых камунальных адходаў, а ўсе харчовыя адходы або траву з агарода лепш закладваць у кампостную яму.
Аляксандр Сарока, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
- Інспекцыя ажыццяўляе кантроль і каардынацыю цэнтралізаванага збору цвёрдых бытавых адходаў і вывазу іх на міні-палігоны. Нам важна, каб на палігон паступалі толькі цвёрдыя камунальныя адходы і з іх быў арганізаваны максімальны выхад другаснай сыравіны.
У апошні час ідзе працэс аптымізацыі сеткі міні-палігонаў, што павінна палепшыць у раёне экалагічную абстаноўку. На даны момант ужо закрыты і рэкультываваны 28 міні-палігонаў. У ліку дзеючых пакінуты толькі два палігоны - у Новым Свержані і ў Тонаве. Яны могуць прыняць вялікі аб'ём адходаў, там захоўваецца санітарна-ахоўная зона і іншыя патрабаванні.
У раёне тэхнікай па цэнтралізаваным вывазе адходаў ахоплены літаральна ўсе населеныя пункты. У шматкватэрных дамах наладжаны планава-рэгулярны вываз адходаў. Абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі, у тым ліку ўсё больш іх з'яўляецца ў буйных населеных пунктах, аграгарадках. А вось прыватны сектар - "кульгае". Усе, без выключэння, домаўладальнікі павінны заключыць дагавор на цэнтралізаваны вываз цвёрдых бытавых адходаў. Уборка павінна быць уключана ў аплату, як і іншыя камунальныя паслугі. А так па вуліцы едзе трактар і забірае смецце толькі ў "выбраных", у тых, хто заключыў дагавор.
З боку АКС работа з насельніцтвам у гэтым накірунку павінна весціся больш актыўна. Экалагічная служба дапамагае камунгасу. З пачатку года чатыры домаўладальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 15.63 КоАП (за парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абыходжанні з адходамі"). Мінімальны штраф па гэтым артыкуле - 175 тысяч рублёў. Пры неабходнасці санкцыі прымяняем і да аб'яднання камунальных службаў - за зрыў графіка вывазу адходаў. Так, сёлета былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы (на юрыдычную асобу і на службовую).
Домаўладальнікам нагадаю, што раслінныя рэшткі мэтазгодна не выкідваць, а выкарыстоўваць на сваім агародзе для кампосту. Калі гэты варыянт не задавальняе - трэба заказваць тэхніку для іх вывазу ў аб'яднанні камунальных службаў. На нашых палігонах у Новым Свержані і Тонаве прадугледжаны пляцоўкі для складзіравання і кампасціравання раслінных рэшткаў.
Яўген Крамко, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама:
- Галоўнае - прыватныя домаўладальнікі не хочуць заключаць дагаворы на цэнтралізаваны вываз адходаў. Спасылаюцца, што ў іх няма смецця. Каб навесці парадак, павінен быць 100-працэнтны ахоп. Мы прывучылі людзей да таго, што прыбіраем побач з іх платамі. Трэба мяняць псіхалогію людзей. І ў гэтым плане ў нас яшчэ непачаты край работы.
Ала Шыдлоўская, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
- Восенню нярэдка з прысядзібных участкаў сцелецца шызы дымок ад спальвання смецця і апалага лісця. У касцёр кідаюць бутэлькі і каністры з ПВХ, тэтрапакеты, высланыя знутры пластыкам, кучы парніковай плёнкі, пенапласт, стары гумавы абутак, аўтакамеры. Ведайце, што пры гэтым ваш агарод-кармілец труціцца ядамі.
І дым таксама неспрыяльны для здароўя. Нават пры спальванні простага сушняку разам з сырой травой выдзяляюцца так званыя ірытанты, раздражняльнікі. Ад іх чырванеюць і слязяцца вочы, падступаюць прыступы кашлю. Самымі небяспечнымі з прадуктаў гарэння арганічных адходаў з'яўляюцца для чалавека бензапірэны. У дыме ад кастра іх утрымліваецца ў 350 разоў больш, чым у цыгарэтным.
Ці варта падвяргаць сябе і суседзяў хімічнай "атацы"? Лепш аднесці смецце ў кантэйнер.






