На шырокі прастор
Нумар - №211-212 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
01.11.2011
Колас неабдымны, як яго эпахальная творчасць. І як яго жыццё - прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне. З жыццяпісу народнага песняра падчас Каласавін прыгадаем падзеі стогадовай даўніны. Заснаваны яны на ўспамінах самога Якуба Коласа, фактах біяграфіі, расказах аб ім.
Восень 1911 года выдалася сырой, дажджлівай. 11 верасня Канстанціна і Уладзіміра Міцкевічаў адпусцілі на волю. Адбылі ў мінскім астрозе тэрмін поўнасцю, ад званка да званка. Горка, невыносна цяжка ў засценку. Але і цяпер - куды падацца?
Для сябе Канстанцін Міхайлавіч рашыў даўно: завітаю ў рэдакцыю "Нашай нівы". Там жа, у Вільні, душу апальнага паэта, які пад следствам быў, абагрэлі, далі нейкую працу, нават закутак выдзелілі для начлегу. І газету пакаваў, і падлогу падмятаў. Самае ж каштоўнае: друкавалі ягоныя творы. І ўжо шырока вядомым стала літаратурнае імя Якуб Колас. У рэдакцыі пісаў сваё, правіў допісы, перакладваў з рускай і польскай моў.
Але паліцыя выганяла з горада. Сабраўся па парадзе сяброў на Магілёўшчыну, уладкавацца настаўнікам прыватнай беларускай школы. Але выклікалі ў Мінск павесткай і арыштавалі прама ў судовай зале.
У нумары за верасень 1908 года "Наша ніва" абвясціла аб гэтым у сваім артыкуле: "Судовая палата 15 жніўня засудзіла ў крэпасць на тры гады трох народных вучыцеляў: К. Міцкевіча, Безмена і Пятроўскага. Судзілі іх за тое, што яны хацелі зрабіць хеўру вучыцеляў і ўжо злажылі камітэт свой. "Наша ніва" страціла аднаго супрацоўніка свайго, вельмі здольнага беларускага народнага паэта Якуба Коласа, яго пасадзілі ў турму за вучыцельскі саюз на тры гады…"
Коласу сказалі аб гэтай публікацыі сябры, якія наведалі яго ў мінскай турме. Ведаў ён і тое, што адзін з удзельнікаў з'езду, Алесь Сянкевіч, падаўся ў Амерыку. Нават сам пісаў аб гэтым у "Нашай ніве". Але выбраўся старэйшы друг і паплечнік своечасова. Колас жа, як сам прызнаваўся, быў заціснуты ў кола. Схопяць, як толькі ступіш праз мяжу. Дый, галоўнае, таварышаў судзяць, як жа іх пакінуць? Думалася, што ўжо само асуджэнне дасць нейкі штуршок настаўніцкаму рэвалюцыйнаму руху…
Шмат перацярпеў, і вось воля. Трэба неяк уладкоўвацца. У Мінску Міцкевічы завіталі да знаёмага Аляксандра Райскага. Зрабіўся ён ужо важнаю шышкаю. Служыў памочнікам начальніка канцылярыі мінскага губернатара. У сям'і Райскага хлопцаў запрасілі на абед. А вось нічога канкрэтнага наконт дапамогі ў працаўладкаванні прапанавана не было.
Так, шлях на Вільню. Там ужо быў выпушчаны першы зборнік вершаў Якуба Коласа "Песні жальбы". А ў Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша ваконца" пабачыла свет кніжка "Другое чытанне для дзяцей беларусаў". І цяпер, у былую, так бы мовіць, культурную сталіцу Беларусі вёз Колас тры сшыткі вершаў.
Прыехаў у горад рана. Хадзіў па вуліцах, пакуль добра не развіднела. Дождж, слата. Трэба сшыткі хаваць. Трымаў іх пад пільчаком, а куды зайсці? Найперш рупіла - у рэдакцыю "Нашай нівы". Ды сустрэлі так насцярожана. Апальны паэт, з яўна рэвалюцыйным духам, што цяперашняй рэдакцыяй з яе ліберальна-буржуазным ухілам ужо не ўхвалялася. Паскардзіліся толькі на цяжкае матэрыяльнае становішча. Тыраж газеты невялікі. Улады забаранілі выпісваць і чытаць "Нашу ніву" настаўнікам і вучням Віленскай вучэбнай акругі, свяшчэннаслужыцелям, паштовым, ваенным, паліцэйскім і валасным чынам. Асноўная маса тыражу рассылалася па гарадах, мястэчках і вёсках на камісію - для рознічнага продажу, часткова бясплатна, а таксама ў доўг іншым выданням. Заставалася адзіная беларуская газета невялікім штотыднёвікам, разлічаным на сялянскія масы.
Ці ж пытацца тут аб працягу працы? Прыблукаў у прыходскую школу да настаўніка Зотава, з дачкой якога быў знаёмы. Напаілі, дзякуй, каваю. Але з такімі халоднымі адносінамі і кава не абагрэла. Надумаўся заглянуць да Івана Касяка, які блізка стаяў да рэвалюцыйнага руху, дапамагаў грашыма, калі сядзелі ў астрозе. Прытулілі, далі павячэраць. Але перспектыў ніякіх, усё беспрасветна. Не бачыў выхаду. Усё навокал нібы замкнулася, яшчэ горш, чым у астрожным карцары.
Паехаў на радзіму, у Смольню. Сустрэлі з радасцю, ды кавалак у горла не лезе, калі думкі, што адбіраеш апошняе ў сям'і. Адзін прасвет - творчасць. Пачаліся прымаразкі. Апранаў кажух, ногі - у валёнкі, і на Нёман. Там яскрава выплывалі вобразы будучай "Новай зямлі". Сталі з'яўляцца думкі пра "Сымона-музыку". Як пішаш, то нібы цяжар з плячэй скідаеш.
А верныя сябры не падвядуць, працягнуць руку дапамогі. Таварыш па вучобе ў настаўніцкай семінарыі Філіповіч паклікаў да сябе ў Лунінец. Перадаў сваіх вучняў, дзяцей чыгуначнікаў. Плата слабаватая, па два рублі ў месяц з навучэнца. Займаліся 20 чалавек. Быў час і для творчасці. Клаліся на паперу радкі "Новай зямлі", "Сымона-музыкі".
Павёў адлік і год 1912-ы. Пачаўся ён з павесткі ў войска. Абысці гэтую прыгоду можна было толькі афіцыйнай настаўніцкай пасадай. Але ж для гэтага неабходна даведка аб палітычнай добранадзейнасці. А дзе ж яе ўзяць з ярлыком астрожніка.
І тут нечакана дапамог той жа Райскі. Ён параіў ехаць да знаёмага яму інспектара народных вучылішчаў у Пінску, які і вызначыў працоўнае месца. І там шчаслівы паварот лёсу - знаёмства з каляжанкай настаўніцай Марыяй Каменскай. Узаемнае каханне, праз год - вяселле.
Наперадзе быў грозны час Першай сусветнай вайны, грымоты рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны. Усё гэта не абмінула і лёсу Якуба Коласа. Але шчодрым засевам рунела "Новая зямля", выплывалі мелодыі "Сымона-музыкі". Свой неацэнны скарб, набытак для пакаленняў стварала творчая душа народнага песняра.






