На сувязі — рэдакцыя
Нумар - №211-212 Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя
01.11.2011

Нашы кантактныя тэлефоны: 5-44-47, 5-33-63.
Малады чалавек звярнуўся ў рэдакцыю з пытаннем, ці можа ён адкрыць сваю справу з фінансавай дапамогай цэнтра занятасці.
На пытанне адказвае начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Афанасенка: "Так, мы прадаўжаем практыку выдзялення беззваротных субсідый для арганізацыі ўласнай справы грамадзянам. Для гэтага грамадзянін павінен быць зарэгістраваны ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўнага. Для вырашэння пытання аб выдзяленні субсідыі беспрацоўны падае ў аддзел занятасці наступныя дакументы: заяву аб прадастаўленні субсідыі, тэхнічна-эканамічнае абгрунтаванне (бізнес-план) эфектыўнасці арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасля таго, як бізнес-план адобрыць экспертны савет, з беспрацоўным грамадзянінам заключаецца дагавор і на яго рахунак паступае грашовая субсідыя. Беспрацоўны падае заяву ў аддзел эканомікі райвыканкама для рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У 2011 годзе ў нашым упраўленні 8 беспрацоўных скарысталі магчымасць атрымаць субсідыі для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Плануецца працяг гэтай работы і ў 2012 годзе".
Пытанне з сайта газеты:"У вашай газеце шмат матэрыялаў аб добраўпарадкаванні горада. Звярніце, калі ласка, увагу на такі аспект, як разметка пешаходных пераходаў. Вось, напрыклад, перакрыжаванне дарог на вул. Казлова і Сацыялістычнай. Пералік можна працягваць. Чаму ДАІ не звяртае ўвагу на гэта?"
Пытанне рэдакцыя адрасавала начальніку РАУС Алегу Савасцею. Змяшчаем яго адказ: "Зварот разгледжаны ў ДАІ. Прынята рашэнне аб неабходнасці дадаткова вывучыць стан дарожнай абстаноўкі, інтэнсіўнасць пешаходнага і аўтамабільнага руху на перасячэнні вуліц Казлова і Сацыялістычнай, Царука і Сацыялістычнай у Стоўбцах. Пры неабходнасці ўказаныя перасячэнні будуць абсталяваны патрэбнымі тэхнічнымі сродкамі з нанясеннем дарожнай разметкі. Адначасова паведамляю, што ў сувязі з заканчэннем ліміту ўстаноўкі дарожных знакаў і нанясення разметкі, указаныя сродкі можна ўстанавіць толькі ў 2012 годзе".






