Пелеты, якія прыносяць валюту
Нумар - №211-212 Рубрыка - Прамысловасць
01.11.2011


Круціцца вялізны сушыльны барабан з апілкамі, і некалькі рабочых сочаць за вытворчым працэсам.
Трое чалавек - гэта калектыў, які па зменнаму графіку абслугоўвае ўсё абсталяванне на пелетным участку Стаўбцоўскага доследнага лясгаса і выдае ў сярэднім 7 тон прадукцыі ў змену. За месяц - 80 тон. Калі абсталяванне не падводзіць, то іншых прычын для зніжэння нормы выпуску звычайна не бывае. Сыравіны хапае, вытворчасць пелетаў наладжана кругласутачна. Вось яны, спрасаваныя ў "бобкі" апілкі, ужо ўпакаваны ў аб'ёмныя мяхі вагою да адной тоны кожны і чакаюць сваёй адпраўкі "за кардон".
Майстар пелетнага ўчастка Андрэй Жылінскі, які затрымаўся ля шчытоў кіравання, патлумачыў:
- Уся пелетная прадукцыя - экспартная. У нас яна не затрымліваецца - з участка адразу загружаецца ў вагоны.
"Праўда, бачыце вунь тыя невя-лікія мяшочкі? - паказвае майстар. - Гэта заказалі жыхары раёна для абагрэву сваіх дамоў".
Перспектыўная пелетная вытворчасць стала развівацца ў лясгасе дзесьці тры гады таму. Андрэй Жылінскі быў прызначаны майстрам пелетнага ўчастка з самага пачатку. Кіраўніцтва прадпрыемства добра ведала Андрэя Міхайлавіча па яго рабоце ў Акінчыцкім дрэваапрацоўчым цэху.
Ля абсталявання акурат завіхалася змена ў складзе Аляксандра Лойкі і Артура Мілашэўскага. Бачылі, як стараюцца маладыя работнікі. Майстар пахваліў іх: "Звычайна, іменна іх змена больш за іншыя вырабляе пелетаў".
НА ЗДЫМКАХ: пелетная вытворчасць лясгаса і яе майстар Андрэй Жылінскі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






