Фрыстайл "Кароткага замыкання"
Нумар - №213-215 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
04.11.2011
Для каманды вясёлых і знаходлівых Стаўбцоўскіх электрычных сетак "Кароткае замыканне" кастрычнік выдаўся фестывальным і... фінальным.
Вельмі добра выступіла "Кароткае замыканне" і зрабіла ўражанне ў Салігорску, на фестывалі працоўнай і вучнёўскай моладзі Міншчыны, дзе сярод адзінаццаці камандаў разыгрываліся чатыры кубкі. Адзін з іх дастаўся нашай камандзе, пры тым, што два кубкі забралі каманды гаспадароў фестывалю. Стаўбчан відавочна прыкмецілі - яны ўжо атрымалі запрашэнне на ўдзел у іншых сур'ёзных мерапрыемствах, якія будуць праходзіць у Мінскай вобласці.
"Кароткае замыканне" выступіла яшчэ ў Палацы дзяцей і моладзі ў Мінску, дзе праходзіў паўфінал І адкрытай Мінскай лігі Беларускага КВЗ, і выйшла ў фінал! У нашай каманды - другое месца, 113 балаў па выніках гульні. Можна сказаць, што сапернікі дыхалі адзін аднаму ў патыліцу: каманда-пераможца набрала 114 балаў, а каманда, якая ад "Кароткага замыкання" апусцілася на ступеньку ніжэй, - 110. Варта заўважыць, што абедзве каманды, з якімі стаўбчане вялі барацьбу на сцэне, паходзяць са сталіцы рэспублікі.
Стаўбчане на гэты раз паказалі сябе мацнейшымі на размінцы і, традыцыйна, у конкурсе навін. Візітная картка іх называлася "Фрыстайл" і вылучалася індывідуальнасцю, так бы мовіць, вольным стылем творчай гульні. Выйграла "Кароткае замыканне" музычны конкурс, дзе трэба было агучыць выбарачныя кадры з кінафільмаў радкамі са знаёмых песень. Атрымалася такое нядрэннае "асарці" дзесьці з 15 кінафільмаў.
- У Салігорску "Кароткае замыканне" выступала чыста мужчынскім саставам, а ў Мінску з намі была і дзяўчына, вучаніца 11 класа школы № 3 г. Стоўбцы Кацярына Цвірка, - падзяліўся капітан каманды Дзяніс Аляшкевіч і папрасіў выказаць удзячнасць за дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, аказаную падтрымку дырэктару Стаўбцоўскіх электрасетак Уладзіміру Рублеўскаму, аддзелу па справах моладзі і ў прыватнасці Настассі Віслаўскай, а таксама дырэкцыі школы № 3.
Фінальная гульня Мінскай лігі Беларускага КВЗ пройдзе вечарам 24 лістапада ў тым жа Палацы дзяцей і моладзі ў Мінску. Землякам, напэўна, варта пахварэць за "Кароткае замыканне", якое выступае так дастойна. Плануецца арганізаваць цэнтралізаваную дастаўку балельшчыкаў, таму варта не прапусціць відовішча інтэлекту, творчасці і гумару (тэл. для даведак - 8-029-77-11-407, Дзяніс Аляшкевіч).






