Падзеі і здарэнні
Нумар - №213-215 Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны
04.11.2011
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 9 шлюбаў, зроблены шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены пяцярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Сяргею Лойку, Маргарыце Францкевіч, Станіславу Ярмаку, Сяргею Міхайлоўскаму і Маргарыце Каробцы.
Зямны шлях закончыўся для 17-ці чалавек.
У пажарнай часці тыдзень прайшоў, на шчасце, без вогненных здарэнняў. У рамках месячніка пажарнай бяспекі ў жылым сектары, які будзе доўжыцца да 10 лістапада, актыўна вядзецца прафілактычная работа.
Пракуратурай праводзіцца праверка па фактах смерці жыхароў горада Стоўбцы і вёскі Пруды. У судзе раёна падтрымлівалася абвінавачванне па 10 крымінальных справах. Таксама разгледжаны чатыры грамадзянскія справы: тры - аб спагнанні выдаткаў, затрачаных на рэчавую маёмасць, адна - аб кампенсацыі запазычанасці за пражыванне ў інтэрнаце выпраўленчай установы адкрытага тыпу № 38. У суд накіраваны 8 крымінальных спраў у адносінах да 8 абвінавачваных.
Суд асудзіў да 1 года пазбаўлення волі грамадзяніна: будучы судзімым за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення, з нязнятай і непагашанай судзімасцю, ён ізноў сеў за руль аўтамабіля "ВАЗ" нецвярозым і быў спынены інспектарам у вёсцы Казейкі. Гора-вадзіцель, акрамя таго, пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў. 39-гадовы жыхар Старога Свержаня пакараны на год выпраўленчых работ: пасля сумеснага распіцця спіртнога ён пакінуў сабутэльніка без мабільнага тэлефона і падзараднага прыстасавання. 32-гадовы стаўбчанін аштрафаваны на 1 мільён 50 тысяч рублёў - за абразлівыя словы, выказаныя ў нецвярозым стане на адрас судовага выканаўцы. 22-гадовы жыхар вёскі Куль быў выкліканы ў суд па крымінальнай справе ў якасці абвінавачванага, але з'явіўся ў залу судовых пасяджэнняў... нецвярозым, за што быў арыштаваны на 15 сутак. 39-гадовы жыхар Новых Рубяжэвічаў, які выкраў з поля ААТ "Рубяжэвічы" 35 кг бульбы, атрымаў штраф у памеры 350 тысяч рублёў. 38-гадовая жыхарка Канкаловічаў, будучы нецвярозай, пазваніла ў міліцыю і прадставілася ў ролі пакрыўджанай таксістам. Насамрэч яна ездзіла на таксі за выпіўкай і адмовілася плаціць за паслугу. За фальшывую інфармацыю суд правучыў яе штрафам - на суму 140 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 208 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - пяць п'яных і 8 бяспраўных вадзіцеляў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Зафіксаваны 16 дарожных аварый. Трагедыя здарылася ў мінулую суботу на 261-м км аўтадарогі Брэст - Мінск - мяжа РФ: у 19.20 жыхар Мінска, які кіраваў аўтамабілем "Фольксваген-шыран", наехаў на мапедыста. Апошні для ажыццяўлення манеўру павароту перасякаў праезджую частку, пры гэтым быў добра абазначаны святлоадбіваючымі элементамі. Ад атрыманых траўмаў малады чалавек 1986 года нараджэння загінуў... Ён ехаў з Нясвіжскага раёна, дзе пражываў, у Карэліцкі да маці...
"Хуткая" выязджала да хворых 185 разоў, у прыватнасці 9 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.






