мобильная версия
Прамень

Пытанні бяспекі актуальныя не толькі падчас месячніка

Нумар - №213-215    Рубрыка - Прамая лінія

04.11.2011

Фотография 1

На Стаўбцоўшчыне працягваецца  месячнік пажарнай бяспекі ў жылым сектары. Мэта яго - папярэдзіць пажары, шляхам узмацнення прафілактычнай работы стварыць падмурак для таго, каб у новым ацяпляльным сезоне не пацярпелі людзі.

51 пажар, які здарыўся на Стаўбцоўшчыне з пачатку года, забраў жыцці 4 чалавек.  Асноўная прычына трагедый - курэнне ў нецвярозым стане.

У цэлым становішча  з пажарамі на тэрыторыі раёна застаецца пад кантролем. У ходзе месячніка асабовым саставам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ужо правераны каля 300 домаўладаняў адзінокапражываючых састарэлых, 19 домаўладанняў адзінокіх і адзінокапражываючых інвалідаў І і ІІ груп, 127 дамоў шматдзетных сем'яў, 11 - інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 62 -  сем'яў, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, 59 - жыхароў раёна, якія злоўжываюць спіртным. Тэматычныя кіналекторыі, брэйн-рынг для школьнікаў "Знатакі асноў бяспекі жыццядзейнасці", сельскія і дваровыя сходы - гэтыя і іншыя мерапрыемствы праходзяць у раёне.

Адбылася  і прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыем Ілюшыным. Ён адказаў на пытанні, якія хвалююць жыхароў раёна.

- Хацелі б устанавіць у доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Як гэта зрабіць? - цікавіліся Канстанцін Пальчык са Слабодкі, Фе-ліцыя Босая з Дружнай і іншыя жыхары раёна са статусам інваліда.

- Удзельнікам вайны, інвалідам І і ІІ груп, адзінокім састарэлым, шматдзетным сем'ям устанаўліваем аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі бясплатна. У гэтым годзе раённы выканаўчы камітэт выдзеліў на рамонт печаў, электраправодкі і на ўстаноўку апавяшчальнікаў больш за 23 мільёны рублёў. Яшчэ 18,5 мільёна рублёў выдзеліў нам абласны выканаўчы камітэт - для набыцця апавяшчальнікаў і аб'яднання іх у адзіную сетку. У раёне аб'яднаны такім чынам 30 дамоў. Плануецца выдзяленне дадатковых сродкаў. Спісы сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян абнаўляюцца пастаянна. Вашы даныя мы запісалі - пастараемся ўстанавіць вам па аднаму апавяшчальніку, хаця прыбор  павінен быць у кожным жылым пакоі дома. З такімі патрабаваннямі ўжо здаецца новае жыллё. 

- Дзе можна купіць апавяшчальнік? Колькі ён цяпер каштуе?

- Апавяшчальнік, неабходны элемент бяспекі ў вашым доме, можна купіць у магазіне ў Стоўбцах, у іншых гарадах. Прыбор каштуе каля 50 тысяч рублёў. Заўважу, пытанне бяспекі не варта вымяраць грашыма. Ёсць нямала прыкладаў у вобласці, рэспубліцы, калі менавіта апавяшчальнік падарыў чалавеку шанц выжыць у надзвычайнай сітуацыі. У Літвенскім сельсавеце не так даўно мы ўручалі падзякі вяскоўцам, якія адрэагавалі на трывожны сігнал прыбора і паспелі вынесці з  дома, які гарэў,  маларухомага чалавека. 

Непасрэдна на прамую лінію і раней у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступалі званкі з патрабаваннем: "Прыбор перастаў працаваць, дайце новы".

- Нас хвалюе пытанне абслугоўвання ўстаноўленага апавяшчальніка. Каб ён працаваў, трэба своечасова, прыкладна раз у год, мяняць батарэйку. Па правілах пажарнай бяспекі гэта ўваходзіць у функцыі домаўладальніка.

- Не дае пакою праблемная сям'я з малым дзіцем. Запалкі там знаходзяцца ў самым даступным месцы.  

-  Разумею вашую трывогу. Сам назіраў падобную карціну ў вёсцы Мікалаеўшчына. У дзесяць раніцы дзяўчынка гадоў чатырох была дома адна, а яе маці  ішла з магазіна з бутэлькай віна… У хаце - бруд, у халадзільніку - шаром пакаці, ляжала толькі палова пачкі чыпсаў. У нашым міністэрстве рыхтуюцца змены ў нарматыўныя акты, каб узмацніць прафілактычную работу з сем'ямі, дзе гадуюцца непаўналетнія дзеці. За сем'ямі, дзе трое і больш дзяцей, будзе персанальна замацаваны начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама ўсе чацвёра яго намеснікаў. А ў цэлым для больш якаснай прафілактыкі пажараў у жылым сектары старшы і сярэдні начсастаў РАНС будзе апекавацца ўсімі сем'ямі з непаўналетнімі дзецьмі (на Стаўбцоўшчыне іх больш за тры тысячы).

Асаблівая ўвага, што мы і робім цяпер, падчас месячніка пажарнай бяспекі, - нядобранадзейным сем'ям, у прыватнасці, каб малалетнія не заставаліся дома адны, абавязкова наведвалі дзіцячы садок. У гэтым напрамку цесны кантакт наладжаны з райаддзелам міліцыі, аддзелам адукацыі, камісіяй па справах непаўналетніх. Любая інфармацыя аб тым, што дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, аналізуецца і, пры неабходнасці, можа паслужыць прычынай хадайніцтва аб адабранні дзяцей па Дэкрэту № 18 і змяшчэнні іх у сацыяльны прытулак. 

Жыхар вёскі Яблынаўка Канстанцін Дубатоўка непакоіцца, што не абкошваецца сухі быльнёг вакол іх вёскі?

- Разбяромся, каму належыць гэтая  зямля і адрасуем уласніку прадстаўленне. Абкошваць сухую расліннасць неабходна, вы правільна звярнулі на гэта ўвагу. Навядзенне парадку як грамадзянамі, так і суб'ектамі гаспадарання, - адна з супрацьпажарных мераў.

Аб'яўлены месячнік пажарнай бяспекі. Але нічога не мяняецца ў тых жа падвалах, на лесвічных пляцоўках. Смецце, захламленасць…

- Месячнік аб'яўлены з 10 кастрычніка па 11 лістапада, а пытанні бяспекі актуальныя круглы год. Падчас месячніка мы аглядаем і падвалы, і лесвічныя тамбуры. Што датычыць кааператыўных дамоў, то там, як правіла, наведзены парадак. У дамах, якія знаходзяцца на балансе аб'яднання камунальных службаў, пытанні ўзнікаюць. Але нельга сказаць, што сітуацыя не мяняецца. Мы працуем сумесна з камунгасам - падвалы ў асноўным ачышчаны і бамжы там не жывуць.

На пасяджэннях раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, дзе аналізуецца план выканання месячніка, былі заслуханы найбольш праблемныя арганізацыі і сельскія Саветы. З ліку зробленага хочацца вылучыць навучанне рабочых, кіраўнікоў па праграме пажарнага мінімуму. У  райгазе  і райаграсэрвісе прайшлі вучэнні па адпрацоўцы эвакуацыі на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Пройдуць яны і на аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей - у дзіцячых садках і школах, дамах-інтэрнатах. Для правядзення месячніка задзейнічаны клубы юных выратавальнікаў-пажарных. Школьнікі прыходзяць у райаддзел на экскурсіі. Усё зробленае прынясе свой плён.

Індывідуальны прадпрымальнік звяртаў увагу на вялікую колькасць нарматыўна-прававых дакументаў, якія датычаць пажарнай бяспекі. Нельга адсачыць іх усе, а як выканаць?..

- У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні адзіных правіл пажарнай бяспекі для ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, без уліку, зразумела, спецыфічных. Мяркуецца зменшыць, спрасціць дакументаабарот і, пры гэтым, павысіць адказнасць суб'ектаў гаспадарання.

-  РАНС можа  праверыць газавентыляцыйныя каналы дымахода?

 - У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ёсць на гэта ліцэнзія. Кошт паслугі - 10 тысяч 140 рублёў за праверку кватэры. Праверка вентканалаў - патрабаванне, якое грамадзянін павінен няўхільна выконваць адзін раз у год, лепш за ўсё - у перыяд падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. Чадны газ не мае колеру і паху і вельмі небяспечны. Калі вы жывяце ў кааператыўным доме, то старшыні кааператыва варта ўзяць гэта пытанне пад свой кантроль - прыйсці і заключыць з намі дагавор.    

Улічваючы, што пачаўся ацяпляльны сезон, Валерый Ілюшын звярнуў увагу на яшчэ адзін момант, вельмі небяспечны ў сваіх наступствах, - на правільную  эксплуатацыю катлоў - газавых, на мясцовых відах паліва. Па гэтай прычыне ў нашым горадзе быў выпадак выбуху самаробнага катла. У надзвычайнай сітуацыі, на шчасце, абышлося без ахвяр, але не варта выпрабоўваць лёс.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ