Школьнае жыццё
Нумар - №213-215 Рубрыка - Адукацыя
04.11.2011
ПАМЕРАЦЦА СІЛАМІ
У час восеньскіх канікул традыцыйна прайшоў другі этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 409 вучняў школ раёна, якія выступалі па 13 прадметах. Інтэлектуалы з'ехаліся ў СШ № 3 г. Стоўбцы.
Гэта вельмі важнае інтэлектуальнае спаборніцтва, што вызначыць тых вучняў, якія будуць прадстаўляць наш раён у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Лепшыя работы будуць правярацца ў абласным упраўленні адукацыі. Яно і вызначыць спіс вучняў, хто атрымае права ўдзелу ў абласной алімпіядзе.
У ШКОЛУ - АДПАЧЫВАЦЬ
13 лагераў дзённага прабывання ў адукацыйных установах раёна прынялі рабят на аздараўленне ў час восеньскіх канікул.
Для арганізацыі адпачынку вучняў выдаткавана з бюджэту больш за 20 мільёнаў рублёў. Аздаравіліся 400 вучняў, у асноўным ва ўзросце 6-15 гадоў.
У кожнай школе распрацавана змястоўная праграма адпачынку, якая ўключала цікавыя сустрэчы, экскурсіі, рознага плану мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця, прафілактыку шкодных звычак, пашырэнне кругагляду.
З новымі сіламі рабяты прыступаюць да вучобы. Наперадзе іх чакаюць зімовыя канікулы.
СЛОВАМ І ФІЛЬМАМ
Дзіцячая раённая бібліятэка ў час восеньскіх канікул вучняў, на якія прыпадае дзень нараджэння Якуба Коласа, склала змястоўную праграму па папулярызацыі творчасці класіка беларускай літаратуры, нашага славутага земляка.
Для вучняў пачатковых класаў СШ № 2 г. Стоўбцы, якія адпачывалі ў лагеры дзённага прабывання, была праведзена краязнаўчая гадзіна. Бібліятэкары расказалі пра жыццё і творчасць Якуба Коласа. Шмат карыснай інфармацыі рабяты даведаліся з кніжнай выставы, якая ўмясціла самыя розныя выданні - і творы класіка, і даследчую літаратуру, прысвечаную Якубу Коласу. У сваіх фондах бібліятэка мае відэаматэрыялы. Мультымедыйныя сродкі таксама былі скарыстаны для таго, каб цікава і запамінальна расказаць пра вядомага літаратара.
І НАРЫХТОЎКА, І ЎБОРКА
Стаўбцоўская дапаможная школа-інтэрнат шмат што паспела перад зімою. Напрыклад, нарыхтаваць пад поўную патрэбнасць агародніну і бульбу для харчавання дзяцей. Для гэтага працавалі ў сельскагаспадарчых таварыствах "Каганец", "Радзіма Якуба Коласа" і "Вішнявецкі". У сховішчы на зіму завезена морква, сталовыя буракі, бульба. А капусту вырасцілі на сваім школьным агародзе.
Вучні актыўна паўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі "Чысты лес". Прыбралі ад пластыкавых бутэлек, паперы, іншага смецця бліжэйшы лясны масіў.
Прынялі запрашэнне прыехаць з канцэртам у Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы - выступілі са сваёй праграмай у сацыяльнай установе ў Дзень пажылых людзей.
Цяпер у навучальнай установе ідзе актыўная падрыхтоўка да 50-гадовага юбілею школы-інтэрната, які будзе адсвяткаваны ў лістападзе бягучага года. Запрашэнне прыняць удзел у свяце атрымаюць многія арганізацыі, якія не парываюць са школай сяброўскіх сувязяў, як могуць аказваюць ёй спонсарскую падтрымку.






