Спартыўная Стаўбцоўшчына
Нумар - №213-215 Рубрыка - Спорт
04.11.2011

ЗА КУБАК РАЁНА
Галоўная арэна стадыёна "Юнацтва" на рэканструкцыі. І таму турнір на Кубак раёна праводзіўся на міні-футбольнай пляцоўцы. Зразумела, і фармат розыгрышу быў міні-футбольным: па пяць палявых ігракоў і варатар у кожнай камандзе.
Міні-футбол - гульня дынамічная, тэмпавая. Доўга мяч у цэнтры не разыграеш: пас, другі, калі трэба, абводка і ўдар. Зразумела, найбольш запатрабавана тэхніка гульні. Тут ужо яўную перавагу мелі ігракі каманды "Прадпрымальнік", мацнейшыя з якіх абараняюць гонар нашага раёна ў вялікім футболе.
Перамога за перамогай, і "Прадпрымальнік" становіцца лідарам. Урачыста калектыву ўручаецца Кубак раёна. Дакладней, галоўны футбольны прыз застаецца ў камандзе. Дарэчы, за апошнія шэсць гадоў, гэтая дружына заваёўвае раённы Кубак па футболе пяты раз. Другое месца ў каманды ААТ "Агранёманскі", трэцяе - у калектыву хлебапрыёмнага прадпрыемства.
Прызамі адзначаны і ігракі. Сяргей Ермаковіч стаў самым выніковым бамбардзірам, Андрэй Лябедзька - лепшым варатаром. У Андрэя Шпадарука - прыз сімпатый гледачоў.
ЛЮБІМАЯ ГУЛЬНЯ ШКОЛЬНІКАЎ
На спартыўных базах СШ № 3 і СШ № 2 г. Стоўбцы, а таксама пляцоўцы стадыёна "Юнацтва" праходзілі сустрэчы першынства па міні-футболе ў праграме 24-й спартакіяды школьнікаў раёна. Удзельнічалі зборныя каманды 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
У выніку ўпартай і бескампраміснай барацьбы камандныя месцы размеркаваліся наступным чынам. На першым - каманда СШ № 3 г. Стоўбцы, на другім - Коласаўскай СШ, на трэцім - гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Вызначыліся і лепшыя ігракі ў намінацыях. Наймацнейшы нападаючы Уладзіслаў Карніцкі (СШ № 3 г. Стоўбцы), абаронца - Вадзім Пальчэўскі (Коласаўская СШ), варатар - Яўген Дубатоўка (гімназія № 1). Прыз сімпатый гледачоў уручаны Уладзіславу Рубіну, які займаецца ў гімназіі № 1.
ДЮСШ выказвае ўдзячнасць дырэкцыям другой і трэцяй гарадскіх школ за прадастаўленыя спартыўныя пляцоўкі. Адзначаецца і кваліфікаванае судзейства турніру настаўнікам СШ № 2 г. Стоўбцы А. В. Філіповічам.
З НАДЗЕЙНЫМ СПОНСАРАМ
Каманда "Нёман-Агра" стала пераможцай першынства Міншчыны па футболе. Спаборніцтвы футбольных аматарскіх калектываў праводзяцца і ў іншых абласцях рэспублік. Так, завяршыўся чэмпіянат Магілёўскай вобласці. Бясспрэчную перавагу ў ім паказала каманда "Зара" з Круглянскага раёна. Цікава, што асноўным спонсарам футбольнай дружыны, фактычна яе ўладальнікам з'яўляецца прыватны прадпрымальнік Аляксандр Калін. Большасць ігракоў асноўнага саставу працуюць у яго фірме. Як бачна, і хлопцы здольныя, і гаспадар багаты, калі мае магчымасць утрымліваць каманду.






