Тры дыпломы і песня ў душы
Нумар - №213-215 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
04.11.2011

Стаўбчаніна Дзмітрыя Клочку можна назваць самадастатковым маладым чалавекам. Ён з высокай матывацыяй і адказнасцю за ўласныя словы і ўчынкі, без шкодных звычак, цікавы субяседнік, які заварожвае абаяльнай усмешкай.
Магчымасці Дзмітрыя на рынку працы вымяраюцца трыма дыпломамі. Пасля заканчэння ў 2001 годзе школы № 1 г. Стоўбцы вучыўся ў Мар'інагорскім аграрным каледжы, затым Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце. Ва ўніверсітэце паспяваў займацца паралельна па дзвюх спецыяльнасцях - інжынер-механік і менеджар-эканаміст.
Пасля ВНУ малады спецыяліст атрымаў добрую прафесійную і жыццёвую загартоўку ў былым КСУП "Заямнаўскае", дзе працаваў загадчыкам майстэрань. Не так даўно ў Дзімы пачаўся новы важны этап, абраны ім самім, на які ён ускладвае вялікія надзеі. У першую чаргу гэта звязана са зменай месца працы. На ТАА "Фабіпласт" яго прынялі майстрам-наладчыкам. Пасада, як зазначае Дзмітрый, адпавядае яго адукацыі. Ёсць добрыя ўмовы працы і яе аплаты, сучасныя тэхналогіі і жаданне іх спасцігнуць. А ў душы маладога чалавека - жыве песня, чароўны свет гукаў.
Здольнасці спяваць у яго ад прыроды. Паўсюдна, пачынаючы са школы, Дзіма быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Асабліва багаты творчы "перыяд" прыходзіцца на Стаўбцоўшчыну, калі закончыў вучобу і вярнуўся сюды працаваць. І ўсё дзякуючы загадчыцы клуба ў Заямным Людміле Генадзьеўне Пархімовіч.
- Нашы шляхі перасекліся, і яна разгледзела ўва мне артыста, - з удзячнасцю гаворыць Дзмітрый. - Прапанавала выступаць на канцэртах у Слабадзе, Яблынаўцы.
А далей - болей. Дзмітрый выступае ўжо з падабранымі кампазіцыямі, надзвычай лірычнымі, душэўнымі, і на сцэне раённага Цэнтра культуры. Тут праходзяць розныя святы, мерапрыемствы, і гледачам хочацца ўбачыць свежы вобраз, пачуць новы голас. Дзмітрый вельмі стараецца, каб даць ім такую асалоду. Сама была сведкай, як на конкурсе прыгажунь "Міс-Аграпрам" яму апладзіравала зала і дасылала наўздагон вокліч "Біс!". Тады Дзмітрыю прыйшлося выконваць не адну песню, каб запоўніць конкурсную паўзу. Але ўвесь гэты час ён, як сапраўдны артыст, змог трымаць публіку ў захапленні, з затоеным дыханнем. А ў конкурсе "Вясёлка талентаў", арганізаваным сёлета аддзелам па справах моладзі сярод працоўнай моладзі Стаўбцоўшчыны, журы прысудзіла Дзмітрыю Клочку першае месца.
Ён рад сваім поспехам і таму, што яго заўважылі. Для павышэння выканальніцкага ўзроўню і ўпэўненасці на сцэне, самастойна рэпеціруе ў раённым Цэнтры культуры. Малады чалавек знаходзіць для гэтага час, магчымасці. Лёс склаўся так, што Дзмітрыя выгадавалі бабуля з дзядулем. Ён і цяпер жыве разам з бабуляй Іраідай Міхайлаўнай Бандаровіч. Калі на Дзень маці спяваў у Цэнтры культуры песню пра маму, то ў думках прысвячаў яе і ёй. А яшчэ - бабулі Мані, якая жыве ў вёсцы Баханы і да якой яны разам часта наведваюцца, дапамагаюць апрацоўваць вялікі пляц...
Працавітасці і актыўнасці Дзмітрыю не займаць, але хацелася б, каб да такіх маладых талентаў-самародкаў была большая ўвага.






