мобильная версия
Прамень

На барацьбу... з пустым гукам

Нумар - №216-218    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

11.11.2011

На Стаўбцоўшчыне завяршыўся месячнік па навядзенні парадку на зямлі.  Аналізуе вынікі зробленага і гаворыць аб тым, што належыць  рэалізаваць,  загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка.

- На працягу месячніка з 7 кастрычніка па 10 лістапада ў цэлым актывізавалася работа па выяўленні і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак са смеццем, прывядзенні ў парадак дарог і прыдарожных палос, ачыстцы і добраўпарадкаванні тэрыторый аб'ектаў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, а таксама населеных пунктаў. Аднак, як паказалі апошнія праверкі інспектарскіх груп і спецыялістаў нашага цэнтра, некаторыя пытанні па-ранейшаму застаюцца нявырашанымі.  Нас турбуе тое, што не ўсюды ўдзяляецца ўвага належнаму санітарнаму стану тэрыторый у населеных пунктах Мікалаеўшчынскага, Вішнявецкага, Варацішчанскага,  Залужскага і іншых сельсаветаў. У першую чаргу, гэта датычыць абкосу і ўборкі бытавога смецця на так званых нічыйных тэрыторыях - пустках.

- Людзей паклікалі на месцы вечнага спачыну восеньскія Дзяды. Як выглядаюць могілкі ў нашым раёне?

- Згодна з запланаванымі тэрмінамі не ўсюды мерапрыемствы па добраўпарадкаванні могілак выкананы ў поўным аб'ёме. У якасці не зусім добрага прыкладу магу прывесці месцы пахаванняў у вёсках Шашкі (Шашкоўскі сельсавет), пасёлка Коласава (Наваколасаўскі),  Вішнявец, Галавенчыцы і Мархачоўшчына (Вішнявецкі), Савоні і Асіпаўшчына (Варацішчанскі), Скамарошкі, Залужжа і Дразды (Залужскі) і інш. Часцей за ўсё з могілак, з пляцовак для часовага складзіравання, не вывозіцца смецце, а дзе-нідзе можа буяць навокал і пустазелле.

- У месцах агульнага карыстання знаходзяцца і вясковыя калодзежы. Ці ўсюды яны акуратныя, дагледжаныя?

- Работа ў гэтым напрамку праводзіцца сельвыканкамамі, але хацелася б лепшых вынікаў. Заданні па добраўпарадкаванні грамадскіх шахтавых калодзежаў, размешчаных у месцах агульнага карыстання, застаюцца пакуль на паперы, нерэалізаванымі. На тэрыторыі Аталезскага і Літвенскага сельсаветаў ёсць па 10 такіх агульных калодзежаў, па тры - у Цясноўскім і Навасвержанскім. Але, на жаль, не ўсе яны маюць дагледжаны стан і сучасны выгляд.

- У справе добраўпарадкавання вялікая роля належыць людзям, іх асабістай санітарнай культуры, адносінам да навядзення парадку. Наколькі эфектыўна вядзецца работа ў гэтым напрамку?

- Санітарныя камісіі сельвыканкамаў пасля праведзеных праверак  домаўладанняў часцей за ўсё абмяжоўваюцца прадпісаннямі ці вуснымі заўвагамі. Для кагосьці яны слушныя, а для "заскарузлых" парушальнікаў, якія  ператварылі свой двор у сметнік, яны - пусты гук. Беспарадак як быў, так і далей працягвае панаваць. Сельвыканкамы не спяшаюцца складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, хаця заканадаўства прадастаўляе ім такое права. Работнікамі сельвыканкамаў накіраваны для разгляду ў адміністрацыйную камісію  толькі 2 пратаколы, складзеныя на прыватных домаўладальнікаў.

- Што зроблена на міні-палігонах? Была пастаўлена задача рэкультываваць многія з іх.

- Работа па рэкультывацыі не завершана. З 34-х міні-палігонаў, запланаваных да рэкультывацыі на 2011 год, выведзена з эксплуатацыі 28. Пакуль нерэкультываванымі застаюцца міні-палігоны ў Заямным, Налібаках, Дзераўной, Асіпаўшчыне, Пятрылавічах. 

- Якія меры ўздзеяння прымяняліся санітарнай службай падчас месячніка?

- На злосных парушальнікаў санітарных правіл складзены 12 адміністрацыйных пратаколаў. Сума штрафных санкцый склала 1 мільён 610 тысяч рублёў. Прыватным домаўладальнікам і суб'ектам гаспадарання выдавалася 60 прадпісанняў. Спадзяёмся, што яны паслужаць дзейснай мерай у справе навядзення парадку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ