мобильная версия
Прамень

"На-Дзея" – з навукай любові

Нумар - №216-218    Рубрыка - Культура

11.11.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Яркая афіша аб'явіла, што ў раённым Цэнтры культуры са спектаклем выступіць дзіцячы вучэбны тэатр "На-Дзея" Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. На спектакль прыйшлі вучні стаўбцоўскай гімназіі, дзвюх агульнаадукацыйных школ райцэнтра і вучні Старасвержан-скай СШ. І не толькі. Паглядзець спектакль і прафесіянальна ацаніць яго прыехалі спецыялісты тэатральнай творчасці са сталіцы - галоўны рэжысёр Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці Ала Ганецкая і загадчыца аддзела аматарскай творчасці гэтага цэнтра Іна Шыбут. Дзіцячы тэатр, якому без малога ўжо 10 гадоў, прэтэндуе на атрыманне звання "ўзорны". У нас у раёне пакуль няма ніводнага дзіцячага тэатральнага калектыву са званнем.

На суд гледача артысты і рэжысёр Алена Шуцько прывезлі спектакль на твор І. Танунінай "Я вас усіх люблю". Улічваючы свой рабочы час, аўтар гэтых радкоў планавала застацца на прадстаўленні хвілін колькі, а пачаўся спектакль, так і не змагла пакінуць залу. Чым жа ўзялі гледача артысты? Па-першае, глыбінёю самога зместу сцэнарыя. Артысты Наталля Анісімава, Святлана Францкевіч, Кацярына Шушкевіч, Людміла Далідовіч, Марыя Сіняўская, Вікторыя Таруціна паднеслі навуку любові. У выдатным акцёрскім выкананні з унутранымі перажываннямі, уласнымі адкрыццямі, сцэнічным пераўвасабленнем сваіх сэрцаў і душ сумелі паказаць, як няпроста і як неабходна ўзрасціць у сабе галоўную хрысціянскую дабрадзейнасць - любоў. Тэатральная пастаноўка вельмі павучальная не толькі для маладых людзей,  а і для гледача любога ўзросту, таму што сённяшняе наша жыццё абяднела на мірныя, сяброўскія адносіны адзін да аднаго, на чалавечую спагаду, міласэрнасць, уступчывасць, ахвярнасць. Гэты спектакль атрымаў дыплом VІІІ абласнога фестывалю дзіцячай тэатральнай творчасці "Чароўны куфэрак" у Любані за пошук новых формаў сцэнічнага ўвасаблення маладзёжнай тэмы і спецыяльны дыплом за самы кранальны спектакль.

Пасля тэатральнай пастаноўкі ў раённым Цэнтры культуры многім захацелася падысці да кіраўніка дзіцячага тэатра "На-Дзея" Алены Шуцько, каб павіншаваць з поспехам і падзякаваць за рэпертуар, які вучыць маладых людзей задумвацца над сваімі ўчынкамі, сачыць за сваімі дзеяннямі і думкамі, разважаць аб маральных каштоўнасцях. Той выпадак, калі тэатр стаіць на службе дабра.

Выпускніца аддзялення тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Алена Шуцько сваю прафесіянальную дзейнасць пачынала ў Дзераўнянскім доме культуры. Потым 8 гадоў у мясцовай агульнаадукацыйнай школе вяла заняткі рытмікі і танца. З 2003 года перайшла працаваць выкладчыцай тэатральнага аддзялення Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. Адразу ж заснавала дзіцячы вучэбны тэатр "На-Дзея". Рабяты вучацца акцёрскаму майстэрству, сцэнічным мове і рухам, спасцігаюць іншую навуку сцэны. Вясковыя дзеці з задавальненнем займаюцца на тэатральным аддзяленні, правучыўшыся 5 гадоў, атрымліваюць пасведчанні аб заканчэнні дзіцячай школы мастацтваў. І бацькі з радасцю аддаюць дзяцей вучыцца тэатральнаму мастацтву. У педагога Алены Шуцько, па вя-лікаму рахунку, яны вучацца дабру, усяму іншаму патрэбнаму для станаўлення асобы са здаровымі маральнымі каштоўнасцямі.

Тэатр "На-Дзея" не раз заяўляў аб сабе на розных сцэнах. Нядаўна ўдзельнічаў нават у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2011" у Маладзечне. Калектыў браў удзел і ў рэспубліканскіх "Дажынках" 2005 года. Тэатр з'яўляецца лаўрэатам раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх фестываляў тэатральнага мастацтва. У ліку іх - раённыя фестывалі "Казкі жыцця" і "Мікалаеўшчынская прыстанька", адкрыты конкурс чытальнікаў польскай паэзіі ў Мінску, абласны конкурс тэатральных калектываў і вядучых "Тэатральны вернісаж" у Барысаве, адкрыты гарадскі конкурс у сталіцы "Новыя гукі свету", рэспубліканскае свята "Дзень беларускага пісьменства" ў Барысаве, VІІІ абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці "Чароўны куфэрак" у Любані, ХХ адкрыты агляд-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў "Тэатральны марафон" у Барысаве. Удзельнікі тэатра "На-Дзея" - Павел Снітко, Людміла Далідовіч, Кацярына Шушкевіч, Аксана Шуцько, Мікалай Стонька, Настасся Ярмак, Наталля Анісімава, Міраслава Таруціна, Алена Гарохавік, Вераніка Бурдукевіч, Марыя Сіняўская, Вікторыя Таруціна, Святлана Францкевіч  - уладальнікі спецыяльных дыпломаў: за лепшае ідэйна-мастацкае вырашэнне канцэртнай праграмы, за лепшую акцёрскую работу, за выканаўчае майстэрства, за актыўны ўдзел у абласных культурна-масавых мерапрыемствах, творчую ініцыятыву, асабісты ўклад у развіццё тэатральнай мастацкай творчасці Міншчыны. Удзельнікі тэатральнага калектыву "На-Дзея" з'яўляліся вядучымі рэгіянальнага фестывалю юных музыкантаў "Сымон-музыка".

Калектыў пастаянна ўдзельнічае ў дабрачынных канцэртах для дзяцей-інвалідаў у аздараўленчым летнім лагеры Беларускага дзіцячага хоспісу, які размяшчаецца ў Заброддзі, дае дабрачынныя спектаклі ў дзіцячым аддзяленні абласнога анкалагічнага цэнтра ў Мінску. Рэпертуар тэатра ахоплівае розныя жанры: музычныя казкі для дзяцей, навагоднія пастаноўкі, спектаклі, мона-спектаклі, эстрадныя мюзіклы. Рэжысёрам усіх тэатральных пастановак з'яўляецца стваральнік і кіраўнік дзіцячага вучэбнага тэатра "На-Дзея" Алена Шуцько. Дзеці яе любяць, з радасцю і вялікім жаданнем прыходзяць на заняткі. Так як  любяць і гастролі, дружна збіраюцца на выязныя спектаклі. Удзельнічаюць у стварэнні дэкарацый - без гэтага тэатр не можа існаваць. І для іх тэатральнае жыццё - гэта тайна. А створаны імі спектакль - тайна для гледача.

Будзем чакаць рашэння журы аб прысваенні калектыву звання "ўзорны".

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Лана СВЯТЛІЦКАЯ