мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №216-218    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

11.11.2011

Фотография 1

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены чацвярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Мацвею Няміру, Ангеліне Жылюк, Аляксандры Барэль і Таццяне Ладыгінай.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. Пажар вечарам у Канкаловічах знішчыў хлеў. Прычына высвятляецца. У Новым Свержані ўспыхнула летняя кухня. Здарэнне было выклікана парушэннем правіл устройства пячнога ацяплення. На 282-м км аўтамагістралі на хаду загарэлася ра-сійская фура, якой перавозіўся камбайн. Пацярпелі і фура, і камбайн, прычына пакуль устанаўліваецца.

Міліцыяй узбуджаны 11 крымінальных спраў. Трое нецвярозых хуліганаў учынілі расправу ў лясным масіве паблізу Наваколасава. Іх дзеянні вылучаюцца яшчэ і выключным цынізмам: пасля нанясення траўмаў яны зганьбілі збітага чалавека... сваімі экскрэментамі. Невядомы разбіў тры шыбіны ў будынку ААТ "Аталезь-агра". У Слабадзе злачынец выкраў з гаража мясцовага жыхара рухавік да матацыкла  і інш. Сельгаспрылады, а таксама рулоны руберойду, сілікатныя блокі зніклі з хутара каля Тулёнкі. У Мешычах злодзей наважыўся на крадзеж з дома, але не змог давесці злачынства да канца, бо быў заспеты гаспадыняй.  З малочнатаварнай фермы-1 ААТ "Рубяжэвічы" невядомыя выкралі двое цялят вагою 120 кг кожнае.          

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па фактах смерці жыхароў вёсак Дружная, Жукаў Барок і горада Стоўбцы. У судзе падтрымлівалася абвінавачванне па сямі крымінальных справах.

Суд асудзіў на 14 мільёнаў рублёў за асабліва злоснае хуліганства 25-гадовага стаўбчаніна: малады чалавек, будучы нецвярозым, нанёс траўмы дзвюм дзяўчынам паблізу кафэ "Прывал рыцара", а потым на вачах у непаўналетніх пачаў распранацца. На  год і сем месяцаў абмежаваны ў волі 43-гадовы жыхар Барысава: мужчына выкраў з падворка ў Апечках электраінструмент і прадукты на агульную суму амаль 1 мільён 900 тысяч рублёў. Арыштаваны на пяць месяцаў 26-гадовы стаўбчанін, раней судзімы: ён набыў мабільны тэлефон, хаця ведаў, што гэтая рэч - крадзеная. На 350 тысяч рублёў штрафу пакараны 51-гадовы жыхар Баханоў, які вынес з поля ААТ "Каганец" 15 кг морквы. 38-гадовы жыхар Ператокаў учыніў скандал у дзіцячым аддзялені  бальніцы, за што аштрафаваны на 70 тысяч рублёў.

ДАІ выявіла 207 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - пяць п'яных і дзевяць  бяспраўных вадзіцеляў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы і інш. Зафіксаваны 17 дарожна-транспартных здарэнняў. На 279-м км аўтамагістралі жыхар Мінска, вадзіцель аўтамабіля "Нісан", выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе ўчыніў лабавое сутыкненне з маршрутным таксі з горада Слоніма. У аварыі пацярпелі трое чалавек - абодва вадзіцелі і пасажыр легкавіка. Па папярэдняй інфармацыі, вадзіцель "Нісана" знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення.

З 4 лістапада на тэрыторыі раёна праходзіць акцыя "Цвярозы вадзіцель".

"Хуткая" выязджала да хворых 221 раз, у прыватнасці, 10 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ