мобильная версия
Прамень

"Сухі закон" пад зарплату

Нумар - №216-218    Рубрыка - Ахова правапарадку

11.11.2011

На Стаўбцоўшчыне становяцца традыцыйнымі дні цвярозасці. Іх эфектыўнасць відавочна пацвярджаюць міліцэйскія зводкі.

З ініцыятывы раённага аддзела міліцыі было прынята райвыканкамам рашэнне аб правядзенні 20 і 21 кастрычніка на тэрыторыі раёна акцыі "Дзень цвярозасці" з устанаўленнем забароны на рэалізацыю алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва ва ўсіх гандлёвых кропках. Забарона, згодна з заканадаўствам, не распаўсюджваецца толькі на аб'екты грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу. Аб правядзенні акцыі нагадвалі інфармацыйныя лістоўкі, вывешаныя ва ўсіх магазінах.

Дні цвярозасці праводзяцца ў нас не ўпершыню (апошні раз - сёлета ў маі). Але новым на гэты раз было тое, што "сухімі" аб'яўлены адразу два дні запар. Плюс да гэтага, аб'яўлены ў чацвер і пятніцу, напярэдадні выхадных дзён, і акурат у тыя дні, калі на многіх прадпрыемствах і арганізацыях пачынаецца выдача заработнай платы.

- Аналіз правядзення такіх дзён сведчыць, што ў дзяжурную часць міліцыі паступае значна менш паведамленняў аб скандалах у сем'ях, - падводзіць вынік акцыі цвярозасці начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юлія Белавусава. - У сярэднім за суткі паступае каля 25-ці званкоў на гэтую "тэму", а ў "сухія" дні іх колькасць напалову змяншаецца.    

Паколькі на райаддзел міліцыі была ўскладзена задача кантролю за выкананнем распараджэння райвыканкама, то з ліку супрацоўнікаў міліцыі былі створаны рэйдавыя групы. Яны працавалі паўсюдна ў раёне і пры гэтым не выявілі фактаў рэалізацыі спіртных напіткаў у магазінах. І пакупнікі, і прадаўцы аднесліся да двухдзённай забароны з разуменнем. Ніякіх скандалаў ці гучных канфліктаў ля прылаўка не было. Пра гэта сведчыць і тое, што дапамога міліцыі не спатрэбілася, хапіла тлумачэння прадаўцоў.   

П'янства - корань многіх бедаў у грамадстве і, у прыватнасці, у сям'і. "Невыпадкова, што барацьба з "зялёным змеем" вядзецца няспынна, не толькі ў дні, афіцыйна аб'яўленыя цвярозымі, - падкрэслівае Юлія Белавусава. - Да прыкладу, з чацвярга 20 кастрычніка па нядзелю 23 кастрычніка былі выяўлены па раёне трое нецвярозых на рабочых месцах. Усе яны, двое жывёлаводаў і качагар, - работнікі аднаго сельгаспрадпрыемства "Агранёманскі". За распіванне спіртных напіткаў і з'яўленне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап'янення прыцягнуты да адказнасці 6 жыхароў райцэнтра".         

Гэтымі днямі быў выяўлены факт захоўвання  пенсіянеркай са Старога Свержаня 9 літраў самагону, а таксама 10 літраў брагі і самагоннага апарата. Матэрыял накіраваны ў суд раёна. Двое грамадзян - жыхарка Наваколасава і жыхар Драздоў - па рашэнні суда адпраўлены на лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У адносінах да яшчэ двух грамадзян, якія злоўжываюць спіртным і такім чынам ставяць сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, сабраны матэрыял на абмежаванне іх у дзеяздольнасці. 

Акрамя таго, на працягу чатырох дзён кастрычніка згодна з планам вялася адпрацоўка Шашкоўскага сельсавета. Была звернута ўвага на самыя розныя аспекты грамадскага парадку, на захаванне правапарадку ў комплексе. Вынікам гэтай работы стала прыцягненне да адказнасці двух вяскоўцаў, якія ў стане алкагольнага ап'янення знаходзіліся на вясковых вуліцах, а таксама двух пешаходаў, што ў цёмны час сутак прагульваліся без святлоадбіваючых элементаў.

На тэрыторыі сельсавета шэсць парушэнняў былі выяўлены па лініі Дзяржаўтаінспекцыі. Сярод іх - вадзіцель, які не меў вадзіцельскага пасведчання, вадзіцель-ліхач, а таксама вадзіцель, не прышпілены рамянём бяспекі. Зафіксаваны два факты, калі аўтамабілі рухаліся па аўтадарозе ў ваколіцах Шашкоў з няпройдзеным тэхаглядам.    

Акрамя таго, на тэрыторыі сельсавета была праведзена праверка вартавой аховы. Наведаліся міліцыянеры і да падуліковай катэгорыі грамадзян. Аб'екты аграпрамысловага комплексу былі абследаваны на захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў.

Падводзячы вынікі акцыі варта сказаць, што цвярозыя традыцыі, накіраваныя на парадак у сям'і і грамадстве, будуць працягвацца на Стаўбцоўшчыне і далей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ