Адразу дзве дачушкі і сынок
Нумар - №219-222 Рубрыка - Сям’я
17.11.2011
19 кастрычніка папоўнілася сям'я стаўбчан Дзмітрыя і Дзіны Трафімчыкаў, у якіх з'явіліся адразу трое першынцаў - дзве дачушкі і сынок.
Шчаслівыя і шматдзетныя бацькі, якія чакалі сваіх дзетак 8 гадоў, назвалі іх Варварай, Валерыяй і Уладзіславам. Мама разам з тройняй пакуль знаходзяцца ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця". Пад наглядам медыкаў нованароджаныя набіраюць вагу. Дзяўчынкі з'явіліся на свет вагою 1 кг 930 грамаў і 2 кг 40 грамаў, а сынок - 2 кг 100 грамаў. Пра тое, што ў сям'і будзе тройня, бацькі даведаліся на апошніх тэрмінах цяжарнасці.
- На даны момант у нас усё нармальна, - не хавае радасці бацька вялікага сямейства, які працуе начальнікам падстанцыі Стаўбцоўскіх электрасетак і цяпер увесь у прыемных клопатах. - Атрымаў пасведчанні аб нараджэнні ў аддзеле ЗАГС. А як размесцімся? Жывём разам з бацькамі, таму будзем рабіць у доме некаторыя перастаноўкі. А ўвогуле хачу ўзяць зямельны ўчастак і будаваць дом.
Шчасця і здароўя бацькам і іх дзеткам! А наконт дапамогі вялікай сям'і, то, як нам паведамілі ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, ёй будзе прадастаўлена нянька. Сям'я атрымае ўсе дзяржаўныя сацыяльныя выплаты, гуманітарную дапамогу. Для тройні прадугледжана бясплатнае дзіцячае харчаванне.






