мобильная версия
Прамень

Год прадпрымальнасці і інвестыцый

Нумар - №219-222    Рубрыка - Прамысловасць

17.11.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

Стаўбцоўскі мясакамбінат - прадпрыемства, якое нязменна застаецца візітнай карткай Стаўбцоўшчыны.

У перапрацоўчага камбіната з 65-гадовай гісторыяй - прывабны сучасны імідж і канкурэнтаздольны статус. Вядзецца рамонт, абнаўленне матэрыяльнай базы, што дазваляе выпускаць якасную натуральную прадукцыю і расшыраць яе асартымент. Неаднойчы далікатэсы стаўбцоўскіх мясаперапрацоўшчыкаў адзначалі на прэстыжных конкурсах.

З пачатку 2011 года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў  106 працэнтаў. Выпуск каўбасных вырабаў вырас на 115,7 працэнта, мяса і субпрадуктаў - на 108 працэнтаў,  паўфабрыкатаў - на 158,7 працэнта. На экспарт адгружана прадукцыі  на 19 мільёнаў долараў, што складае 125 працэнтаў да леташняга ўзроўню. Згодна з бізнес-планам выдаткавана за кошт уласных рэсурсаў 5 мільярдаў 347 мільёнаў рублёў інвестыцый, ці амаль 600 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Асноўным інвестпраектам у Год прадпрымальнасці з'яўляецца, безумоўна, устаноўка лініі па вытворчасці і ўпакоўцы мясных кансерваў і паштэтаў прадукцыйнасцю 3,2 тоны ў змену.   

- Калектыў камбіната працуе на сучасным узроўні, кожны яго работнік заслугоўвае самых цёплых слоў, - падвяла вынік дырэктар камбіната Рамуальда Бурдукевіч.

Вопытныя работнікі, а побач з імі  і моладзь - характэрна  для ўсіх цэхаў камбіната. Па ўсмешцы на твары, добрым настроі адчуваецца, што людзі працуюць з душой. У іх дастойны заробак, такія ж умовы працы, ды і працэс іх паляпшэння - няспынны. У абедзенны перапынак іх чакае гарачы абед у сталовай камбіната, з уласным хлебам і выпечкай.

Складальнік фаршу Тамара Качановіч - старажыл камбіната -  шчыруе ў родных сценах каўбаснага цэха 24 гады. Пра гэту працаўніцу мы неаднойчы расказвалі на старонках  газеты. Вы б чулі, з якой любоўю да прадукцыі камбіната, хваляваннем за вытворчасць разважае Тамара Мечыславаўна:

- Уся наша каўбаска смачная, з натуральных кампанентаў. Пачалі выпускаць новыя сасіскі "Умка" для дзяцей. Падабаюцца сасіскі "Слівачныя", салямі. А калі збіраюцца дзеці з унукамі, святочны стол не абыходзіцца без фірменнай стравы - салаты  аліўе з дабаўленнем нашай варанай каўбасы.

Фармоўшчыца Алена Булаш таксама палюбіла камбінат за 13 гадоў працы. Для яе важна, што ў цэху добрыя кіраўнік Людміла Хайнова  і майстар Кацярына Бурдук. Прыветная, з вясёлым характарам, яна знайшла сярод калег і сябровак. За гэты час непрыкметна і дачка ў Алены вырасла, стала 15-гадовым падлеткам. Добра вучыцца - матулі ёсць кім ганарыцца.

Расфасоўшчыца субпрадуктаў Святлана Лянцэвіч на камбінаце не так даўно, як Тамара Качановіч ці Алена Булаш, але яе рукі за 40 гадоў агульнага працоўнага стажу прывычныя да самай рознай фізічнай работы. І дома яны не ведаюць спакою. У Святланы Міхайлаўны, як у добрай гаспадыні, - сям'я і вялікі дом, агарод, як у шчаслівай матулі - дзве дачкі, унучка Алінка...

На камбінаце не так многа мужчын, і адзін сярод іх - абвальшчык мяса Юрый Гарбачоў. Каля двух гадоў таму ён прыйшоў сюды і асвоіў новую для сябе прафесію, атрымаў 5 разрад. Хоць на абвальшчыка немалая нагрузка, але сям'я Гарбачовых, у якой гадуюцца двое дзяцей, адчула матэрыяльную палёгку. Потым Юрый Юр'евіч прывёў  на мясакамбінат і жонку, якая працуе расфасоўшчыцай мяса. 

Яшчэ адна працоўная сямейная дынастыя - Калодзінскіх. Тамара Эдмундаўна - апаратчыца тэрмічнай апрацоўкі субпрадуктаў, а яе муж Іосіф Іосіфавіч круціць "баранку". Побач з Тамарай Калодзінскай шчыруе яе цёзка - Тамара Караткевіч, разборшчыца субпрадуктаў. Абедзве жанчыны маюць аднолькавае захапленне - кветкі. Наконт іх працавітасці майстар мяса-тлушчавага ўчастка Ядвіга Пазняк заўважыла: "Яны справяцца на любым працэсе, самым цяжкім". Адзначаючы заслугі ўсяго падраздзялення і тое, што акурат напярэдадні свята ўстаноўлена новая лінія па выпрацоўцы натуральнай кішэчнай абалонкі англійскай вытворчасці, начальнік участка Міраслаў Шымак дадаў: "Участак працуе з перасягненнем нормы выпрацоўкі на 9-17 працэнтаў у дзень. Прыходзіцца нават падаўжаць рабочы дзень. Нягледзячы на вялікія аб'ёмы, кожны месяц адшукваем магчымасць на санітарны дзень". 

Тыя аб'ёмы, што перапрацоўваюцца на камбінаце, прыходзіцца напрамую адчуваць і грузчыкам. Праз рукі Артура Канавалава, Валерыя Халявінскага  і іх калег з брыгады за змену праходзіць  не менш за 30 тон мяса. Але сярод цяжкай працы знаходзіцца месца і жарту, і жыццёвай радасці. Напрыклад, Валерый, бацька дваіх малых дзяцей, плануе сустрэць новы 2012 год у сваім доме. Пабудаваў яго ўласнымі рукамі з дапамогай бацькі на працягу года. Дарэчы, на наваселле спадзяецца і маладая сям'я Аляксандра Колпака - яны будуюць з жонкай і двума сынамі кватэру ў жыллёва-будаўнічым кааператыве "Кристалл-5". Аляксандр - эканаміст-менеджар пасля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, але ўжо 5 гадоў працуе звычайным кладаўшчыком. Аргумент -  "не люблю "сядзячай" работы". "Актыўны лад жыцця Аляксандра - гэта капітанства на турзлёце, роля вядучага на нашых канцэртах, падрыхтаваных сваімі ж талентамі", - тлумачыць юрысконсульт камбіната Вераніка Казацкая, якая сумяшчае абавязкі спецыяліста па ідэалагічнай рабоце.

Адметна, што да прафесійнага свята Аляксандр Колпак разам з Аляксандрам Бернатовічам і Алегам Пронькам рыхтуюць для калектыву чарговы творчы падарунак.

НА ЗДЫМКАХ: апетытная прадукцыя ад мясаперапрацоўшчыкаў (злева направа) Святланы Лянцэвіч, Тамары Качановіч, Юрыя Гарбачова і Алены Булаш; Тамара Караткевіч і Тамара Калодзінская працуюць на адным з вядучых участкаў камбіната - мяса-тлушчавым; кладаўшчык Аляксандр Колпак (у цэнтры) з грузчыкамі Валерыем Халявінскім і Артурам Канавалавым.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ