мобильная версия
Прамень

Першае рабочае месца – пастаяннае

Нумар - №219-222    Рубрыка - Прамысловасць

17.11.2011

Калектыў ААТ "БелНатур-Прадукт", абноўлены сёлета сучаснай вытворчай лініяй, славіцца і маладымі перспектыўнымі кадрамі.

Былы садавіна-агароднінны завод стаў першым рабочым месцам для варшчыцы вытворчага цэха Святланы Шваркуновай. Прыйшла яна працаваць на гэта адказнае месца ў 2006 годзе, акурат пасля дэкрэтнага адпачынку. Старанне і працавітасць маладой жанчыны не засталіся незаўважанымі. Сёлета Святлану вылучылі на ўзнагароджанне Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.   

Багата ў калектыве перапрацоўчага завода і маладых спецыялістаў, на якіх кіраўніцтва ўскладае вялікія надзеі. Начальнікам вытворчага цэха, у якім працуе Святлана Шваркунова, прызначана Таццяна Палякова. Прыехала яна на Стаўбцоўшчыну па размеркаванні. Спадабалася, і маладым калегам лягчэй знайсці агульную мову і паразуменне. Да таго ж, праца на новым абсталяванні  сапраўды цікавая, творчая. З нядаўніх пор якасныя натуральныя сокі ад стаўбцоўскіх перапрацоўшчыкаў выпускаюцца пад двума гандлёвымі брэндамі - "Бутон" і "Задолле". Прыемна, калі пакупнікі з ахвотай набываюць прадукцыю і выказваюць на адрас вытворцаў добрыя словы.    

Спецыялістам па маркетынгу працуе на заводзе Вікторыя Міцкевіч, якая атрымлівае завочна і другую вышэйшую адукацыю. Сёлета мэтанакіраваная Вікторыя цудоўна праявіла сябе і ў незвычайным амплуа - дзяўчыны-прыгажуні, калі прадстаўляла свой завод на раённым конкурсе "Міс-аграпрам".

Між іншым, Таццяна Палякова і Вікторыя Міцкевіч ужо адпрацавалі належныя ім два гады, але  засталіся на заводзе. Цікавасць да яго падмацоўваецца ўдзелам не толькі ў конкурсах, а і турзлётах. Неўзабаве, трэба спадзявацца, тут народзяцца яшчэ спартыўныя і іншыя традыцыі. 

Летась прыйшла ў калектыў пасля заканчэння каледжа Алена Кавалёва, якая працуе лабаранткай. А сёлета сярод папаўнення яшчэ адна Алена - Аўласёнак. Пасада ў яе - памочнік майстра. Навічок адчувае падтрымку і падказку з боку больш вопытных калег. Паколькі большасць з маладых спецыялістаў - прыезджыя, то іх рассялілі ў інтэрнаце філіяла Мінскага маторнага завода, пражыванне аплачвае ААТ "БелНатурПрадукт".

Сярод моладзі нельга не назваць вопытнага наладчыка КІПіА Ігара Шырко - спецыяліста, партрэт якога ўпрыгожваў у 2010 годзе раённую Дошку гонару. Як і раней, ён -  гордасць калектыву завода.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ