Замацаваць дасягнутае – рэзервы ёсць
Нумар - №219-222 Рубрыка - Надвор’е на Стаўбцоўшчыне
17.11.2011

Ілья ШАЦЬКО, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу
Паважаныя сяльчане!
Шчыра віншую вас са святам, Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Вы шчыруеце на палетках, вырошчваючы хлеб і завіхаецеся на жывёлагадоўчых фермах, дзе плён вашай працы - малако і мяса. Сваёй добрасумленнай працай вы забяспечваеце насельніцтва краіны высакаякаснымі прадуктамі харчавання і гэтым уносіце важкі ўклад ва ўмацаванне адной з жыццёва важных галін эканомікі, забяспечваючы харчовую бяспеку роднай краіны. Менавіта ад вас залежыць дабрабыт нашых грамадзян і таму вы заслугоўваеце словы глыбокай удзячнасці за карпатлівую і нялёгкую штодзённую працу.
Выказваю падзяку і працоўным калектывам прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, якія дапамаглі ўбраць ураджай збожжавых і прапашных культур, агародніны. Дзякуй усім, хто забяспечваў тэхнічную і тэхналагічную дапамогу сельгаставарыствам.
Завяршаецца сельскагаспадарчы год, які запатрабаваў ад нас немалых намаганняў, арганізаванасці і высокай дысцыпліны, што дазволіла своечасова справіцца з уборачнай кампаніяй, павялічыць прадукцыйнасць жывёлагадоўчых фермаў. І вельмі прыемна, што вынікі нашай работы былі высока адзначаны кіраўніком дзяржавы на рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі, фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2011", які праходзіў у Маладзечне. Таму і ў далейшым трэба прыкладаць намаганні для таго, каб не толькі замацаваць дасягнутыя поспехі, а і мабілізаваць усе сілы і сродкі на выкананне яшчэ вышэйшых планаў. А магчымасці і рэзервы дзеля гэтага ёсць.
Валавы збор збожжа сёлета склаў каля 90 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 35,1 цэнтнера з гектара. Найбольшы вал атрымалі хлебаробы ААТ "Агранёманскі" - 10 866 тон (дырэктар Іосіф Меляшкевіч), ААТ "Вішнявецкі-агра" - 10 506 тон (дырэктар Уладзімір Палазкоў), ААТ Рубяжэвічы - 6776 тон (дырэктар Дзяніс Колесень), ААТ "Радзіма Якуба Коласа" - 6651 тону (дырэктар Аляксандр Карнічэнка). А самая высокая ўраджайнасць дасягнута хлебаробамі ААТ "Вялікі Двор" (дырэктар Вольга Луцык), ААТ "Жацерава" (дырэктар Іван Краўчук), ААТ "Вішнявецкі-агра", ААТ "Радзіма Якуба Коласа", адпаведна 50, 45,2, 41,5 і 40,3 цэнтнера з гектара.
Першынствавалі на жніве камбайнавыя экіпажы ў складзе Валерыя Жука і Аляксандра Крывяля, Аляксандра Фалюка і Уладзіміра Астахновіча з ААТ "Агранёманскі". Разам са старэйшымі калегамі плённа працавалі маладзёжныя экіпажы ў складзе Дзмітрыя Міцюлі і Андрэя Свірэпіка, Дзяніса Сухаверха і Руслана Сухаверха з ААТ "Вішнявецкі-агра", Сяргея Шахно і Івана Бельскага з ААТ "Каганец". З раніцы да позняга вечара завіхаліся на вывазцы ўраджаю і вадзіцелі. Гэта малады вадзіцель з ААТ "Вялікі Двор" Аляксандр Еўтух - пераможца рэспубліканскага спаборніцтва, Антон Дзяжынскі (ААТ "Рочавічы"), Анатоль Бабровіч, Ігар Капшай (ААТ "Агранёманскі), Міхаіл Гузач і Вячаслаў Коршык (ААТ "Вішнявецкі-агра").
Добрым ураджаем парадавала бульба, сабрана 14 тысяч тон. Ураджайнасць па раёне склала 195 цэнтнераў з гектара. У ААТ "Агранёманскі", "Радзіма Якуба Коласа і "Вішнявецкі-агра" - адпаведна па 332, 275 і 201 цэнтнеру пры валавых зборах 1659, 1100 і 3001 тона.
Асаблівай увагі заслугоўвае работа па вырошчванні другога хлеба нашай сялянскай фермерскай гаспадаркі "Сула" (кіраўнік Уладзімір Радзевіч). З году ў год гэтая гаспадарка нарошчвае аб'ёмы вытворчасці. Вось і сёлета сабрана 2520 тон пры сярэдняй ураджайнасці 420 цэнтнераў з гектара - адной з самых высокіх у вобласці.
Выдатна працуюць таварыствы нашага раёна па вырошчванні цукровых буракоў. Ужо ўбрана з палеткаў больш за 102 тысячы тон салодкіх каранёў, ураджайнасць па раёне складае 410 цэнтнераў з гектара. Лепш за іншых спрацавалі буракаводы ААТ "Вялікі Двор", "Жацерава" "Радзіма Якуба Коласа", і "Вішнявецкі-агра".
Кармавыя караняплоды аддзячылі 546 цэнтнерамі з гектара, а ў ААТ "Агранёманскі" і "Радзіма Якуба Коласа" накапана па 646 і 500 цэнтнераў. Сабраны неблагі ўраджай агародніны.
Найбольш якасна і ў аптымальныя тэрміны справіліся з веснавымі палявымі работамі калектывы ААТ "Дзераўное" (дырэктар Мікалай Дронь), "Агранёманскі" і "Жацерава", якія і сталі пераможцамі раённага спаборніцтва. У індывідуальным спаборніцтве ў сваіх намінацыях вызначыліся механізатар Артур Валадзько (ААТ "Дзераўное"), Міхаіл Калаткевіч (ААТ "Вішнявецкі-агра"), Аляксей Пальчык (ААТ "Агранёманскі"), Анатолій Рамэйка (ААТ "Рубяжэвічы"), Станіслаў Вардамскі (ААТ "Рочавічы"), Віктар Гоцкі (ААТ "Жацерава"). Шчырых слоў падзякі заслужылі і маладыя механізатары Сяргей Ланкевіч (ААТ "Радзіма Якуба Коласа"), Дзмітрый Гаўрык (ААТ "Вялікі Двор"), Дзяніс Цяўлоўскі (ААТ "Шашкі") і многія іншыя.
Прыемна, што ў гэтым годзе працягнулася тэндэнцыя да росту вытворчасці і нарыхтоўкі травяных кармоў, як для грамадскай жывёлы, так і для жывёлы насельніцтва. Нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы па 25,6 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што вышэй паказчыка мінулага года. Лідарам у данай намінацыі прызнаны калектыў ААТ "Радзіма Якуба Коласа". Вызначыліся на кормаўборачных камбайнах Аляксандр Маеўскі (ААТ "Вішнявецкі-агра"), Марат Берташ і Алік Крывашэй (ААТ "Радзіма Якуба Коласа"), Васіль Сягай (ААТ "Вялікі Двор"), Юрый Шумчык (ААТ "Ніўнае-агра", Аляксандр Тарасевіч (ААТ "Каганец"). На адвозцы кармоў лідзіруюць Святаслаў Ваўчок (ААТ "Радзіма Дзяржынскага"), Леанід Станкевіч і Іван Дрожжа (ААТ "Вішнявецкі-агра"), Анатолій Марцінкевіч (ААТ "Рубяжэвічы"), Уладзімір Зялюкін (ААТ "Радзіма Якуба Коласа"), Міхаіл Кірыкеш (ААТ "Вялікі Двор").
Нарыхтавалі ў дастатковай колькасці кармоў, узрасла і вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Вырашчана жывёлы і птушкі на 533,7 тоны больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Стабільна, з прыбаўкай працуюць па вытворчасці малака калектывы жывёлаводаў ААТ "Вялікі Двор", "Радзіма Якуба Коласа", "Жацерава" і "Каганец". У цэлым аб'ём валавой прадукцыі па сельскай гаспадарцы за год чакаецца не меншым, чым летась.
Дасягнутыя паказчыкі аграпрамысловага комплексу нашага раёна - гэта вынік шматгадовай згуртаванай работы людзей - кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых працаўнікоў. Немалую ролю ў нарошчванні аб'ёмаў адыграла набыццё новай тэхнікі, мадэрнізацыя вытворчасці, рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў. Актыўна вырашаліся і сацыяльныя пытанні. Адным словам, многае зроблена, але адкрытых пытанняў яшчэ застаецца нямала. Таму далейшы накірунак дзейнасці нашых аграрыяў - укараненне ў вытворчасць новых прагрэсіўных тэхналогій, рыначных механізмаў гаспадарання, павышэнне кваліфікацыі кіруючага звяна, што з'явіцца галоўнай умовай паляпшэння эканамічнага дабрабыту сельскагаспадарчых арганізацый. Прыярытэт у развіцці сельскай гаспадаркі будзе аддадзены не толькі нарошчванню вытворчасці прадукцыі, а і ўмацаванню эканомікі сельгасарганізацый. А гэта будзе садзейнічаць далейшаму тэхнічнаму перааснашчэнню, павелічэнню ўзроўню заработнай платы і вырашэнню сацыяльных праблем вясковага насельніцтва.
Паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці! Вы выбралі ў жыцці нялёгкую, але пачэсную справу. І няма ніводнага чалавека, хто не карыстаўся б пладамі вашай працы, чый дабрабыт не залежаў бы ад сельскага працаўніка. Дазвольце выказаць упэўненасць, што вашы працалюбства, пачуццё вялікай адказнасці за даручаную справу абавязкова дапамогуць нам у далейшым выйсці на яшчэ больш высокія рубяжы.
Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых працоўных поспехаў. Хай апякуецца за вас і вашыя сем'і Гасподзь.






