Дом, дзе сагрэта старасць
Нумар - №223-224 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
22.11.2011
Раённы Савет дэпутатаў сумесна з кіраўніцтвам Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната правялі міжведамасны семінар. У цэнтры ўвагі ўлады і сацыяльнай установы быў канкрэтны чалавек са сваімі праблемамі і клопатамі. Семінар адсачыў пытанні дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі ветэранаў і пажылых людзей. Па ініцыятыве старшыні раённага Савета дэпутатаў Аркадзя Казякоўскага ўсе старшыні сельвыканкамаў пабылі ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы.
- З практыкі сваёй работы, - расказвае Аркадзь Расціслававіч, - і на цяперашняй пасадзе, і на папярэдняй - старшыні сельвыканкама, я ведаю, што многія кіраўнікі, хто непасрэдна працуе з людзьмі, мала ведаюць аб тым, што ўяўляе сабою дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы, размешчаны ў нашым раёне. Ён, між тым, мае статус абласнога значэння. Знаёмства з гэтай сацыяльнай установай для старшынь сельвыканкамаў было не проста цікаўнасцю, а насіла больш важны характар. Сёння ў кожным сельскім Савеце пражываюць адзінокія людзі, старасць для якіх стала непасільным цяжарам, таму што яны засталіся адзінокімі. Ёсць практыка, і яна актыўна выкарыстоўваецца, памяшчаць такіх нямоглых людзей на сацыяльныя ложкі - у Дзераўнянскую і Рубяжэвіцкую ўчастковыя бальніцы. Аднак магчымасці гэтыя абмежаваныя, і не ўсіх пажылых адзінокіх людзей можна накіраваць пад нагляд медыкаў. Ёсць такі варыянт - прапанаваць ім доўжыць век у выдатных умовах дзяржаўнай сацыяльнай установы. Аднак многія людзі, якія сваёй працай і сэрцам стваралі дамашні ачаг, не могуць расстацца з усім нажытым, са сваім домам. І пераадолець гэты псіхалагічны бар'ер многім не па сіле. Вось мы і вырашылі сабраць на семінар старшынь сельвыканкамаў, каб яны самі паглядзелі, у якіх умовах пражываюць людзі ў доме-інтэрнаце. Большасць кіраўнікоў мясцовай улады ўпершыню прыехалі сюды. Тое, што яны ўбачылі, іх вельмі ўразіла. Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат лічыцца адным з лепшых у вобласці па стварэнні ўмоў жыцця пажылых людзей і іх абслугоўванню. Усюды ідэальны парадак, карпусы адрамантаваны. Больш таго, удзельнікі міжведамаснага семінара мелі магчымасць пазнаёміцца, як арганізавана жыццё людзей. Па ініцыятыве дырэктара дома-інтэрната Валянціны Атрушкевіч семінар быў спланаваны ў дні, якія на праваслаўным і каталіцкім календарах прызначаны для восеньскага памінання памерлых. У гэты дзень у дом-інтэрнат прыйшоў свяшчэннік Мікалаеўшчынскай царквы айцец Васілій. Протаіерэй Васілій Каляда пастаянна акармляе дом-інтэрнат, адведзены рытуальны пакой, дзе праводзяцца службы. Па сваім жаданні пражываючыя ўдзельнічаюць у царкоўных Таінствах - споведзі і прычасця. Мы паглядзелі, якія майстэрні працуюць у доме-інтэрнаце, дзе пажылыя людзі могуць займацца рукадзеллем. Існуе і такая практыка. Пражываючыя, хто мае жаданне і сілы для гэтага, летам могуць пакінуць дом-інтэрнат і паехаць пажыць дамоў, пры гэтым яны атрымліваюць усю сваю пенсію дома.
Пасля экскурсіі па карпусах і тэрыторыі дома-інтэрната, азнаямленнем з матэрыяльнай базай, умовамі пражывання пажылых людзей, удзелу ў духоўна-асветніцкіх мерапрыемствах адбылося пасяджэнне за круглым сталом. Кожны старшыня сельвыканкама меў магчымасць выказацца, падзяліцца сваімі ўражаннямі, задаць пытанні дырэктару дома-інтэрната Валянціне Атрушкевіч. Старшыні сельвыканкамаў прыйшлі да думкі, што пажылых людзей, якім цяжка адважыцца пераехаць у дом-інтэрнат, можна прывезці сюды на экскурсію, каб яны паглядзелі, у якіх умовах пражываюць ветэраны. Такі вопыт ужо ёсць у старшыні Рубяжэвіцкага сельвыканкама Алы Стралкоўскай. Удзельнікі семінара былі сведкамі, калі да Алы Антонаўны падышла жанчына, якую старшыня ў свой час пераканала паехаць у дом-інтэрнат. Пры гэтым паабяцала пажылой жанчыне, што калі ёй не спадабаецца тут, яна забярэ яе назад дамоў. Пры ўсіх людзях жанчына са слязамі на вачах дзякавала Але Станіславаўне за такі клопат. Дамоў яна не збіраецца. А клопат дзяржавы пра пажылых людзей і сапраўды нельга пераацаніць. Толькі для дзейнасці аднаго Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны выдзяляецца з дзяржаўнай казны на год больш за тры мільярды рублёў.
На міжведамасным семінары ўсе старшыні сельвыканкамаў былі зарыентаваны на тое, каб зрабіць аналіз пражывання ўсіх пажылых адзінокіх людзей на ведамаснай тэрыторыі, скласці спісы тых з іх, хто застаўся адзін на адзін са сваімі праблемамі і не мае магчымасці для арганізацыі свайго жыцця. У адрамантаваным корпусе дома-інтэрната ёсць месцы, каб прыняць пажылых людзей і забяспечыць іх належны догляд. Старшыні сельвыканкамаў выказвалі ўдзячнасць Аркадзю Казякоўскаму за яго ініцыятыву, за такі жывы па форме семінар, які даў арыенцір для многіх у рабоце па падтрымцы пажылых людзей. У сваю чаргу кіраўніцтва раённага Савета дзякуе дырэктару Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната Валянціне Атрушкевіч і абслуговаму персаналу, якія дапоўнілі праграму семінара яркімі, цікавымі мерапрыемствамі, дзе ў поўнай меры можна было пазнаёміцца са зместам жыцця пражываючых у сацыяльнай установе.






