мобильная версия
Прамень

Маладое папаўненне ідзе служыць

Нумар - №223-224    Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны

22.11.2011

Фотография 1
Фотография 2

Прызыўнікі сёлетняга асенняга прызыву атрымалі павесткі на службу ў армію сярод узораў баявой тэхнікі, на якой набліжалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай іх дзяды, побач са стылізаванымі акопамі ды партызанскімі зямлянкамі.

На Стаўбцоўшчыне запамінальныя экскурсіі для прызыўнікоў пад эгідай аддзела па справах моладзі райвыканкама становяцца добрай традыцыяй. У апошні прызыў, вясною, такая паездка была наладжана на гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", цяпер - на суседнюю Дзяржыншчыну, на месца старой граніцы, дзе цяпер размешчаны Цэнтр экалагічнага турызму "Станькава". Будучых абаронцаў Айчыны пазнаёмілі з гісторыка-патрыятычнай часткай гэтага новага праекта - Мінскім умацаваным раёнам і Партызанскім лагерам. На іх фоне прайшла сімвалічная перадача эстафеты сучаснаму пакаленню абаронцаў, якія змаглі пранікнуцца своеасаблівым духам Айчыны, усё гэта паглядзеўшы.

...Раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў пастроіў рабят у шарэнгі. Пачынаецца ўрачыстая і хвалюючая частка з уручэннем павестак. Называюцца 44 прозвішчы. Асаблівасць у тым, што 34 маладыя жыхары раёна ідуць на тэрміновую ваенную службу, 10 - будуць служыць у рэзерве. "Рэзервісты" прызываюцца адзін раз у год, па восені, і тэрмінам на 1 год, а не на паўтара. Пераважная большасць іх - маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй, якія такім чынам змогуць быць карыснымі і свайму прадпрыемству, арганізацыі, і Узброеным Сілам рэспублікі. Вячаслаў Воранаў адзначыў і яшчэ адну сёлетнюю адметнасць: "На заканадаўчым узроўні прызыў быў перанесены са студзеня на лістапад - каб забяспечыць лепшую адаптацыю рабят да вайсковай службы". Яны будуць служыць у розных воінскіх часцях Узброеных Сіл, ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь. Пры вызначэнні роду войск улічваліся дзве акалічнасці - іх жаданне служыць і ступень годнасці па стану здароўя.

З цёплымі віншаваннямі звярнуліся да маладога папаўнення ветэран Узброеных Сіл Ігар Звярынскі, начальнік аддзела па справах моладзі Анастасія Калодзінская.

Важкае мужчынскае слова сказаў воін-інтэрнацыяналіст Іван Карніцкі, для якога выступленне перад прызыўнікамі сталася экспромтам, а для рабят - нечаканым адкрыццём, бо Івана Мар'янавіча, аднаго з вопытнейшых вадзіцеляў аўтапарка № 17, яны бачылі за рулём заказанага для гэтай паездкі аўтобуса. І экскурсавод Галіна Грэкава не змагла па-мацярынску не павіншаваць будучых салдатаў. Разважаючы пра актуальнае, яна прыгадала сваю жыццёвую гісторыю: яе ўласны сын Дзмітрый, былы настаўнік гісторыі, адслужыў тэрміновую ваенную службу і... застаўся ў роднай часці ў Коласаве. Сёння ён маёр, не шкадуе аб сваім колішнім рашэнні.    

У размове 19-гадовы Аляксандр Салацкі з вёскі Кляцішча прызнаўся, што ідзе служыць у спецназ. Закончыў ПТВ па спецыяльнасці "муляр-мантажнік" і атрымаў першы практычны вопыт у буйной будаўнічай арганізацыі "Мапід". Прызыў Аляксандра на службу адобрыла і матуля. У хлопца ёсць жаданне ў далейшым звязаць свой лёс з міліцыяй. Амаль год папрацаваў пасля вучылішча на птушкафабрыцы "Колас" стаўбчанін Аляксандр Крамко. Цяпер слесар будзе служыць сувязістам. 

Адпраўка новага папаўнення ў войска завершыцца 29 лістапада. Хай збудуцца ўсе мары рабят, усё тое, што яны загадалі ля пяцісотгадовага дуба ў Цэнтры экалагічнага турызму "Станькава" ў знамянальны і, сцвярджаюць, шчаслівы дзень - 11.11.2011.

НА ЗДЫМКАХ:  павестку аб адпраўцы ў войска ўручае раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў; маладое папаўненне. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ