Спартыўныя дасягненні
Нумар - №223-224 Рубрыка - Спорт
22.11.2011
КУБАК - СТАЎБЧАНАМ
Зборная мужчынская каманда педагогаў раёна па валейболе ў нялёгкай спартыўнай барацьбе ўзяла кубак Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Фінальнаму паядынку валейбалістаў папярэднічалі спаборніцтвы за права прыняць удзел у галоўнай гульні, якая і вызначыла каманду-пераможцу. У ліпені стаўбцоўскі стадыён "Юнацтва" прыняў зборныя каманды валейбалістаў з чатырох раёнаў: Стаўбцоўская каманда набрала найбольш ачкоў і атрымала права ўдзелу ў паўфінальным турніры ў Слуцку. І там стаўбцоўская каманда была наймацнейшай. І вось - фінальная гульня ў Сеніцы Мінскага раёна, і зноў абсалютная перамога стаўбчан.
Застаецца сказаць, хто здабыў гэтую перамогу раёну. Каманду ўзначальваў настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 3 г. Стоўбцы Аляксандр Сукала. У склад яе ўвайшлі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Заямнаўскай СШ Юрый Кручок, Старасвержанскай - Анатоль Галоўка, СШ № 3 г. Стоўбцы настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Віталь Цвірка і настаўнік матэматыкі Вячаслаў Цвірка-Гадзіцкі, выкладчыкі Стаўбцоўскай ДЮСШ Арцём Сукала і Рэнат Шкварчанка. Усе яны атрымалі грашовыя прэміі і на ўсіх - кубак пераможцы. Гэтая перамога ў спартакіядзе пацвердзіла, якія дружныя педагогі школ раёна, як умеюць весці здаровы лад жыцця і быць прыкладам іншым у сваіх ініцыятывах і ў сваёй фізічнай падрыхтоўцы.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
ПЕРШЫЯ ПРЫЗЫ
Прыемна паведамляць аб усё новых поспехах нашых лёгкаатлетаў. Прытым радуюць і зусім маладыя рабяты, якіх трэнеры ўмела рыхтуюць да выступленняў. З прызамі вярнулася каманда Стаўбцоўшчыны са спаборніцтваў на першынство па лёгкай атлетыцы сярод ДЮСШ школьнікаў 1998-99 гадоў нараджэння.
Так, Мікіта Таўстуха стаў другім прызёрам у бегу на 60 метраў, другі вынік і ў Максіма Смалякова ў трайным скачку. Дзмітрый Бохан заняў трэцяе месца на 600-метровай дыстанцыі. Усе яны вучні СШ № 3 г. Стоўбцы. Трэцяя пазіцыя і ў Валерыя Марцінкевіча, навучэнца Цясноўскай школы. Віншуем з першымі прызамі, жадаем далейшых дасягненняў.
НА ФУТБОЛЬНЫМ ДАЛЯГЛЯДЗЕ
Футбольны далягляд, можна сказаць, неабсяжны. Высвецім тут моманты, якія так ці інакш датычаць увагі балельшчыкаў нашай наймацнейшай каманды "Нёман-Агра".
Стаўбчане сталі чэмпіёнамі Міншчыны. А хто святкуе перамогу ў іншых абласцях? У Магілёўскай, як ужо мы паведамлялі, наймацнейшай сярод аматарскіх калектываў стала каманда "Зара" з Круглянскага раёна, у Віцебскай - клуб "Міёры", у Гродзенскай - "Цукровы камбінат", які прадстаўляе Скідаль. У заходняй зоне Брэстчыны першынстваваў ФК "Кобрын", на Гомельшчыне - "Нафтавік" (Рэчыца).
А галоўны сапернік нашага калектыву - "Іслач" з Мінскага раёна, уступіўшы першынство стаўбчанам, каманда ўсё ж задаволіла свае амбіцыі. "Іслач" у фінале разграміла каманду МЛФ (мінская ліга футбола) з лікам 7:2 і стала ўладальніцай аматарскага кубка Беларусі.
Трэнер Андрэй Мікалаевіч, які прывёў да новага поспеху калектыў стаўбчан, цяпер імкнецца вывесці ў прызёры першай лігі першынства рэспублікі ФК "Гарадзея". З пераможцамі тут ужо ўсё ясна. "Славія" з Мазыра стала чэмпіёнам і будзе прадстаўляць Гомельшчыну ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. На другім месцы, з правам на пераходныя матчы ў вышэйшы дывізіён, сталічны "Партызан". А за трэцяе ідзе напружаная барацьба паміж "Гарадзеяй" і мінскім клубам СКВІЧ. Мінчане пакуль на адно ачко апярэджваюць нашых суседзяў. Усё вырашыць апошні тур.






