мобильная версия
Прамень

Залы шыкуюцца да свят

Нумар - №223-224    Рубрыка - Гандаль

22.11.2011

Аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства па-ранейшаму ў табліцы  22 спажывецкіх таварыстваў вобласці займае дастойнае месца. Па выніках вытворчай дзейнасці за 9 месяцаў стаўбчане на шостай пазіцыі па аб'ёмах тавараабароту і па выпуску і рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці.

Тры граматы за якасць сваёй работы прывезлі працаўнікі гэтай арганізацыі з рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2011", што таксама пацвярджае іх прафесіяналізм і ўменне. Як і для любой іншай арганізацыі,  для грамадскага харчавання таксама фініш года - гэта не толькі падвядзенне вынікаў, але і планаванне. Што новага чакаецца ў гэтай сферы паслуг? Расказвае в. а. начальніка аддзела грамадскага харчавання Жанна Галаўко:

-       Вельмі важны накірунак - працяг работы па рэканструкцыі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Ведамасная брыгада райспажыўтаварыства праводзіць цяпер рамонт у рэстаране "Турыст". Рэстарану ўжо 50 гадоў, ён знаходзіцца на аўтамагістралі, у статусе аб'екта прыдарожнага сэрвісу. Настаў час абнавіць яго. Нарэшце з'явіцца санвузел, работы ўжо ў стадыі завяршэння. У планах наступнага года - абнаўленне інтэр'ера. Прыступаем да рамонту бара "Дыяген". Зменіцца не толькі выгляд памяшкання, але і ўзровень абслугоўвання, з'явіцца кухня. Калі гаварыць у некалькіх словах, то бар набудзе больш цывілізаваны выгляд. Аддзел грамадскага харчавання прымае на свой баланс цэх паўфабрыкатаў аддзела прамысловасці (былога камбіната кааператыўнай прамысловасці). Працуюць тэхнолагі над тым, каб асвоіць новыя віды прадукцыі.

Наогул аддзел грамадскага харчавання аб'ядноўвае 15 прадпрыемстваў сэрвісу: два рэстараны, кулінарны і кандытарскі цэхі, бары, дзіцячае кафэ. Прыбыткова працуе піцэрыя "Ветразь". Па-ранейшаму славяцца стаўбцоўскія піцы, мы працягваем прымаць калег з іншых раёнаў, якія едуць да нас пераняць вопыт прыгатавання піцы. Задаволены мы (думаем, што наведвальнікі таксама) работай дзіцячага кафэ "Забава". Гэта адно з  прадпрыемстваў, якое пастаянна выконвае план. Загадчыца Людміла Бохан і буфетчыца Валянціна Гранкоўская стараюцца, каб маленькім наведвальнікам кафэ было ўтульна, прыемна правесці час. Прыжылася традыцыя адзначаць у кафэ дні нараджэння дзяцей. Радуе, што кафэ "Забава" палюбілася дзецям і бацькам. Жыхарамі раёна запатрабавана зала закусачнай "Спатканне" ў райцэнтры для арганізацыі рытуальных застолляў, вяселляў, святкавання юбілеяў.

Аддзел грамадскага харчавання мае вопыт удзелу ў кірмашах за межамі раёна. І ў наступным годзе максімальна будзем выкарыстоўваць магчымасці выязнога гандлю.

Напярэдадні зімовых свят аддзел грамадскага харчавання пачаў прымаць заказы на правядзенне ў ведамасных рэстаранах і кафэ навагодніх агеньчыкаў. Рэстаран "Нёман", кафэ "Прывал рыцара", бар "Аліварыя", піцэрыя "Ветразь" прымаюць заказы на навагоднюю ноч. Рэстаран "Турыст" і вышэйназваныя аб'екты сэрвісу з 23 снежня прадаставяць залы для святочных агеньчыкаў. Заяўкі ад прадпрыемстваў на карпаратыўныя вечарыны ўжо паступаюць. У нас ёсць вопыт арганізацыі такіх урачыстасцяў, пастараемся, каб кліенты былі задаволены абслугоўваннем. Распрацоўваецца ўжо святочнае меню.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ