мобильная версия
Прамень

Жыццё з цукровым дыябетам

Нумар - №223-224    Рубрыка - Медыцына

22.11.2011

У рамках рэспубліканскай медыка-асветніцкай акцыі "Ранняе выяўленне і прафілактыка цукровага дыябету", якая прыўрочвалася да Сусветнага дня дыябету (14 лістапада), была праведзена прамая тэлефонная лінія з раённым эндакрынолагам Наталляй Сахута. На ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы 771  хворы  на цукровы дыябет. Акцыя мела мэтай матывацыю насельніцтва да захавання здаровага ладу жыцця, клопат  аб уласным здароўі, своечасовае выяўленне захворвання. Наталля Сахута адказала на ўсе пытанні, якія паступілі ў час прамой лініі.

Якія асаблівасці такога захворвання,  як цукровы дыябет?

Н. М. Сахута:

-  Гэта хранічны стан, пры якім падстраўнікавая залоза не здольна сінтэзаваць неабходную колькасць інсуліну, ці калі арганізм не здольны эфектыўна выкарыстоўваць сінтэзаваны інсулін. Існуюць два асноўныя тыпы дыябету. У хворых  на дыябет 1-га тыпу інсулін у арганізме не ўтвараецца ці ўтвараецца ў вельмі малой колькасці, таму, для таго, каб выжыць, хворыя маюць патрэбу ў ін'екцыях інсуліну. Гэта найбольш распаўсюджаны тып дыябету сярод дзяцей і асоб маладога ўзросту. Пры дыябеце 2-га тыпу арганізм хворага не здольны эфектыўна выкарыстоўваць інсулін, які ёсць. Хворыя могуць кантраляваць захворванне з дапамогай змены ладу жыцця і дыеты, аднак часта ўзнікае патрэбнасць у прымяненні таблетыраваных прэпаратаў і радзей - інсуліну. Характэрныя сімптомы дыябету 1-га тыпу -  паталагічная смага, пастаянны голад, частыя мочаспусканні, раптоўная згуба вагі, выражаная стамляльнасць, затуманьванне зроку. Хворыя на дыябет 2-га тыпу могуць адчуваць тыя ж сімптомы, але ў меншай ступені. У многіх выпадках сімптомы захворвання адсутнічаюць, і дыягназ устанаўліваецца праз некалькі гадоў пасля з'яўлення дыябету.

Ці могуць узнікнуць ускладненні цукровага дыябету?

-       Ускладненнямі можа стаць сардэчна-сасудзістая паталогія, сардэчная недастатковасць, стэнакардыя, інфаркт сэрца, інфаркт мозгу, паталогія нырак, паражэнні нервовай сістэмы, вачэй, ампутацыя ног.

Як можна выявіць дыябет на першым часе?

-       Вельмі проста - здаць кроў і зрабіць аналіз на глюкозу. Накіраванне можна ўзяць у любога спецыяліста паліклінікі.

Якія існуюць фактары рызыкі цукровага дыябету?

-  Гэта лішняя вага і атлусценне, нізкая фізічная актыўнасць, харчаванне з высокай колькасцю тлушчаў і нізкім утрыманнем харчовых валокнаў. Сярод фактараў рызыкі таксама - спадчынная, узрост, нізкая вага пры нараджэнні.

Якія медыцынскія і сацыяльныя льготы  маюць хворыя на цукровы дыябет?

-       Ажыццяўляецца бясплатная выпіска цукрапаніжальных прэпаратаў і інсулінаў. Хворыя на цукровы дыябет І і ІІ груп інваліднасці забяспечваюцца інсулінавымі шпрыцамі, глюкометрамі і тэст-палоскамі да іх. Інваліды ІІІ групы штогод атрымліваюць матэрыяльную дапамогу для пакупкі тэст-палосак для самакантролю.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ