мобильная версия
Прамень

Ад добрага дрэва – добрыя плады

Нумар - №225-227    Рубрыка - Адукацыя

26.11.2011

Фотография 1

Тамара Уладзіміраўна Стула прысвяціла сваё жыццё працы з вучнямі пачатковых класаў. Яе педагагічны стаж складае каля 30 гадоў, 26 з іх -  у самай вялікай школе раёна - СШ № 3 г. Стоўбцы. 20 гадоў Тамара Уладзіміраўна з'яўляецца намеснікам дырэктара па пачатковых класах. У сярэдняй школе № 3 - 24 камплекты. Без перабольшвання можна сказаць, што гэта школа ў школе. Тамара Уладзіміраўна сумела адбыцца як кіраўнік, пра якога сёння шмат скажуць калегі. І вельмі важна, што ў гэтай характарыстыцы ёсць  рыса, якая вельмі характарызуе Тамару Стула. Яе вызначае ўменне бачыць у сваіх калег, толькі пазітыў, толькі станоўчыя моманты. І ў падзяку за гэтую далікатнасць настаўнікі аддзячваюць ёй сваёй стараннай працай, інавацыямі, жаданнем працаваць так, каб заслужыць да сябе такія адносіны, якія яўляе да педагогаў пачатковых класаў Тамара Стула.

У дзень яе жыццёвага і працоўнага юбілею - 20 гадоў на кіраўніцкай пасадзе, педагогі і вучні адрасуюць Тамары Уладзіміраўне сваю ўдзячнасць.

Начальнік аддзела адукацыі Юрый Ларычэў:

-       Прыемна працаваць з такімі спецыялістамі, як Тамара Уладзіміраўна. Гэта граматны і кампетэнтны педагог. На сваёй пасадзе намесніка дырэктара яна творча падыходзіць да арганізацыі метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі школы першай ступені. Пад яе кіраўніцтвам педагогі СШ № 3 смела ўкараняюць у практыку работы сучасныя адукацыйныя тэхналогіі і дзеляцца вопытам з калегамі іншых школ на семінарах-практыкумах раённага і абласнога маштабаў.

Дырэктар СШ № 3 Жанна Лысая:

-       Уражвае і прыемна здзіўляе працаздольнасць Тамары Уладзіміраўны, яе настойлівасць у дасягненні мэты, уменне зацікавіць і іншых  сваімі ініцыятывамі. Як кіраўнік, яна пастаянна ў пошуку аптымальных формаў і метадаў работы з вучнямі і настаўнікамі. Вялікі яе асабісты ўклад у памнажэнне інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў: Тамара Уладзіміраўны выкладае ў Школе юных інтэлектуалаў.

Людміла Вярбіцкая, намеснік дырэктара СШ № 3:

-       Назіраеш за работай Тамары Уладзіміраўны і разумееш - гэтаму чалавеку пашчасціла не памыліцца, знайсці сваё прызванне. З Тамарай Уладзіміраўнай прыемна працаваць і калегам, і вучням. Яе далікатнасць, стрыманасць, мудрасць, прафесіяналізм, кампетэнтнасць і бязмежная дабрыня дапамагаюць ёй аддаць сябе цалкам той справе, якую  аднойчы выбрала.

Настаўнік СШ № 3 Міхаіл Лянцэвіч:

-       Наша сумесная педагагічная дзейнасць акрэслена не адным дзясяткам гадоў. Як кіраўніка адукацыйнай установы мяне заўсёды радаваў творчы падыход да справы Тамары Стула, яе дар устанавіць добрыя адносіны з усімі педагогамі. Гэта выдатная рыса, якая адрознівае Тамару Уладзіміраўну ў калектыве. Яна стала ініцыятарам укаранення ў школе такіх новых педагагічных тэхналогій як Дальтан-урок, методыкі Эльконіна-Давыдава, "Крок за крокам". І яе заслуга ў тым, што школа дабілася значных вынікаў у алімпіядным руху.

Галіна Латушка, настаўніца пачатковых класаў са стажам работы больш за 30 гадоў:

- Думаю, што я выкажу думку не толькі сваю, але і маіх калег. Мы ўдзячны Тамары Уладзіміраўне за тую павагу, з якой яна адносіцца да ўсіх нас. Гэта ўнікальны выпадак, каб чалавек так умеў бачыць у педагогаў і вучняў толькі добрае, станоўчае. Яна ніколі не сапсуе нам настрой. Калі што не так, мы адчуем гэта па яе позірку. Колькі разоў мы бачылі ў яе асобе добрага памочніка, педагога, які валодае сучаснымі метадамі і тэхналогіямі, заўсёды падтрымае нашы новыя ініцыятывы і дапаможа пракласці ім дарогу ў практыку. Яна верыць у нас, а гэта акрыляе.

Вольга Суднік, адвакат стаўбцоўскай юрыдычнай кансультацыі:

-       Мне хочацца спыніць час і яшчэ раз адчуць шчасце прыйсці ў першы клас да сваёй настаўніцы Тамары Уладзіміраўны, зноў адчуць яе клопат і ласку. Я рада, што сёння мне прадаставілася магчымасць выказаць сваёй першай настаўніцы бязмежную ўдзячнасць і пажадаць ёй, каб ніякія жыццёвыя хмары не азмрочылі яе светлы позірк і дабрыню яе вачэй.

Ілона Прыёмка, вучніца 4 "А" класа:

-       Нам пашанцавала наведваць заняткі ў Школе юных інтэлектуалаў у Тамары Уладзіміраўны. Яна заўсёды прыходзіць на ўрок з усмешкай, з добрым настроем. Тамара Уладзіміраўна нават складаны матэрыял умее растлумачыць проста, даступна, і цяжкая дарога ведаў становіцца для нас роўнай і лёгкай.

Прыемна было слухаць, колькі прыемных слоў сказалі на адрас Тамары Стула яе калегі і вучні. Нам застаецца дабавіць некалькі штрыхоў да яе партрэта.  Тамара Уладзіміраўна годна прадстаўляла сваю школу, а па вялікім рахунку і Беларусь, у Англіі, куды выязджала са сваімі калегамі ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва з замежнымі школамі. Тамара Стула - адна з каардынатараў гэтага праекта, які доўжыцца ўжо не адзін год і мае перспектывы. Шмат скажа аб яе мірным характары, прастаце, абаяльнасці і жаночай мудрасці і той факт, што яна 28 гадоў жыве са свякроўю, разам з мужам з'яўляючыся яе падтрымкай і апорай.

Ва ўсіх родных і блізкіх Тамары Уладзіміраўны была задача сагрэць яе ў дзень яе юбілею і пажадаць ёй здароўя і надалей творчага настрою і светлых дзён у жыцці.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ