Кожная сотка зямлі
Нумар - №225-227 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
26.11.2011
Аб рабоце сельвыканкама і ААТ "Вішнявецкі-агра" па эфектыўным і якасным выкарыстанні зямельных рэсурсаў і захаванні зямельнага заканадаўства - такое пытанне абмяркоўвалася на сесіі Вішнявецкага сельскага Савета.
У выступленнях старшыні сельвыканкама Ніны Гурыновіч, дэпутатаў Мікалая Клаўшуна, Міхаіла Грышана, Вячаслава Ермаковіча ўтрымліваўся дэталёвы аналіз землекарыстання на тэрыторыі сельсавета. Агледзім і мы, аперыруючы лічбамі і фактамі, гэты маляўнічы і шчодры наднёманскі кут.
Працягласць тэрыторыі Вішнявецкага сельсавета складае 67 кіламетраў. Асноўным землекарыстальнікам з'яўляецца ААТ "Вішнявецкі-агра". Гаспадарка выкарыстоўвае 6370 гектараў зямлі, з іх сельскагаспадарчых угоддзяў 5756 га: ворыва - 4426 га, лугоў - 1200 га і шматгадовых насаджэнняў, маецца на ўвазе славуты вішнявецкі сад, - 130 гектараў. Па даных агранамічнай службы, у сельскагаспадарчым абароце - 77 працэнтаў зямель гаспадаркі. Гэта даволі высокі паказчык, калі ўлічыць, што ў поймах рэк Нёман і Сула знаходзіцца каля 200 гектараў лугоў, дзе нельга весці актыўнае землекарыстанне, уносіць угнаенні, ядахімікаты.
У раслінаводстве асноўны напрамак - вытворчасць збожжа. Пад збожжавымі культурамі ў гаспадарцы занята штогод ад 60 да 65 працэнтаў усяго ворыва. Сёлета было намалочана 10,5 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,5 цэнтнера з гектара, на 3 ц/га больш, чым у 2010 годзе. Павялічылі ў гэтым годзе пасадачную плошчу бульбы да 150 гектараў, 480 гектараў занялі пад цукровымі буракамі. Год выдаўся ўраджайным, затраты апраўдваюцца. Станоўча ацэньваецца работа агранамічнай службы сельскагаспадарчага таварыства. Павышаецца ўрадлівасць зямель, паляпшаецца якасць іх апрацоўкі з прымяненнем новай эфектыўнай тэхнікі, укараняюцца прагрэсіўныя тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
838 гектараў знаходзіцца ў распараджэнні сельскага Савета. З іх 190 гектараў размешчаны пры домаўладаннях, проста кажучы, заняты соткамі вяскоўцаў. Бульбу сяльчане вырошчваюць на палях севазвароту, гэта 115 гектараў. 106 гектараў "сельсавецкай" зямлі займаюць шматгадовыя травы. Для пасьбы жывёлы замацавана 26,5 гектара лугавін, яшчэ 28,5 гектара - для сенакосаў. Усяго ж па даных на канец сёлетняга верасня ў асабістых падсобных гаспадарках налічвалася 47 кароў, 1322 свінні, 23 авечкі, 15 козаў, 8 коней, 4368 галоў птушкі, 216 пчаласем'яў.
Не патрэбна асаблівых падлікаў, каб уявіць, якое раздолле кожнай кароўцы, што "мае ў асабістым валоданні" цэлага паўгектара. На такіх землях не цесна было б статку ў дзясятак разоў большаму, як гадоў з дзесяць таму назад. Цяпер жа маем тое, што засталося…
Праблема аднаўлення, пашырэнне вясковага падвор'я самадастатковая, вельмі важная. Тут жа працягнем размову аб эфектыўнасці выкарыстання зямлі. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, вясковыя жыхары маюць права валодання зямельным участкам да 0,25 гектара для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, і для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі - да аднаго гектара. І гэтыя правы грамадзян задавальняюцца. Але вось на фермерства, калі могуць выдзеліць зямельны ўчастак да трох гектараў, заяў у сельскі Савет пакуль не паступае. 18 гектараў здадзена ў арэнду, у тым ліку і часова пражываючым грамадзянам. Адным словам, усім, хто жадае працаваць на зямлі, прадастаўляецца такая магчымасць.
Іншая справа, што на тэрыторыі сельсавета не поўнасцю выконваюцца патрабаванні заканадаўства па якасным выкарыстанні зямельных рэсурсаў. 220 домаўладанняў выкарыстоўваюцца сезонна, так званымі дачнікамі, на іх рахунку 81 гектар зямлі. Тут падыход розны: дбайны гаспадар дагледзіць свой агарод так, што і сабе прадуктаў назапасіць, і на продаж мае. Іншы ж нават элементарны парадак у двары навесці лянуецца ці часу не мае.
Але гэта яшчэ паўбяды. 42 дамы на сёння лічацца пустымі, не могуць адшукаць уласніка, таму зямля дзірванее, зарастае пустазеллем. За тры гады, згодна з зацверджаным рэгістрам, знесена 17 такіх хацін, зямельныя ўчасткі адпаведна перададзены ва ўласнасць сельскага Савета. Да канца года будзе ачышчана ад паўразбураных будынін яшчэ шэсць участкаў.
На тэрыторыі сельсавета пражываюць 443 пенсіянеры, гэта 28 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Састарэлыя людзі не ў стане ўжо апрацоўваць свае ўчасткі, таму падаюць заявы з просьбай паменшыць прыдомавыя тэрыторыі. Такім чынам за апошнія тры гады назапасілася ажно 83 гектары пакінутых зямель.
Летась і сёлета 70 гектараў ужо ўведзены ў абарот. Вось так населеныя пункты прыводзяцца ў парадак. Хаця нават і ў аграгарадку "Вішнявец" ёсць свабодныя зямельныя ўчасткі - калі ласка, будуйцеся, стварайце вашаму населенаму пункту прывабны выгляд.
На жаль, у сельскім Савеце ёсць адрасы, дзе людзі не клапоцяцца пра знешні выгляд свайго жылля і двара. Як з сэрцам было сказана, лягчэй пусціць у падобнае захалусце бульдозер, чым вычысціць з гадамі сабраны хлам.
Работнікі сельвыканкама абыходзяць літаральна кожны двор, пераконваюць у неабходнасці заключэння дагавораў на вываз бытавога смецця. Штомесяц яно збіраецца тэхнікай АКС. Але і ўказаная, можна сказаць, сімвалічная сума аплаты не кожнага падахвочвае. І смецце з двароў цягнуць на луг, у пералесак. Даводзіцца ліквідоўваць несанкцыянаваныя смеццязвалкі. А ці не пара выкарыстаць уладу, дадзеную Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Згодна з рашэннем сельвыканкама, за стан падведамасных тэрыторый адказваюць канкрэтныя службовыя асобы. Шмат абавязкаў, а яшчэ і гэтыя? Землі вакол воданапорных вежаў, каля будынкаў інтэрната, былой бальніцы, дамоў, што стаяць на балансе гаспадаркі, своечасова не прыводзяць у парадак. Так мякка сказана аб праблеме, якая таксама сярод важных у гэтым кірунку. І старшынёй сельвыканкама канстатавана: "Толькі ад нас, паважаныя дэпутаты, кіраўнікі, старасты вёсак, залежыць, якую зямлю перададзім нашым нашчадкам…"






