мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №225-227    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

26.11.2011

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 27 шлюбаў, зроблены шэсць  адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены шаснаццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: тройні Трафімчыкаў - Валерыі, Уладзіславу і Варвары, двойні Ражковых - Алісе і Васілісе, а таксама Валерыі Алешка, Аляксандры Камароўскай, Дар'і Ярашэвіч, Ксеніі Белай, Аліне Варапай, Аляксандры Мацвеевай, Яраславу Бурновічу, Кірылу Шыбко, Дзіяне Вялічка, Данілу Юргелю і Дзянісу Чэмку.

Зямны шлях закончыўся для 34-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Аталезі ў чатыры  гадзіны ночы агонь узвіўся над жылым домам, які мясцовае сельгаспрадпрыемства арандавала ў спадчыннікаў для свайго маладога спецыяліста. На шчасце, усё абышлося - малады чалавек паспеў выскачыць, таму можа святкаваць другі дзень нараджэння. А страты, нанесеныя ў выніку пажару дому і маёмасці (прычына здарэння ўстанаўліваецца) кампенсуе добраахвотная страхоўка. Пажар здарыўся і ў драўляным дачным доме ў Дзярэчынцах. Няшчасце выклікала парушэнне правіл устройства пячнога ацяплення. У сувязі з напружанай абстаноўкай, якая склалася з пажарамі ў вобласці і ў рэспубліцы, выратавальнікамі-пажарнымі сумесна з сельвыканкамамі праводзіцца ў выхадныя дні абследаванне жылога сектара. Акрамя таго, для бяспекі людзей звернута асаблівая ўвага на будаўнічыя аб'екты, у прыватнасці, на бытоўкі, дзе неабходна падтрымліваць не толькі ўтульнасць, але і захоўваць правілы пажарнай бяспекі.

Міліцыяй узбуджаны сем крымінальных спраў. Непадалёку ад кафэ "Ветразь" грамадзянін паквапіўся на два люстэркі аўтамабіля "ВАЗ". Без двух колаў застаўся і аўтамабіль "Пежо", прыпаркаваны па вуліцы Меліяратараў у Дзераўной. З гаража стаўбчанкі па вуліцы Камарова зніклі 36 чыгунных трубаў. Зладзеі вынеслі грошы з кватэраў стаўбчан па вуліцах Калініна, Цэнтральнай, Мічурына.

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка па фактах смерці жыхароў Старога Свержаня, Наваколасава і Зарэчча. У суд былі накіраваны тры крымінальныя справы ў адносінах да трох абвінавачваных.

Суд асудзіў на тры гады тры месяцы абмежавання волі 53-гадовага жыхара Тонава: будучы раней судзімым, мужчына на сваім рабочым месцы - у гаражы ААТ "Рубяжэвічы" - пасварыўся з калегам і нанёс яму цяжкія траўмы. Да чатырох месяцаў арышту прыгавораны 20-гадовы жыхар Засулля, таксама раней судзімы: ён паквапіўся на бялізну, якая сушылася на падворку ў пасёлку Нёман. Двое непаўналетніх жыхароў Мінска ўчынілі ў Кнотаўшчыне хуліганства - пашкодзілі 12 метраў драўлянага плоту, за што кожны з іх абмежаваны ў волі на адзін год два месяцы.         

ДАІ выявіла 182 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - пяць  п'яных і восем бяспраўных вадзіцеляў, 21 недысцыплінаваны пешаход і інш. На дарогах раёна здарыліся 16 дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў. 

"Хуткая" атрымала 363 выклікі да хворых, у прыватнасці 16 сігналаў пступіла да асоб у стане алкагольнага ап'янення. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ