мобильная версия
Прамень

Раздзяліць радасць

Нумар - №225-227    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

26.11.2011

Яркай адметнасцю кожнага сельвыканкама з'яўляецца тое, што супрацоўнікі яго дакладна ведаюць пра кожны падворак у падведамасных населеных пунктах, могуць з лёту расказаць пра кожнага  жыхара. У гэтым мы, журналісты, не раз пераконваліся, бываючы ў творчых камандзіроўках па раёне. Як лічыць старшыня Засульскага сельвыканкама Таццяна Юнцэвіч, вельмі важна ўмець падзяліць з чалавекам яго клопат  і яго радасць. Можа кагосьці трэба аформіць на сацыяльны ложак на зіму, кагосьці зарыентаваць, каб атрымаў адрасную грашовую дапамогу, калі на тое ёсць падставы. А калі ў старажыла векавы ці амаль векавы юбілей - з падарункам да яго дамоў.

І ў гэтыя лістападаўскія дні старшыня сельвыканкама занята прыемнымі клопатамі. У адзін дзень, 26 лістапада, святкуюць залатое вяселле дзве паважаныя вясковыя сям'і -  Альфрэд Казіміравіч і Надзея Васільеўна Гарохавікі з Ячонкі і Іосіф Канстанцінавіч і Марыя Адамаўна Варывоцкія са Ждановіч. Гэтыя людзі цяпер на заслужаным адпачынку. А ў свой час яны шмат сваіх сіл аддалі працы ў мясцовым калгасе. Гэта людзі, якія заўсёды першымі прыйдуць на дапамогу ў агульных грамадскіх справах, нягледзячы на свой узрост, ім можна даверыць і справу вясковага старасты, як Іосіфу Варывоцкаму. Іосіф Канстанцінавіч і Марыя Адамаўна выгадавалі пяць дачок, Альфрэд Казіміравіч і Надзея Васільеўна - двух сыноў і дачку. І ў адной, і ў другой сям'і дзеці з'яўляюцца гонарам бацькоў, яны - паважаныя ў грамадстве людзі і добрая апора  бацькам на схіле веку.

У дзень святочнага юбілею сямейных пар зроблены ўрачысты запіс у памятнай кнізе Засульскага сельвыканкама. Гэтыя залатыя юбілеі ўвойдуць у гісторыю і слаўна ўпішуцца ў вясковы летапіс.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ