мобильная версия
Прамень

Варыянты для мытнай прасторы

Нумар - №225-227    Рубрыка - Прамысловасць

26.11.2011

Дэлегацыя філіяла маторнага завода вярнулася з Масквы, дзе ўпершыню брала ўдзел у 11-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе кампрэсарнага абсталявання.

Знаёмства з выставай, дзе былі прадстаўлены апошнія дасягненні ў вобласці кампрэсарных станцый, у тым ліку сусветна вядомых брэндаў, не прайшло для стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў бясследна (адметна, што сярод брэндаў на выставе была і стаўбцоўская станцыя, яе папулярная шасцікубовая мадэль, але яе прадстаўляў дылер; удзельнічаць у выставе такога фармату напрамую - вельмі дорага).

Пасля выставы з'явіліся новыя варыянты супрацоўніцтва. Так, начальнік аддзела збыту Віктар Круглік вёў перамовы з Гандлёвым домам "Рэміза", і іх вынікам можна назваць тое, што 5 кампрэсарных станцый на агульную суму 1 мільён 489 тысяч расійскіх рублёў (гэта трэцяя частка месячнага задання на прадпрыемстве) ужо знайшлі свайго пакупніка. Трапіць з кампрэсарнымі станцыямі на еўрапейскі рынак не так і проста, але актуальная і рэальная задача для прадпрыемства - заявіць пра сябе ў адзінай мытнай прасторы, у прыватнасці асвойваць праз дылерскія сеткі рынак Казахстана, далей пашыраць свой уплыў на расійскім рынку.

Начальнік канструктарскага бюро філіяла Уладзімір Стэльмах падзяліўся, што падчас выставы былі створаны напрацоўкі ў пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў адносна кампрэсара і іншых камплектуючых да станцый.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ