З 28 лістапада пачынаецца Ражджэственскі пост
Нумар - №225-227 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
26.11.2011
Ражджэственскі пост - апошні шматдзённы пост у годзе. Ён пачынаецца 28 лістапада і працягваецца да 7 студзеня, доўжыцца 40 дзён, таму і называецца ў Царкоўным Уставе Чатырохдзясятніцай, як і Вялікі Пост. Так як загавенне (пярэдадзень посту) прыходзіцца ў дзень памяці св. апостала Піліпа (27 лістапада), то гэты пост называюць яшчэ Піліпаўскім (у некаторых месцах Беларусі - Піліпаўкай).
Устанаўленне Ражджэственскага посту адносіцца да старадаўніх часоў хрысціянства. Па словах блажэннага Сімяона Салунскага, "пост Ражджэственскай Чатырохдзясятніцы стварае вобраз посту Маісея, які, пасціўшыся сорак дзён і сорак начэй, атрымаў на каменных скрыжалях абрысы славес Божых. А мы, посцячыся сорак дзён, сузіраем і прымаем жывое Слова ад Дзевы, напісанае не на камені, але якое ўвасобілася і нарадзілася, і далучаемся да Яго Бажэственнай плоці".
У сімвалічным значэнні Ражджэственскі пост указвае на стан свету да прышэсця Спасіцеля. Ён устаноўлены для таго, каб мы да дня Ражджаства Хрыстовага ачысцілі сябе пакаяннем, малітваю, пастом, каб з чыстым сэрцам, душой і целам маглі з глыбокай пашанай сустрэць Сына Божага, Які з'яўляецца ў свет, і, каб акрамя звычайных дароў і ахвяр прынесці Яму наша чыстае сэрца і жаданне следаваць за Ім.
Посцячыся цялесна, нам неабходна пасціцца і духоўна. Пост цялесны без посту духоўнага нічога не прыносіць для выратавання душы, нават наадварот, можа быць духоўна шкодным, калі чалавек, устрымліваючыся ад ежы, пранікаецца ўсведамленнем уласнай перавагі над іншым, таму што ён посціцца. Сапраўдны пост звязаны з малітвай, пакаяннем, устрыманнем ад страсцей і парокаў, выкараненнем злых спраў, дараваннем крыўдаў, устрыманнем ад шлюбнага жыцця, выключэннем забаўляльных і відовішчных мерапрыемстваў, праглядам тэлевізара. Пост не мэта, а сродак - сродак уціхамірыць сваю плоць і ачысціцца ад грахоў. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай. Мы любім разважаць аб тым, што можна, а чаго нельга есці ў час посту, забываючыся аб галоўным, што пост - гэта перш за ўсё час, калі мы павінны развучыцца грашыць, і кулінарыя павінна быць нашым сродкам, а не мэтай. Гастранамічны складальнік посту толькі сродак для правільнага духоўнага жыцця, заснаванага на малітве і Таінствах Пакаяння і Прычасця.
Правілы харчавання ў пост, якія ўказаны ў царкоўным календары, адносяцца да манастырскага Уставу - гэта ідэальная норма. Міране могуць атрымаць паслабленне свяшчэнніка ў залежнасці ад канкрэтных умоў жыцця і здароўя.
Сітуацыі бываюць рознымі, і спосабы вырашэння гэтых сітуацый таксама бываюць вельмі рознымі. Лёгка было б падагнаць усіх пад адну схему і гэтай схемай кіравацца. Аднак хрысціянства - гэта не схема, а жыццё.
Кожны з нас павінен памятаць аб сваёй уласнай адказнасці перад Богам, таму рашэнне прымаць нам самім, а для таго, каб у гэтым рашэнні не памыліцца, патрэбна не толькі прыкладвацца да Евангелля перад ялеепамазаннем, але і чытаць, что напісана ў ім: "субота для чалавека, а не чалавек для суботы" (Мк. 2:27).
У чым жа ўсё-такі пост? Навошта людзі мучаць сябе, абмяжоўваюць у ежы, калі можна проста быць "харошым чалавекам"? Аднак "харошы чалавек" - гэта не прафесія, і мы закліканы да таго, каб быць добрымі хрысціянамі, а гэта немагчыма без усведамлення таго, наколькі мы самі па сабе дрэнныя. Пост - гэта час усведамлення сваёй уласнай недасканаласці, фізічнай і духоўнай. Менавіта ў гэты час мы разумеем, наколькі мы слабыя і наколькі нашых чалавечых сіл не хапае для таго, каб перамагчы элементарнае - сябе любімага. Аднак, што немагчыма чалавеку - магчыма Богу, і менавіта ўсведамленне свайго ўласнага бяссілля - першы крок на шляху да выратавання.
Аляксандр МАРЦІНЧЫК, благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі, настаяцель Стаўбцоўскага Свята-Аннінскага храма протаіерэй






