мобильная версия
Прамень

З пытаннем да міністра адукацыі

Нумар - №225-227    Рубрыка - Адукацыя

26.11.2011

Фотография 1
Фотография 2

 

У прыёмнай стаўбцоўскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" у зале райвыканкама прыём правёў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч.



Прыём грамадзян праходзіў з удзелам старшыні райвыканкама Уладзіміра Місько і яго намесніка па сацыяльных пытаннях Сяргея Шэсцеля, а таксама начальника аддзела адукацыі Юрыя Ларычэва.

Тымі з грамадзян, хто прыйшоў на прыём да міністра, было агучана набалелае пытанне нашага райцэнтра - дэфіцыт месцаў у дзіцячых дашкольных установах. Мясцовай уладай і аддзелам адукацыі райвыканкама прадпрымаюцца меры змягчыць гэта напружанне. Напрыклад, для гарадскіх дзяцей адкрываюцца групы ў прыгарадных дзіцячых садах сельскіх населеных пунктаў. Аднак гэта не здымае праблемы. Сёння на чарзе на атрыманне месца ў дзіцячым садзе стаіць больш за 300 чалавек.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Місько далажыў, што згодна з абласной праграмай развіцця дашкольнай адукацыі будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Стоўбцах запланавана толькі ў 2014 годзе. Старшыня райвыканкама звярнуўся з просьбай да Сяргея Маскевіча пасадзейнічаць у паскарэнні будаўніцтва дашкольнай установы ў нашым райцэнтры з-за праблемы, што ўзнікла. Разам з тым Уладзімір Місько расцаніў як добры знак, што райцэнтр разрастаецца. Толькі ў гэтым годзе ў раёне плануецца ўвесці 30 тысяч квадратных метраў жылля. Сяргей Маскевіч з разуменнем паставіўся да праблемы і запэўніў, што ён на пасадзе міністра будзе садзейнічаць таму, каб было прынята рашэнне аб паскарэнні ўвядзення новай дашкольнай установы ў Стоўбцах.

Важнае пытанне, якое непакоіць і іншыя школы рэспублікі, што працуюць з мастацкім накірункам,  - лёс эстэтычных класаў - падняла на прыёме ў міністра намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 Людміла Старавойтава.   Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і новыя нарматыўныя дакументы ў сферы адукацыі, а таксама ў цэлым патрабаванні сучаснага дня аб аптымізацыі вучэбных планавых праграм новай сістэмы падрыхтоўкі на ўзроўні агульнаадукацыйнай школы ставяць пытанні аб рэструктарызацыі спецкласаў у школах, у тым ліку і эстэтычнага накірунку. Аднак, як зазначыў Сяргей Маскевіч, міністэрства адукацыі падтрымлівае эстэтычнае і мастацкае выхаванне ў спецыялізаваных школах. Таму быў дадзены адказ, што класы гэтыя могуць застацца ў рамках дадатковай адукацыі ў агульнаадукацыйных школах, свайго роду школа ў школе. Мясцовай уладзе прадастаўляецца права знайсці рэсурсы, каб развіваць эстэтычны накірунак у школе, якая мае добрыя традыцыі і вынікі, стварыла мастацкія калектывы, якія могуць быць візітнай карткай раёна і спрыяюць добраму іміджу Стаўбцоўшчыны.

У час работы грамадскай прыёмнай старшынёю райвыканкама Уладзімірам Місько было паднята важнае пытанне духоўна-маральнага выхавання вучнёўскай моладзі, прагучаў непакой аб недапушчэнні негатыўнага ўплыву на моладзь таталітарных сектаў і дэструктыўных культаў.

У сувязі з гэтым узрастае важнасць супрацоўніцтва школы з традыцыйнымі цэрквамі. Сяргей Маскевіч падтрымаў гэтую думку. Ён праінфармаваў, што ў красавіку бягучага года падпісана пагадненне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Распрацоўваюцца сумесныя праграмы супрацоўніцтва, рэалізуюцца праекты па арганізацыйна-метадычным забеспячэнні духоўна-маральнага выхавання на праваслаўных традыцыях беларускага народа. У многіх рэгіёнах рэспублікі гэта работа паспяхова ўжо праводзіцца. Так што ўсё залежыць ад актыўнасці на мясцовым узроўні, ад ініцыятыў у гэтым накірунку аддзела адукацыі. Мала таго, ход рэалізацыі  праграмы супрацоўніцтва знаходзіцца на кантролі ў Міністэрстве адукацыі.

Пасля заканчэння прыёму грамадзян Сяргей Маскевіч адказаў на некалькі пытанняў журналістаў.

- Наколькі камфортна пачуваюць сябе адукацыйныя ўстановы з новым Кодэксам аб адукацыі?

- Заўсёды, калі з'яўляецца новая нарматыўна-прававая база, тым больш такая маштабная, як Кодэкс аб адукацыі, ёсць у значнай ступені напружанне: гэта выклікае дадатковую работу, узнікаюць незразумелыя моманты. Хутчэй за ўсё, што на даным этапе многія адчулі больш нязручнасцяў, чым камфорту, як часта бывае ў час пераходнага перыяду. Тым больш што не прыняты яшчэ ўсе падзаконныя акты, якія неабходна ўзгадніць з Кодэксам, прывесці ў адпаведнасць. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь знаходзіцца цяпер 26 законаў і больш за 620 нарматыўных актаў, у якія ўносяцца змяненні ў сувязі з прыняццем галоўнага дакумента - новага Кодэкса аб адукацыі. Цяперашні навучальны год - гэта год маніторынгу, пераходны перыяд. І вельмі важна ўлічыць усе станоўчыя моманты, якія дае новы Кодэкс, і развіваць іх.

- Сяргей Аляксандравіч, у сродках масавай інфармацыі прайшла інфармацыі аб магчымых змяненнях у правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У прыватнасці, пытанне датычыць конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ - ён будзе асобны, як раней, ці адзіны?

-     Змяненні ў правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы - гэта не навіна. Кожны год пасля завяршэння ўступнай кампаніі камісія па кантролі за ходам уступных іспытаў рыхтуе свае прапановы па ўдасканаленні правіл прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і накіроўвае іх Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. І сёлета гэты этап  пройдзены,  мы падрыхтавалі нашы прапановы па новай рэдакцыі прыёму, дзе ўносяцца нязначныя карэкціроўкі на падставе вопыту, які ёсць. У прыватнасці, гэта датычыць асобнага конкурсу для сельскіх і гарадскіх абітурыентаў. Уносяцца прапановы зрабіць гэты конкурс адзіным па той простай прычыне, што па большасці спецыяльнасцяў у сельскіх абітурыентаў прахадны бал быў нават вышэйшы, чым у гарадскіх, таму аўтаматычна ўстанаўліваецца адзіны прахадны бал. Таму было прынята рашэнне не зневажаць сяльчан, паколькі яны ўжо па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі, асабліва выпускнікі школ раённых цэнтраў, ніколькі не ўступаюць выпускнікам абласных устаноў адукацыі і горада Мінска. Хачу звярнуць увагу, што змяненні ў парадак прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўводяцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Святлана ЖЫБУЛЬ