Чыстыя лёгкія
Нумар - №228-229 Рубрыка - Медыцына
29.11.2011
Па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа з удзелам раённага камітэта БРСМ, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела адукацыі райвыканкама была праведзена асветніцкая акцыя "Здаровыя лёгкія". Акцыя прайшла ў межах рэспубліканскай і заклікана была звярнуць увагу на сур'ёзнае інфекцыйнае захворванне, якое па-ранейшаму прынята адносіць да статусу сацыяльна небяспечных, - туберкулёз.
У сярэднюю школу № 2 г. Стоўбцы арганізатары акцыі прыйшлі з інфармацыйна-адукацыйнымі матэрыяламі Беларускага Чырвонага Крыжа, якія поўна і ў даступнай форме расказваюць аб асаблівасцях гэтага захворвання і метадах прафілактыкі. Акрамя таго, усе ўдзельнікі акцыі атрымалі паветраныя шары з надпісам "Чыстыя лёгкія".
Валанцёры Чырвонага Крыжа і раённага камітэта БРСМ расказалі рабятам аб праблеме туберкулёзу. Быў паказаны тэматычны відэаролік. Перад вучнёўскай аўдыторыяй выступілі ўрач-фтызіятр цэнтральнай раённай бальніцы Марына Санкевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская. Урачамі былі зроблены акцэнты на тым, як абараніць сябе ад заражэння туберкулёзам, як перадаецца гэтае захворванне і што трэба рабіць, каб меры прафілактыкі былі дзейснымі.
Было праведзена анкетаванне вучняў "Што мы павінны ведаць пра туберкулёз?"
Мерапрыемства ўключала і займальныя конкурсы, напрыклад, хто хутчэй надуе паветраны шар. Пераможцы конкурсу атрымалі падарункі Чырвонага Крыжа.
У рамках акцыі "Здаровыя лёгкія" прайшло мерапрыемства і ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы. Тут правялі спартландыю.
Усе мерапрыемствы ў рамках акцыі садзейнічалі прывіццю ў вучнёўскай моладзі навыкаў здаровага ладу жыцця.






