мобильная версия
Прамень

Дапамагчы курыльшчыку сказаць: "Не!"

Нумар - №228-229    Рубрыка - Медыцына

29.11.2011

У апошні час рознымі службамі і структурамі праводзіцца шмат акцый па здароваму ладу жыцця. У ліку шкодных звычак, якія пагражаюць здароўю, і курэнне. Лёгка заклікаць кінуць курыць. Аднак не кожны знаходзіць у сабе сілы адмовіцца ад цыгарэты, якая зрабіла арганізм чалавека сваім рабом. У рамках Сусветнага дня некурэння валеалагічныя службы цэнтральнай раённай бальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сабралі разам урачоў розных спецыяльнасцяў, каб яшчэ раз звярнуць увагу на пагубную для здароўя чалавека звычку тытунекурэння.

Сяргей Карэлін, урач-нарколаг:

-       Даводзіцца прызнаць, што праблема тытунекурэння актуальная не толькі для нашай краіны, але і для ўсіх краін свету. У Еўропе прыкладна 215 мільёнаў чалавек з'яўляюцца курыльшчыкамі. 30 працэнтаў складае распаўсюджанасць курэння сярод маладых людзей ва ўзросце 15-28 гадоў. Курэнне - адна з самых частых прычын смерці, якую чалавек можа прадухіліць. Курэнне часта звязана з развіццём раку лёгкіх, хранічнага бранхіту, стэнакардыі, інсульту. Пазбаўляюцца жыцця па гэтай прычыне дзясяткі тысяч.  Працяглае курэнне прыводзіць да таго, што чалавек часта хварэе, у яго зніжаецца працаздольнасць, увага і вынослівасць. Людзі, якія кураць, не здольныя дасягнуць высокіх вынікаў у спорце, іншых відах дзейнасці. У курыльшчыка мяняецца знешнасць, ён становіцца малапрыцягальным.

Марыя Санько, урач-фтызіятр:

-       У лёгкіх пры курэнні паступова назапашваюцца тытунёвы дым і сажа. Ніводзін орган так не пакутуе ад курэння як лёгкія. Задумаемся: у 1-ым кубічным сантыметры тытунёвага дыму налічваецца да 600 тысяч часціц копаці. Гэтыя шкодныя рэчывы асядаюць у лёгкіх і бронхах. Адным нікацінам небяспека тытунёвага дыму не вычэрпваецца. Маецца цэлы "букет" ядаў, якія праглынае чалавек,  калі курыць.  Гэта аміяк, чадны газ, анілін, серавадарод, канцэрагенныя вуглевадароды, сінільная кіслата. Гэтыя рэчывы выклікаюць моцнае слінавыдзяленне. Сліна трапляе ў страўнікава-кішэчны тракт. Адсюль пастаянныя болі ў вобласці страўніка і кішэчніка, прагрэсіраванне язвеннай хваробы. Пры курэнні зніжаецца супраціўляльнасць лёгкіх да розных інфекцыйных захворванняў, у тым ліку такіх цяжкіх і небяспечных як туберкулёз.

Наталля Шаруан, урач-анколаг:

-       Асноўнымі фактарамі рызыкі ўзнікнення раку губы лічацца ўздзеянне сонечных промняў і тытуню. Рак на слізістай абалонцы поласці рота ў большасці выпадкаў звязаны з тытунёвым дымам. Усе тыпы тытуню і спосабы іх ужывання павялічваюць рызыку развіцця злаякасных пухлін у поласці рота. Той факт, што курыльшчыкі маюць больш дрэнны прагноз у адносінах да анкалагічных захворванняў, верагодна, звязаны з пабочным уздзеяннем цыгарэтнага дыму на імунную сістэму хворых. Даследаванні паказалі, што ад 72 да 99 працэнтаў хворых на лейкаплазію злоўжывалі тытунём.

Ірына Пярхальская, урач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы:

-       Калі чалавек самастойна не можа справіцца з пагубнай звычкай тытунекурэння, то трэба звярнуцца ў наркалагічны кабінет. Тут можна атрымаць прафесійную дапамогу ў барацьбе з гэтай залежнасцю. Пацыенты не толькі могуць атрымаць кансультацыю ўрача-нарколага, але ім можа быць назначаны курс лячэння. Лячэнне праводзіцца амбулаторна, на платнай умове. Працуе таксама тэлефон даверу ў мэтах прафілактыкі тытунекурэння - 5-46-43, 5-54-99 з 9 да 12 гадзін.

Ала Шыдлоўская, інструктар-валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

-       Хачу звярнуць увагу на заканадаўчыя акты ў адносінах да распаўсюджвання курэння. У адпаведнасці з Палажэннем аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту, рэкламы і спажывання тытунёвай сыравіны  і тытунёвых вырабаў, зацверджаным Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 года № 28, курэнне забаронена ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб'ектах гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Забарона распаўсюджваецца на аб'екты грамадскага харчавання, акрамя аб'ектаў, якія рэалізуюць тытунёвыя вырабы і маюць прызначаныя для абслугоўвання грамадзян памяшканні з дзеючай сістэмай вентыляцыі, а таксама на памяшканні органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, усе віды вакзалаў, аэрапорты, падземныя пераходы, усе віды грамадскага транспарту. Пры парушэнні гэтых заканадаўчых патрабаванняў накладваецца штраф у памеры ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні. Хочацца заклікаць людзей паважліва адносіцца адзін да аднаго. Калі вы курыце, то пастарайцеся хоць бы не курыць у прысутнасці тых, хто не курыць. А лепш за ўсё - кіньце курыць, медыкі гатовы вам у гэтым дапамагчы. За дапамогай можна звярнуцца ў кабінеты №№ 321 і 123 паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ