Падтрымка донарства
Нумар - №228-229 Рубрыка - Медыцына
29.11.2011

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1519 устаноўлены новыя памеры кампенсацый донарам за здачу крыві і яе кампанентаў. Мы папрасілі загадчыцу аддзялення пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы Ірыну Пярхальскую сказаць, у чым сутнасць гэтых змяненняў, унесеных урадам.
- Мы з радасцю прынялі факт, што ўнесены змяненні ў Пастанову Савета Міністраў аб павелічэнні ў грашовым выражэнні кампенсацыі донарам. Ва ўрачэбнай практыцы вельмі часта ўзнікаюць сітуацыі, калі экстранна ці планава патрэбна донарская кроў. Не злічыць выпадкаў, калі менавіта донары выратоўвалі жыццё іншых людзей. Таму кроў донара - вялікая каштоўнасць. Каго аднойчы выратавала донарская кроў, на ўсё жыццё застанецца ўдзячны таму невядомаму, аднак роднаму яму ўжо чалавеку, які наноў падарыў яму цэлы свет. Адзяленне пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы цалкам забяспечана кампанентамі донарскай крыві дзякуючы людзям, хто лічыць сваім абавязкам прыйсці і здаць кроў. Згодна з прынятым урадавым дакументам, цяпер кампенсацыя донарам за здачу крыві разлічваецца не з памеру базавай велічыні, а з бюджэту пражытачнага мінімуму. Донары крыві будуць атрымліваць цяпер за кожную здачу 259 тысяч рублёў, донары плазмы аднаразовай - 311 тысяч рублёў, двухразовай - 363 тысячы рублёў, ізаімунныя донары аднаразова - 460 тысяч рублёў, двухразова - 662 тысячы рублёў, цытаферэз (4 дозы) - 604 тысячы рублёў, донары эрытрацытаў, антыгену, мікрадонары (450 мл +/- 50 мл) - 834 тысячы рублёў. У выпадку атрымання талона на ўзмоцненае харчаванне коштам 57 тысяч рублёў сума кампенсацыі на рукі выплачваецца за мінусам гэтага кошту па ўсіх відах донарства.
Донарства заўсёды лічылася ціхім подзвігам у імя іншых. Донарская кроў - каштоўнасць, якую не купіш на рынку ці ў супермаркеце. Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз выказаць удзячнасць сотням донараў нашага раёна, якія лічаць сваім абавязкам прыйсці ў нашае аддзяленне і здаць кроў для выратавання жыцця другога чалавека.






