мобильная версия
Прамень

Паляна грыбная, ды не тая

Нумар - №228-229    Рубрыка - Ахова правапарадку

29.11.2011

Толькі за некалькі дзён кастрычніка за збор так званых наркатычных грыбоў былі затрыманы чацвёра чалавек.

На гэтым нядобрым занятку трапілася кампанія з траіх мінчан, 1987-1989 гадоў нараджэння. Кінуўшы свае справы індывідуальнага прадпрымальніка, юрыста-менеджара і зубнога тэхніка, маладыя людзі са сталіцы прыехалі на Стаўбцоўшчыну, каб знайсці каля двух дзясяткаў жаданых грыбоў. Увесь збор у іх канфіскаваны і накіраваны на экспертызу. Калі ў грыбах будуць выяўлены наркатычныя рэчывы, то будзе ўзбуджана крымінальная справа. Тэрмін пакарання, які прадугледжвае за гэта закон, - да 5 гадоў турэмнага зняволення.

"Чароўныя" грыбы шукаў на працягу дзвюх гадзін і мясцовы 19-гадовы жыхар, які нідзе не вучыцца і не працуе. Але ўдача яму не ўсміхнулася, хаця ў гэты дзень у хлопца быў дзень нараджэння. Няўжо юнак спадзяваўся накрыць для сяброў наркатычную грыбную "паляну"?..   

З гісторыі вядома, што яшчэ вікінгі выкарыстоўвалі чырвоныя мухаморы як ап'яняючы сродак. Індзейцы Лацінскай Амерыкі на працягу трох з паловай тысячагоддзяў выкарыстоўвалі грыбы пры культавых цырымоніях. У сучаснай Еўропе грыбы сталі наркотыкам. 

-  Актыўнае рэчыва ў такіх грыбах называецца псілацыбін і выклікае эфекты, якія нагадваюць уздзеянне наркотыка, - тлумачыць старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі раённага аддзела ўнутраных спраў Яўген Курыла. - У Рэспубліцы Беларусь любыя грыбы, у якіх ёсць псілацыбін і псілацын, аб'яўлены наркотыкамі. Наркаманы імкнуцца збіраць іх, потым высушваюць.

Як сведчаць медыцынскія даныя, уздзеянне атрутных грыбоў можа працягвацца ад 15 мінут да трох гадзін. Пры гэтым павялічваюцца зрэнкі, пачашчаецца пульс, з'яўляецца адчуванне неспакою. Расстройствы могуць быць у выглядзе боляў у страўніку і некантралюемых прыпадкаў істэрычнага смеху. Вялікая рызыка ўзнікнення псіхозаў. Непрыемны стан можа працягвацца на працягу сутак, а рэцыдыўныя эфекты турбуюць і цягнуцца  некалькіх месяцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ