мобильная версия
Прамень

Інстанцыя справядлівасці

Нумар - №230-232    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

03.12.2011

Фотография 1
Фотография 2
Фотография 3

5 снежня 1997 года прайшоў першы ў гісторыі Беларусі з'езд суддзяў. Па выніках гэтага форуму Указам кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі было ўстаноўлена адзначаць штогод у першую нядзелю снежня прафесійнае свята - Дзень юрыста. 

Гэта свята людзей, якія сваім словам і справай сцвярджаюць недатыкальнасць канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян, непахіснасць законаў дзяржавы і ўплываюць на фарміраванне яе прававой культуры.

За 10 месяцаў 2011 года ў вытворчасць суда паступіла 275 крымінальных спраў. З пастановай прыгавору разгледжаны 230 спраў у адносінах да 266 асуджаных. Трое былі апраўданы. Разгледжана 13 крымінальных спраў, дзе абвінавачваныя - 14 непаўналетніх. Разгледжана 927 грамадзянскіх спраў, у тым ліку 20 - аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў (у 19 - іск задаволены). Паступілі і разгледжаны дзве справы аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах (задаволены адзін іск). Судом задаволены 26 заяў аб спагнанні выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні. Рэальна спагнана з гора-бацькоў 52,5 працэнта выдаткаў. Разгледжана 2511 адміністрацыйных спраў.

- Сапраўды, за юрыдычнай дапамогай, для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў прыходзіцца звяртацца амаль кожнаму чалавеку, -  адзначае старшыня суда раёна Сяргей БУРАК. - Напрыклад, за 10 месяцаў бягучага года намі разгледжана амаль тысяча грамадзянскіх спраў. Адназначна, што рост іх колькасці сведчыць пра ўзрастанне даверу людзей да прававой сістэмы. Пры гэтым 97 працэнтаў рашэнняў па грамадзянскіх спрэчках і 82 працэнты прыгавораў не былі абскарджаны ў вышэйстаячыя суды. Адсюль можна меркаваць аб аўтарытэце, пераканаўчасці і справядлівасці вынесеных судовых вердыктаў.

-  Не так даўно ў маштабах рэспублікі былі агучаны і такія даныя незалежных сацыялагічных даследаванняў: больш за 80 працэнтаў грамадзян давяраюць судам агульнай юрысдыкцыі і больш за 70 працэнтаў лічаць, што ў выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі варта ісці ў суд...

-  Нягледзячы на пастаянна ўзрастаючыя аб'ёмы правасуддзя, суд працуе стабільна, своечасова і правільна разглядае пераважную большасць спраў. Разам з тым, і гэта адлюстравана ў Пасланні аб перспектывах развіцця сістэмы агульных судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10.10.2011 № 454, з улікам сучасных умоў суд павінен быць больш мабільным, стаць значным выхаваўчым рэзервам у дзяржаве. На тэрыторыі раёна ўжо праглядваецца ўстойлівая тэндэнцыя да змяншэння злачыннасці, што з'яўляецца заканамерным вынікам прафілактычнай работы. Але працаваць сапраўды ёсць над чым. І, у першую чаргу, немалаважнае значэнне мае прапаганда заканадаўства. Судом арганізоўваюцца семінары, круглыя сталы, сустрэчы ў калектывах, у тым ліку сярод вучнёўскай моладзі. Мы стараемся працаваць так, каб выхаваць павагу да Закона.

- Сяргей Сяргеевіч, у размове вы не адзін раз закранулі праблему ўзрастаючай нагрузкі на суддзяў. Што прадпрымаецца, каб зрабіць яе аптымальнай? Што ўяўляе сабою судзейскі корпус раёна?

- За апошні час судзейскі корпус раёна істотна амаладзіўся. Людміла Георгіеўна Шуцько, Мікалай  Мікалаевіч Новік - суддзі маладыя. Не так даўно прызначаны на пасаду суддзі Андрэй Валер'евіч Крываў. Усе яны граматныя падрыхтаваныя спецыялісты, таму, лічу, у суда раёна ёсць патэнцыял для таго, каб судовае разбіральніцтва ішло аператыўна і справядліва, а вынесеныя рашэнні былі зразумелыя не толькі юрыстам, але і ўсім  грамадзянам.

Што датычыць змяншэння нагрузкі на суддзяў і, адпаведна, павышэння эфектыўнасці правасуддзя, то варта згадаць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 366 "Аб некаторых пытаннях натарыяльнай дзейнасці", які ўступіў у законную сілу з 20 лістапада 2011 года. Указ накіраваны на ўдасканаленне парадку задавальнення бясспрэчных патрабаванняў грамадзян і юрыдычных асоб шляхам здзяйснення выканаўчых надпісаў натарыусамі з захаваннем парадку і ўмоў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Даным указам значна расшыраны пералік бясспрэчных патрабаванняў, вырашэнне якіх будзе здзяйсняцца ў пазасудовым парадку на аснове зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Напрыклад, аб спагнанні запазычанасцяў з грамадзян па аплаце камунальных паслуг, паслуг сувязі, страхавых узносаў па дагаворах абавязковага страхавання, налічанай, але не выплачанай работніку заработнай платы і т. п. Падставай для звароту ў суд з падобнымі патрабаваннямі ў парадку іскавой вытворчасці з'яўляецца адмова натарыуса ўчыніць выканаўчы надпіс пры наяўнасці спрэчкі аб праве.        

- Што б хацелі пажадаць сваім калегам у дзень прафесійнага свята?

- Работнікі суда ведаюць сваю справу і, як прадстаўнікі адной з галін улады, не стаяць убаку ад тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым раёне. Мае пажаданні ім - самыя цёплыя і неабходныя любому чалавеку: гэта здароўе, узаемаразуменне ў калектыве, дома сярод блізкіх, шчасце, радасць ад кожнага пражытага дня. Пры гэтым нам нельга забываць, што лацінскае слова "юрыс" азначае не толькі "права", але і "справядлівасць".

НА ЗДЫМКАХ: суддзі: Людміла Шуцько, Андрэй Крываў, Сяргей Бурак (старшыня суда) і Мікалай Новік; калектыў суда (злева направа): сакратар суда Наталля Паўловіч, судовы выканаўца Святлана Курнасенка, сакратары судовых пасяджэнняў Кацярына Курыла і Святлана Міронава, архіварыус Святлана Жылінская, судовы выканаўца Таццяна Раковіч, старшы судовы выканаўца Аляксандра Клімовіч, сакратар суда Марына Сухаверх у кабінеце загадчыка канцылярыі Тамары Змачынскай; кансультант суда Юлія Тугушава.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Таццяна ПЯТКЕВІЧ